Велавандроўкі даюць магчамасць паглядзець запаветныя аддаленыя вёскі. Даўно марыла паехаць у Кулікі Першамайскага сельсавета. Нават у бінокль вёску разглядала.

З дапамогай «Яндэкс мапы» выбрала аптымальны маршрут і паехала палявымі дарогамі. З асфальтаванай шашы Н-4977 павярнула на Гарохаўку. Потым уздоўж кукурузных палеткаў, меліяратыўных каналаў выехала на грунтовую дарогу Н-9528. Паварочваю на вёску, кручу педалі крыху больш за 200 м і, нарэшце, ўязджаю на вуліцу Цэнтральную ў Куліках.

Реклама
Два жыхары, а астатнія - дачнікі. Велавандроўка ў вёску Кулікі Слуцкага раёна
Крыж на ўездзе ў Кулікі. Фотаздымкі: Надзея Любая

Зразумела, што вёска вельмі старая. Вуліца вузкая, грунтовая і пыльная. Жыццё чуваць адразу. Зграйка дзяцей гойсаюць на роварах. Там-сям гучаць галасы з двароў. Людзі занятыя закруткамі, праполкамі, добраўпарадкаваннем дзялянак. Таму размаўляць з турысткай ім няма калі.

Два жыхары, а астатнія - дачнікі. Велавандроўка ў вёску Кулікі Слуцкага раёна
На вуліцы Цэнтральнай
Два жыхары, а астатнія - дачнікі. Велавандроўка ў вёску Кулікі Слуцкага раёна
Двор з аўтэнтычным плотам
Два жыхары, а астатнія - дачнікі. Велавандроўка ў вёску Кулікі Слуцкага раёна
Сучасная дзіцячая пляцоўка ў адным з двароў

Заязджаю на вуліцу Астравок. Яна выглядае яшчэ больш старажытнай, чым астатняя вёска. Вузенькая, хаты стаяць блізка каля дарогі. Сустракаю жанчыну сур’ёзнага ўзросту. Галіна Паўлаўна Карлава расказала пра сябе і пра вёску.

«Я случчанка. Нарадзілася ў горадзе. А вось замуж выйшла за хлопца з Далёкага Усходу. Таму прозвішча ў мяне рускае. Працавала ў школе №4 Слуцка настаўніцай працы. Зараз мне 83 гады. На заслужаным адпачынку. Зімой бываю ў горадзе. Жыву на вуліцы Гагарына. З пачатку мая і да верасня — тут, на дачы. Выкапаю бульбу і вяртаюся ў кватэру. Калі муж быў жывы, заставаліся тут надоўга. Але зараз яго няма, і я не зімую тут.

Два жыхары, а астатнія - дачнікі. Велавандроўка ў вёску Кулікі Слуцкага раёна
Галіна Паўлаўна Карлава

У мяне адзін сын. Ён летам у Кальчыцах на дачы. Жыве ў Мінску. Унукі мае таксама мінчане. Малодшы сын памёр. Мне ўсе мае родныя дапамагаюць з работай на дачы. Увечары люблю вязаць».

Галіна Паўлаўна паказала на мабільным тэлефоне фатаграфію сурвэткі, якую яна зрабіла кручком у тэхніцы філейнага вязання. А яшчэ майстрыха прапанавала сваю вязальную машынку. Сказала, што падорыць жадаючым. Калі вам патрэбна, звяртайцеся ў рэдакцыю.

«У вёсцы ў нас спакойна, — працягвае аповед жанчына. — Злодзеяў няма. У мяне ўсё захоўваецца некранутае. На Цэнтральнай вуліцы жыве чалавек 10 дачнікаў. На нашым Астраўку — 6 чалавек. Прыязджае два разы на тыдзень аўталаўка. Набор прадуктаў небагаты. Але я не скарджуся. Можна купіць, чым падсілкавацца. Штодзень бывае паштовы аўтамабіль. Я выпісваю «Савецкую Беларусь». Ёсць у мяне тэлевізар, радыё».

Два жыхары, а астатнія - дачнікі. Велавандроўка ў вёску Кулікі Слуцкага раёна
«Сланечнікавы» двор

Насупраць двара Галіны Паўлаўны стаіць пасека. Пчолы вельмі актыўныя. Гудуць і лётаюць перад вачыма. Мая суразмоўца сказала, што не баіцца пчол. «Трэба не махаць рукамі і не шумець», — дае яна парады, як пазбегнуць укусаў. Спадзяюся, што такую добрую суседку пасечнікі абавязкова пачастуюць за цярпенне мядком.

Хаты на Астраўку больш сціплыя, чым на Цэнтральнай. Ёсць нежылыя. У пачатку вуліцы ў хмызняку віднеецца каменны дом без вокнаў і дзвярэй. Гэта былы магазін.

Два жыхары, а астатнія - дачнікі. Велавандроўка ў вёску Кулікі Слуцкага раёна
Былы магазін

Даведка

Агульная даўжыня дзвюх вуліц вёскі складае 1,3 км. Мясцовая краязнаўца Валянціна Крот сказала, што ў вёсцы два пастаянныя жыхары.

Калісьці вёска была шматлюднай. На мапе 1864 года ў Куліках пазначана царква. У пачатку XX ст. было 2 фальваркі: Кулікі I і Кулікі II. У 62 дварах жыло 85 жыхароў. Напачатку 1998 года было 26 двароў і 41 жыхар. Кулікі — гэта радзіма вучонага–геабатаніка Паўла Пятроўскага. Нарадзіўся Павел Якаўлевіч у 1924 годзе. Ён атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР, працаваў вучоным сакратаром Цэнтральнага батанічнага сада.