«У Слуцк прыеду, больш аднаго дня не вытрымоўваю там»… Што здарылася з маёй роднай вёскай і ці засталіся там гаспадары

0
Вёскі чакаюць гаспадароў, Слуцк
Міхаіл і Валянціна Паўленка, калі выйшлі на пенсію, купілі стары дом у вёсцы. За 9 гадоў яны ператварылі закінутую сядзібу ў прывабны і ўтульны вугалок, які не хочацца пакідаць.  Фота: Уладзімір Амяльчэня

Прагулка па вуліцы роднай вёскі Лескі што ў Старадарожскім раёне пакідала сумныя пачуцці. Дзікія зараснікі, разбураныя хаты… Успамінаю, як ад раніцы і да цямна працаваў вясковы люд, спадзяючыся на лепшае жыццё. Але лёс сялянскай будучыні быў вырашаны яшчэ тады. Бацькі ў адзін голас казалі сваім дзецям: «Толькі не ў калгас».

І вось вынікі таго сялянскага жыцця: сядзібы ў запусценні, вёскі выміраюць.

Прайшоўшы па вуліцы з канца ў канец, адзначыў тры хаты, якія выглядалі дагледжанымі. Тут жывуць гаспадары.

Реклама

Зайшоў у двор па вуліцы Лугавая, 33. На брамцы сядзеў ахоўнік падвор’я — дагледжаны, сыценькі коцік. Мы паглядзелі ў вочы адзін другому, і ён мяне прапусціў.

Вёскі чакаюць гаспадароў, Слуцк
Фота: Уладзімір Амяльчэня

З-за вугла хаты выйшаў гаспадар, пацёр рука аб руку, павіншаваліся. «Якраз дровы прывёз колатыя, складаю. Чым магу быць карысным?» — у голасе чулася прыветлівасць, жаданне дапамагчы. Пазнаёміліся, я раска­заў, што нарадзіўся тут. Гаспадар запрасіў ад дажджу схавацца ў альтанцы. Гукнуў у бок расчыненых дзвярэй у хату: «Для госця гарбаты і бутэрброд». Праз некалькі хвілін з’явілася гаспадыня.

Вёскі чакаюць гаспадароў, Слуцк
Фота: Уладзімір Амяльчэня

Гаспадары падвор’я

Гаспадар расказаў пра сябе: «Я ваенны пенсіянер. Мы з жонкай родам з Гомельшчыны. Завуць мяне Міхаіл Кузьміч Паўленка, а маю даражэнькую — Валянціна Уладзіміраўна.

Першую армейскую службу нёс у Чэхасла­вакіі з 1973 па 1975 год. У 1976 годзе па рэкамендацыі дзядзькі-ваеннага зноў пайшоў у армію. Усяго праслужыў 20 каляндарных гадоў. Служыў у Польшчы, у Афганістане — радыстам на верталёце амаль два гады, суправаджалі калоны савецкіх аўто. Цяпер разумею, што мы былі непатрэбнымі ні ў Польшчы, ні ў Афганістане. Шкада, што загінула столькі нашых салдат. Але мы выконвалі загад. Службу скончыў у Слуцку ў 1995 годзе.

Цяпер на маёй пасадзе ў Слуцку служыць сын. Пасля службы працаваў у горадзе на розных прадпрыемствах.

У гэтай хаце жывём з 2013 года. Кватэру ў Слуцку перадалі дачцэ, пераехалі сюды. Сядзіба ў той час была заросшая лесам. Карчавалі бульдозерам, аралі трактарам. Часам сумняваўся, ці хопіць сілы ўсё давесці да жылога выгляду. Мая Валянціна Уладзіміраўна ў цяжкія хвіліны падбадзёрвала. І нешта атрымалася людскае. Цяпер зразумеў, што жыць у вёсцы значна лепей, хоць і трэба працаваць штодзень. Праца не толькі стамляе, але і падбадзёрвае, душэўна лечыць.

Мы па-вясковаму рана ўстаём. Кветкі ў расе, птушкі шчабечуць — дзе лепшы санаторый знойдзеш? У поўдзень адпачнём, а вечарам зноў на агарод. Там і свежае паветра, і вясковая фізкультура. У Слуцк прыеду, больш аднаго дня не вытрымоўваю там».

Вёскі чакаюць гаспадароў, Слуцк
Фота: Уладзімір Амяльчэня

Падсела гаспадыня, падтрымала мужа: «Я вельмі люблю працу на зямлі: кветкі, градкі на агародзе. Як купілі хату тут, часам сумнявалася, ці зробім свой двор прыгожым і ўтульным. Зараз адчуваю сябе задаволенай, атрымалася някепска».