Валянціна Шкудун, педагог Гольчыцкай школы, 1 верасня пачынае свой 33-ці навучальный год. Яна прайшла доўгі шлях, поўны розных выпрабаванняў. На мой погляд, Валянціна Сцяпанаўна — сапраўды народны настаўнік, які годна выконвае місію педагога.

«Жанчыне складана выкладаць гісторыю. А калі ж сям’ёй займацца?»

Дзяўчынка Валя Крот з вясковай сям’і расла ў беларускамоўным асяроддзі. Дома і ў школе размаўлялі на роднай мове. Бацька шмат расказваў пра мінулае.

Реклама

Валі падабалася гістарычная навука. Але класны кіраўнік і настаўнік гісторыі Павел Іванавіч Рыжкоўскі параіў паступаць на філалагічны. Ён сказаў: «Жанчыне складана выкладаць гісторыю. Трэба сачыць за навінамі. Шмат чытаць. А калі ж сям’ёй займацца?» Перад Валянцінай паўстаў выбар. Старанная вучаніца паслухала свайго настаўніка.

Пасля паспяховага заканчэння Кальчыцкай сярэдняй школы ў 1985 годзе яна паступіла на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя Горкага.

«Старт у педагогіку атрымаўся паспяховым»

Навучанне ў ВНУ было захапляльным. Валянціна атрымала дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў 1990 годзе. Малады спецыяліст па размеркаванні пачала працаваць ў Ленінскай школе Слуцкага раёна.

Жанчына ўспамінае: «Людзі сустрэлі добра. Усяму навучылі. Завуч Галіна Іванаўна Семяновіч пасадзіла мяне і паказала, як працаваць з дакументамі. Дырэктар Ірына Аляксандраўна Бобік дапамагла інтэгравацца ў калектыў. Старт ў педагогіку атрымаўся паспяховым. Жыла на кватэры. Там жа ажаніліся з Васілём. Ён культработнік, родам з Палесся. У Леніна нарадзілася дачка Анастасія».

«Зімой 9 км у школу крочыла пешшу»

«Захварэла мая маці, — працягвае аповед настаўніца. — І я пераехала з сям’ёй у Гольчычы. Знайшлося працоўнае месца ў вёсцы Строхава за 9 км ад дома. Раніцай ехала першым рэйсам у 7 гадзін. Назад вярталася на папутнай або ішла пешшу разам з калегай Андрэем Барташэвічам. Бывала, што пад’язджалі з дрывасекамі. Зімой здаралася так, што калі ішлі, то ніводная машына нас не абганяла.

Давала натхненне тое, што калектыў быў вельмі згуртаваны. У Строхаўскай базавай школе я 3 гады выкладала беларускую мову і літаратуру, была класным кіраўніком.

«Прачынаюся а палове шостай». Шлях простай вясковай настаўніцы са Слуцкага раёна Валянціны Шкудун
Валянціна Шкудун для праекта «Слуцкая хустка». Фота: Наталля Бартошык

Калі гэту навучальную ўстанову ліквідавалі, перайшла ў Ленькі. Кіраваў школай Іван Гарбацэвіч. Потым дырэктарам была Валянціна Дзяшчэня. Я працавала і там па спецыяльнасці. Вучыла дзяцей беларускай і рускай мовам. Калектыў добры быў. Любілі працаваць у суботу. Склалася такая душэўная і цёплая атмасфера! Дапамагалі адзін аднаму як маглі».

Калегі і навучэнцы Ленькаўскай базавай школы ўспамінаюць Валянціну Шкудун як глыбокага, удумлівага педагога. «Спакойная, вытрыманая, сціплая, безадмоўная»,- такой памятае Валянціну Сцяпанаўну былы дырэктар школы Валянціна Дзяшчэня.

«Кацілася па коле: дарога – школа — дом»

На жаль, Ленькаўскую базавую школу ўлады таксама ліквідавалі. Валянціну Шкудун перавялі ў Бокшыцы. Яна займала пасаду педагога–арганізатара, выкладала на факультатыўных занятках. Як заўсёды, да абавязкаў падыходзіла творча. Праводзіла святы, каардынавала дзейнасць піянераў і школьнай арганізацыі БРСМ.

Вучні, з якімі займалася Валянціна Сцяпанаўна, станавіліся не раз пераможцамі розных конкурсаў. Педагог уласным прыкладам заахвочвала моладзь да развіцця. Яна стала пераможцай раённага конкурсу «Старонкі Міншчыны: славутыя імёны Случчыны».

Але за знешнім поспехам хавалася нярадасная карціна. Сама настаўніца ўспамінае: «Гэта быў складаны час. Даглядала састарэлага бацьку. Кацілася па коле: дарога – школа — дом. Бацька, як і маці, памёр на маіх руках. У калектыве паразумення не адчувала».

«Выконваю тыя абавязкі, якія даручаюць»

Нарэшце, дасведчанаму педагогу знайшлася праца па месцы жыхарства ў Гольчычах.

Валянціна расказвае: «Выконваю тыя абавязкі, якія даручаюць. Вучыла дзетак–пачаткоўцаў. Зараз працую педагогам–арганізатарам і выкладаю рускую мову.

Адказваю за чысціню і парадак на 28 помніках воінам і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Першамайскага сельсавета. Разам з навучэнцамі вясной і ўвосень прыбіраем. Летам з калегамі даглядаем гэтыя мемарыялы. Ездзім у час свайго адпачынку прыбіраць.

Яшчэ займаюся падвозам дзяцей. Два гады запар раз на тыдзень прачынаюся а палове шостай раніцы. Еду на школьным аўтобусе збіраць школьнікаў на заняткі з навакольных вёсак. Маршрут каля 40 км. Потым працую ў звычайным рэжыме. Пасля заняткаў развозім дзяцей па вёсках. Дадому вяртаюся а пачатку шостай вечара. Назаўтра без усялякіх патуранняў іду на працу, падрыхтаваная цалкам да заняткаў. Вядома, мне нялёгка гэта рабіць ва ўзросце, які раней лічыўся перадпенсійным».

«Люблю займацца краязнаўствам»

«Прачынаюся а палове шостай». Шлях простай вясковай настаўніцы са Слуцкага раёна Валянціны Шкудун

Жанчына падзялілася захапленнямі: «Люблю займацца краязнаўствам. Бацька мне шмат расказваў пра мінулыя часы. Такога не пішуць у кнігах. Люблю вывучаць народныя абрады, звычаі.

Я ведаю ўсе мясціны Першамайскага сельсавета. Мне цікавыя людзі і іх лёсы. Вывучаю мясцовую тапаніміку. Напрыклад, вёску Ніва (націск на літару «і») называлі Блюхераўкай, таму што там быў калгас імя Блюхера. Ведаю, што ў іншую вёску Ніва (націск на літару «а») першапачаткова засяляліся бедныя ўдовы. На вуліцы Леніна ў Гольчычах жылі яўрэі–рамеснікі. Яны былі добрымі людзьмі і майстрамі. У час Халакосту мае землякі ратавалі іх як маглі».

Валянціна Шкудун – актыўная ўдзельніца клуба творчых жанчын сяла, якім кіруе аўтар гэтага тэксту. Валянціна Сцяпанаўна брала ўдзел у праектах «Слуцкая хустка», «Фарбуем велікодныя яйкі».

Ад шчырага сэрца хочацца пажадаць Валянціне Сцяпанаўне Шкудун добрага здароўя ў новым навучальным годзе.