Восеньскія падарожжы па вёсках «Кур’ер» распачаў з Касынічаў Салігорскага раёна. Паселішча знаходзіцца за 26 км на паўднёвым усходзе ад Слуцка.

Двары раскінуліся паабапал стужкі новага асфальта вуліцы Цэнтральнай. Яе даўжыня — 2,38 км. Жыхары расказалі, што Касынічы атрымалі такую назву таму, што вуліца няроўная, касая.

Реклама

Анатоль Варашкевіч

Першы, хто сустрэўся, — Анатоль Іванавіч Варашкевіч.

«Удзельнічаў у запуску спутніка "Космас 16"». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Анатоль Варашкевіч. Фотаздымкі: Надзея Любая

Ён расказаў: «Я нарадзіўся ў гэтым доме 8 верасня 1941 года. Сёння мне 81 год.

«Удзельнічаў у запуску спутніка "Космас 16"». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Родная хата Анатоля Варашкевіча

Праходзіў тэрміновую службу на касмадроме «Байканур». Удзельнічаў у запуску спадарожніка «Космас 16». Служыў у той час, калі на «Байкануры» трагічна загінуў маршал Мітрафан Нядзелін. З 1963 года жыў у Салігорску. Працаваў на «Белкаліі». Удзельнічаў у запуску многіх праектаў. Зараз кірую зборам ураджаю бульбы на ўласным падворку. Дзеці і ўнукі працуюць, я кантралюю. Па магчымасці добраўпарадкоўваю свой двор.

Мая сям’я складаецца з жонкі, сына, дачкі і двух унукаў. Дачка 1974 года нараджэння. Яна скончыла педінстытут. Жыве ў Салігорску. Сын 1979 года. Ён нарадзіўся ў адзін дзень са мной. Сёння яму 43 гады. Прадзюсіруе культурныя праекты. Унуку 22 гады. Унучцы – 17.

Жонка 1949 года. Яна перамяшчаецца на вазку. Я да мая гэтага года сам кіраваў машынай. Перанёс інсульт. Таму дачка не дазваляе мне больш самастойна ездзіць.

У вёсцы мне падабаецца. Людзі ў нас спакойныя, з добрымі паводзінамі. Магазін ёсць. Кожны дзень бывае аўталаўка: два разы на тыдзень ездзіць дзяржаўная машына, у астатнія дні – прыватная. Дарога добрая. ФАП — у Крывічах. Калі трэба, то лекі прывозіць дачка. Зімой вяртаемся жыць у Салігорск».

Уладзімір Балвановіч

Наступным суразмоўцам стаў Уладзімір Мікалаевіч Балвановіч:

«Удзельнічаў у запуску спутніка "Космас 16"». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Уладзімір Балвановіч каля бацькоўскай хаты

«Мне 58 гадоў. Пастаянна жыву ў Салігорску. Працую ў ДБК слесарам-сантэхнікам. Бацькі памерлі 10 гадоў таму. Цяпер гаспадару ў хаце сам. Сёння касіў цяўнік, а заўтра буду разам з жонкай выбіраць бульбу.

Асфальт у нас у вёсцы добры. Аўтобус «Салігорск – Прусы» ходзіць некалькі разоў на тыдзень раніцай і вечарам.

Вось тут у нас зона адпачынку. Мы, суседзі, самі зрабілі.

«Удзельнічаў у запуску спутніка "Космас 16"». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Зона адпачынку, якую зрабілі Уладзімір Балвановіч з суседзямі

У гэтым двары 4 гады таму памерла старая жанчына. Маладыя купілі яе хату. Гараж пабудавалі.

«Удзельнічаў у запуску спутніка "Космас 16"». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Двор, які набылі маладыя. Гараж пабудавалі самі

У нас усе дамы скупленыя. Закінутых няма. Таму што наша вёска ўсім падабаецца.

Калі я быў маладым, адпрацую змену — і подбегам да каханай. Пешшу хадзіў сюды на спатканне з жонкай з Салігорска за 30 км».

