175 гадоў з дня нараджэння Зоф’і Адамаўны Тшашчкоўскай, польскай і беларускай пісьменніцы. Даты і людзі Случчыны

0

Спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння Зоф’і Адамаўны Тшашчкоўскай (Манькоўскай), польскай і беларускай пісьменніцы, перакладчыцы.

У рубрыцы «Даты і людзі Случчыны» «Кур’ер» расказвае пра вядомых людзей — ураджэнцаў Слуцкага і бліжэйшых раёнаў, якія пакінулі след у яго гісторыі.

Зоф’я нарадзілася 26 лістапада 1847 года ў в. Дарагавіца Слуцкага павета ў сям’i дробнага шляхціча Адама Манькоўскага і яго жонкі Міхаліны Раецкай.

Реклама
Зоф’я Адамаўна Тшашчкоўская (Манькоўская)
Фота: wikipedia.org

Адукацыя

Зоф’я пакінула Дарагавіцу ў 1861 годзе, паступіўшы ў прыватны пансіён Францішкі Клячкоўскай у Вільні. На працягу пяці гадоў рэгулярна наведвалася да бацькоў.
Бывала і ў доме Уладзіслава Сыракомлі. У 1862 годзе паэт падарыў ёй аўтограф верша «Да панны Зоф’і Манькоўскай», чым благаславіў 15-гадовую паэтэсу «спяваць пасля яго на сiратлiвай Літве».

Замужам за афіцэрам

Неўзабаве пасля заканчэння пансіена была выдадзена замуж за афіцэра расійскай арміі Вацлава Тшашчкоўскага. Калі муж служыў у Разанскай губерні, жыла ў Зарайску. Падчас руска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў знаходзілася з мужам на Балканах. Каб не здагадваліся, хто такая, пераапранулася ў мужчынскае адзенне. Чым не Надзея Дурава?! Аднак калі пра Дураву даўно ведалі многія, то на Беларусі доўга і не здагадваліся, што ёсць такая пісьменніца.

Пасля вайны супругі вярнуліся ў Расію, жылі ў Ноўгарадзе, дзе яна пасябравала з сасланым удзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў і паплечнікам Кастуся Каліноўскага Феліксам Зянковічам, які значна паўплываў на паэтку. У выніку чаго у лісце Зянковічу былі змешчаны вядомыя беларускія вершы.

Друкавацца пачала ў 1887 годзе. У 1899-1906 гг. вершы i пераклады Тшашчкоўскай рэгулярна друкаваліся на старонках такіх польскіх перыядычных выданняў, як «Праўда», «Kurier Litewski» («Літоўскі Веснік»), «Tygodnik Ilustrowany» («Iлюстраваны штотыднёвік»).

Апошнія гады правяла ў роднай Дарагавіцы, дзе паглыбілася ў зразуменне беларускай народнай песні (цыкл «Дарагавіцкія песні»).

Памерла 7 лістапада 1911 года. Пахавана на могілках в. Бабоўня (цяпер Капыльскі раён).

Зоф’я Адамаўна Тшашчкоўская (Манькоўская)
Зоф’я Тшашчкоўская. Фота з сайта wordpress.com

Творчасць

Першыя літаратурныя спробы Тшашчкоўскай падтрымаў яе сваяк Уладзіслаў Сыракомля. Менавіта яго літаратурны ўплыў адчуваецца ў завастрэнні яе цікавасці да роднага краю і жыцця народа, у напісанні твораў, тэматычна і праблемна звязаных з Беларуссю і мясцовымі вуснапаэтычнымі традыцыямі, у напісанні паэтэсай арыгінальных беларускіх вершаў.

Свае публікацыі яна падпісвала крыптанімам Адам М-скі, ад скарочанага прозвішча бацькі.

Прызнавалася: «Сабою сярод людзей не хачу быць не з-за капрызу, але з увагі на маё сучаснае прозвішча і на магчымую будучыню. Не хачу нікога з сабою звязваць».
Роднай вёсцы прысвяціла цыкл вершаў на польскай мове «Дарагавіцкія песні».

