Слуцкая дзіцячая мастацкая школа: 45 гадоў творчасці і натхнення. Расказваем гісторыю ўстановы

0
Слуцкая ДМШ: 45 гадоў творчасці і натхнення, Слуцк
За 45 гадоў дзіцячая мастацкая школа выхавала і дала пуцёўку ў жыццё сотням таленавітых случчан-мастакоў.  Фота: Кацярына Міхайлава

Заснаванню дзіцячай мастацкай школы ў Слуцку папярэднічалі падзеі, у якіх шчасліва супалі заканамернасць і выпадак. А ў імкненні тых, хто браў на сябе адказнасць за новую справу, можна заўважыць авантурную самаўпэўненасць і самаахвярную працу на неўзаранай яшчэ ніве.

У сярэдзіне 1970-х гадоў у горадзе з’явіўся мастак Аляксандр Адонін, у якога паўстала пытанне працаўладка­вання. Падчас пошуку працы ён пазнаёміўся з калегамі-мастакамі, у тым ліку з брыгадзі­рам мастацкай майстэрні Георгіем Маскальковым, у якога на той час таксама з’явілася праблема пошуку новага месца працы. Адонін меў вопыт работы ў Наварасійскай дзіцячай мастацкай школе. Маскалькоў жа па адукацыі быў педагогам — скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. У абодвух з’явілася ідэя паспрабаваць арганізаваць і ў Слуцку мастацкую школу. З гэтай ідэяй прыйшлі ў гарадскі аддзел культуры, кіраўнік якога Юрый Алюшын успрыняў яе станоўча і з прапановай звярнуўся ў вышэйшыя інстанцыі.

Реклама

На той час у Беларусі былі студыі і кружкі выяўленчага мастацтва, а дзіцячая мастацкая школа мелася толькі ў Мінску. У Мінкультуры якраз тады разглядалася пытанне і распрацоў­ваўся план арганізацыі сеткі дзіцячых мастацкіх школ. Таму прыйшоўшую са Слуцка прапанову падтрымалі.

Справа кранулася з месца, і яе вырашэнне перайшло ў плоскасць практычную. Трэба было зацвердзіць педа­гагічны калектыў, знайсці месца размя­шчэння і неабходнае абсталяванне, арганізаваць набор вучняў. Часова школа размясцілася ў дапаможным памяшканні гарадской бібліятэкі. Напрыканцы лета быў праведзены набор вучняў, і з 1 верасня 1977 года заняткі ў дзіцячай мастацкай школе пачаліся.

Школа

Падсобка ў цокальным паверсе бібліятэкі памерам 16 квадратных метраў, дзе разам размясціліся вучэбны клас, настаўніцкая, кабінет дырэктара і кладоўка, стала месцам нараджэння мастацкай школы. Бібліятэка аказалася сапраўдным апекуном школы: па магчымасці дзялілася мэбляй, перадавала літаратуру па мастацтве, часам цярпела нязручнасці ад суседства з творчымі пастаяльцамі. А самае галоўнае — патроху прадастаўляла новыя памяшканні: для настаўніцкай
і класа малюнка.

Пазней з’явіліся два класныя пакоі на другім паверсе. Але недахоп памяш­канняў з кожным годам адчуваўся больш востра. Часам некаторыя заняткі праводзіліся ў бібліятэчнай зале, у падсобных памяш­каннях гарадскога ДК і кінатэатра «Цэнтраль­ны», у СШ №3.
Нарэшце ў 1991 годзе для ДМШ перадалі будынак па вуліцы Віленскай, які перад тым займаў Дом піянераў.

Выкладчыкі

Спачатку калектыў педагогаў склаўся з трох чалавек. Да Георгія Маскалькова, які меў вышэйшую адукацыю і быў назначаны дырэктарам, і Аляксандра Адоніна далучыўся Уладзімір Наруцкі, які перад тым працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў школе. У 1978 годзе выкладчыкам ДМШ стаў выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута Ігар Ціткоўскі. Пазней, у розныя гады, у школе выкладалі былыя яе выхаванцы, якія атрымалі мастацкія спецыяльнасці: Людмі­ла Буракова, Жанна Веракса, Алена Власік, Вера Шут, Ігар Клімаў, Жанна Раманоўская, працавалі таксама Генадзій Траццякоў, Наталля Кропатава, Сяргей Саламацін.

Калі першыя выкладчыкі па розных абставінах звальняліся, на іх месца прыходзілі новыя: Гунефа Мацюшэнкава, Уладзімір Кожух, Таццяна Лешчанка. Пазней з’явіліся Аляксей Драбеня і Алена Мяцельская. Педагогі задачу дзейнасці ўстановы бачылі не толькі ў арганізацыі заняткаў, але і ў стварэнні творчай атмасферы. Не раз выкладчыкі прымалі ўдзел у гарадскіх і рэспубліканскіх мастацкіх выставах, адзначаліся на аблас­ным і рэспубліканскім узроўнях за ўдзелы ў аглядах-конкурсах творчай і метадычнай дзейнасці.

Адным з тых, хто даў моцны штуршок да нестандартных адносін да працы яшчэ на пачатку, быў Аляксандр Адонін. Ён рабіў цікавыя метадычныя распрацоўкі, у той час, можна не сумнявацца, ці не самыя арыгіналь­ныя ў рэспубліцы. Пасля таго, як пакінуў педагагічную працу, рэалізаваў сябе як неардынарны мастак. Цяпер ён адметная постаць у мастацкім жыцці Іерусаліма, мае персанальныя выставы ў шэрагу краін свету.

У ліку неардынарных выкладчыкаў і Гунефа Мацюшэнкава, чыя дзейнасць на педагагічнай ніве адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а ў 2006 годзе яна стала дыпламантам спецыяльнай прэміі года Мінскага аблвыканкама ў намінацыі «Выхаванне творчай моладзі».

Навучэнцы

Штогод у дзіцячай мастацкай школе займаюцца каля 120 навучэнцаў. Заняткі праводзяцца ў 1-4 класах, а таксама ў падрыхтоўчай групе і дадатковым пятым класе. Вывучаюцца жывапіс, малюнак, скульптура, кампазіцыя і гісторыя мастацтва.

Акрамя засваення вучэбнай праграмы, вучні прымаюць удзелы ў шматлікіх выставах і конкурсах, у тым ліку і за мяжой краіны. Аб перамогах юных слуцкіх мастакоў сведчаць сотні дыпломаў.

Стыпендыятамі Фонда Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі ў розныя гады станавіліся Алена Леановіч, Ілля Падалка, Аксана Мяцельская, Міхаіл Барысавец, Дзяніс Гудкоўскі, Анастасія Чаўр, Зухра Міхайленка, Іна Заяц, Аляксандр Есіповіч, Наталля Лебедзь, Вольга Парахневіч, Вольга Станілевіч, Алена Цімошына, Вікторыя Сняжко і іншыя.