Людміла Грэк і сям’я Ганчар

На дарозе сустрэлася Людміла Юр’еўна Грэк. Вось яе расказ:

«Удзельнічаў у запуску спутніка "Космас 16"». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Людміла Грэк

«Мне 71 год. Адпрацавала 45 гадоў у калгасе на ферме. Кароў даіла, быкоў і коней даглядала, буракі праполвала. Мой мужык з Шалевічаў. Вырасцілі разам траіх дзетак. Малодшы сын памёр у 28 гадоў. Ляжыць на нашых могілках. Старэйшы сын з 1977 года. Дачка 1978 года, жыве ў Баранавічах. Ёсць два ўнукі. Мне падабаецца жыць у вёсцы».

Наталля Віктараўна і Уладзімір Мікалаевіч Ганчар расказалі: «Нам жывецца добра. Агуркі засалілі, бульба вырасла добрая. Выручылі веснавыя дажджы. Усяго нарасло многа. Жыццё цудоўнае. Толькі б не было вайны».

«Удзельнічаў у запуску спадарожніка «Космас 16». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Наталля і Уладзімір Ганчары каля свайго двара

Магазіны

У Касынічах два магазіны. Знаходзяцца побач. Магазін Салігорскага райпо зачынены.

«Удзельнічаў у запуску спутніка "Космас 16"». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Магазін Салігорскага райпо

Працуе прыватны.

«Удзельнічаў у запуску спутніка "Космас 16"». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Прыватны магазін

Пазнаёміліся з прадаўцом Вольгай. «Жыву ў Салігорску, а тут у мяне праца. Мае продкі адсюль, з Касынічаў. Мне падабаюцца людзі вёскі, адкрытыя і добразычлівыя. Таму і пасада прадаўца ў задавальненне».

«Удзельнічаў у запуску спутніка "Космас 16"». Расказы жыхароў вёскі Касынічы, што ў 26 км ад Слуцка
Прадавец Вольга

Гістарычная даведка. Касынічы – вёска ў Краснадворскім сельсавеце Салігорскага раёна. Вядома з XVIII стагоддзя. У 1795 годзе вёска, дзе налічвалася 60 сялянскіх душ (30 мужчын, 30 жанчын), належала князю Радзівілу. Уваходзіла ў Слуцкі павет Мінскай губерні. Пры ўездзе ў вёску стаяла карчма.

Паводле інвентару 1844 года Касынічы належалі князю Вітгенштэйну. Арандаваліся памешчыкам Акалавым. У 1870 годзе Касынічы — засценак, 70 душ мужчынскага полу. Побач размяшчаецца маёнтак памешчыка Булгака. У 1899 годзе маёнтак набыў памешчык Рэгель. 4 мая таго ж года сяляне (100 чалавек) аказалі супраціў паліцыі, выкліканай новым гаспадаром, каб выселіць з маёнтка сялянскія сем’і.

У 1909 годзе ў Касынічах налічвалася 47 двароў, 600 жыхароў. У 1917 годзе — 98 двароў, 493 жыхары. З 1918 па 1920 год вёска была акупавана германскімі, потым польскімі войскамі. З 1 студзеня 1919 года знаходзілася ў складзе БССР. З 1924 года ўваходзіла ў склад Слуцкай, Бабруйскай акруг. З 1938 года — у Мінскай вобласці.

У 1926 годзе ў Касынічах было 115 двароў, 514 жыхароў. У пачатку 1941 года — 90 двароў, 340 жыхароў. З канца чэрвеня 1941 года да канца чэрвеня 1944 года была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. З 20 верасня 1944 года ўваходзіла ў склад Бабруйскай вобласці. З 1954 года — Мінскай вобласці. З 1962 года — у Любанскім раёне, з 1965 года — у Салігорскім. У 2004 годзе ў вёсцы было 63 гаспадаркі, 97 жыхароў. З 2010 года Касынічы лічацца ў Краснадворскім сельсавеце.