Пад лесам шэрых хат шнурочак канапляны
Далёка цягнецца: саломай крыты стрэхі,
Вароты без замкоў, двор, ганачак цагляны,
Вакенцаў тройка свае сонцу шлюць усмехі.

Вяргіні, мальвы ў агародчыку старанна
Дачушак рукі пасадзілі дзеля ўцехі,
Сланечнік дзе-нідзе. Старое ўсё тут знана —
Стадола, свіран, хлеў — яшчэ з часіны Леха.

Тутэйшы люд аднак спрастачыўся нямала,
Рука, што некалі пяро і меч трымала,
Пры плугу загрубела, розум страціў годнасць.
Адно аблічча часам выдае пароду,
Красу і моц цяпер здрабнелага народу,
Культуру даўнюю і дум высакароднасць.
1902 г.

Пераклад з польскай мовы Ірыны Багдановіч

Беларускую мову называла «нянькай дзіцячых гадоў»

Уладзімір Казбярук адшукаў у яе лістах да Фелікса Зянковіча пераклады польскай песні Тэафіла Ленартовіча «Каліна», а таксама песні Станіслава Манюшкі «Казак». У гэтых жа лістах гучыць і любасць да беларускай мовы: «Аднойчы, у мінулым годзе, я пачала спяваць «Каліну» амаль міжвольна на нашай сялянскай беларускай мове і паўтарыла дзяўчатам-служанкам — гэта выклікала захапленне…»

Захаваліся таксама яе пераклады на беларускую мову паэтычных твораў Марыі Канапніцкай.

Ля аконца
Гляджу на рэчку. Там човен поўны.
З берагу хутка ссоўваюць чоўна,
А наша рэчка, а наша сіня:
“Плывіце, − кажа. − Ідзі, віціна!..”
Зацвіце явар, гавораць людзі,
Калі на свеце бяды не будзе,
Ні людской крыўды, калі нам з хаты
Не будуць браці хлопцаў ў салдаты.
Як кожан сядзе у сваёй хаце
І людзей будзе называць: “Браце!”
Няхай так кажа, калі прыспела.
Называй братам − мне што за дзела!
Толькі бы Янку даў Бог прыждаці,
Татка пазволіў мілым назваці.
Па мяжы татка ходзіць і ходзіць,
Пытае: ці нам жыта зародзіць?
Ой, голад страшны − скаранне з неба!
Дай жа нам, Божа, чорнага хлеба.
Божа, наш бацька, запалі сонца,
Няхай засвеціць у кожна аконца!

У 1890 годзе выйшла яе кніга паэзіі «Адзін з многіх». Па-польску ўзнаўляла і творы англійскіх, партугальскіх, французскіх, чэшскіх паэтаў. Аднак, пішучы ўласныя творы, не забывала і беларускую мову. Аб гэтым сведчыць верш «*** Божа, наш Бацька…», датаваны 1888 годам.

Божа, наш Бацька, мы Твае людзі,
А неба цёмна ад чорных хмар.
На свеце цяжка, аж баляць грудзі,
Дзе ні пачуеш — голад, пажар.

Гулялі вятры на нашым полі
І сапсавалі нам ураджай,
І няма шчасця, і няма долі.
Божа, наш Бацька, хлеба нам дай!

Дай нам здароўя, шчыру ахвоту,
Калі з сахою пойдзем араць.
Ты бачыш цяжку нашу работу,
Дай жа пажытку з яе прыждаць!

Пашлі нам сонца з цёплай расою,
Каб зашумела ніва, як гай.
Кажуць, Ты — Бацька, мы — пад Табою;
Хлеба і сонца, і шчасця нам дай!

Па тым, наколькі гэты верш па-мастацку дасканалы, хочацца верыць, што пісаліся і іншыя. Толькі дзесьці згубіліся. Магчыма, калі-небудзь таксама будуць адшуканы. А з яе творамі ў перакладзе Ірыны Багдановіч і Уладзіміра Мархеля можна пазнаёміцца, дзякуючы кнізе выбранага Зоф’і Тшашчкоўскай «Цяпер і назаўсёды», выдадзенай у 2004 годзе.