Калі бацькі ваююць, дзеці не могуць быць шчаслівымі… Якой я памятаю вайну, сябе і родных

0
Калі бацькі ваююць, дзеці не могуць быць шчаслівымі, Слуцк
Родная сядзіба ўжо зарасла лесам. Аб месцы, дзе калісьці прайшло маё дзяцінства, нагадвае вялікі стары вяз, пад якім раней, як і цяпер, была лавачка пры вуліцы. Фота: Уладзімір Амяльчэня

Нічога так не ўспамінаецца ў сталыя гады, як дзяцінства. Толькі абдумаўшы некаторыя падзеі свайго жыцця, робіш высновы, што яны былі ад гора, у якім жыла сям’я. А гора тое ішло ад вайны, на якой быў бацька. З фінскай ён пайшоў ваяваць на другую вайну — з Германіяй.

Магчыма, не трэба было выносіць свае ўспаміны на людскі суд, але баявыя дзеянні ва Украіне прымусілі мяне да гэтага. Ведаю, калі бацькі ваююць, дзеці не могуць быць шчаслівымі.

Реклама

Самыя раннія ўспаміны

Сям’я вялікая: шасцёра дзяцей, стары дзед, маці. На печы ўсім цесна. А злезеш на дол — вельмі холадна.

Скончыліся дровы, печ астыла. Мяне і дзеда збіраюць у лес: на ногі круцяць анучы, абуваюць у лапці. На двары дзівосы: снегу нараўне з дахам, па вуліцы ні сцежкі, ні следу. Дзед цягне санкі, я крочу за ім, баюся праваліцца і адстаць. У лесе снегу яшчэ больш.

Неяк ранкам мяне разбудзілі і сказалі: «Бацька прыйшоў». У хаце ўсе бадзёрыя. Я прафукаў у змёрзлым акне дзірачку і ўбачыў бацьку. Ён хадзіў па агародзе, аглядаў сад. Пасля гэтага ў памяці яркіх успамінаў не засталося, жыццё наладзілася, бо з намі быў бацька.

Як пачалася вайна

Мяне памылі, прыча­салі, апранулі ў святоч­ныя штанікі — бацькі бралі мяне з сабой у госці да радні ў вёску Рабак. Але нешта не зладзілася, мяне пераапранулі ў штодзённае, і я шчас­лівы пабег у лес. Там заўсёды збіраліся хлап­чукі і гулялі ў вайну. У той дзень наша ўвага засяродзілася на незнаёмым самалёце, які рабіў у паветры круг над Урэччам. Раздаўся выбух — над лесам падняўся слуп чорнага дыму з нафтабазы, другі выбух — на тэрыторыі ваеннага гарадка.

Нечакана з лесу выбег салдат з вінтоў­кай за плячыма. Прыпыніўся каля нас, падняў на рукі самага меньшага хлапчука, прыціснуў да сябе. «Сынок, вайна», — сказаў ён. Паставіўшы хлапчука на зямлю, салдат пабег у вёску. Панурымі вярталіся мы з лесу. На вуліцы каля брамак кожнага з нас чакала маці, каб хуценька забраць свайго сына дамоў.

Першая сустрэча з немцамі

Недзе ішла вайна, а ў нашай вёсцы было ціха. Бацька вырашыў закапаць у садзе цёплае адзенне. Сталі капаць яму, як з лесу раздаўся незнаёмы гул, які нарастаў. Раптам перад хатай прыпыніўся танк. З яго вылез салдат у незнаёмым адзенні. «Гэта немцы», — сказаў бацька.

Калі мы падышлі, немец на зразумелай мне мове спытаў, як называецца вёска. «Ляскі», — адказаў бацька. «Чаму пазначана Барок?» — перапытаў немец і паказаў на мапу, якую трымаў у руках. «Раней называлі Барок, але перайначылі ў Ляскі», — адказаў бацька. «Сядай на танк, пакажаш самую кароткую дарогу на Вярхуціна», — загадаў немец.

Мы хваляваліся. Калі сцямнела, дамоў прыбег бацька. «Уцякаем з хаты», — загадаў ён. Тую ноч мы ўсе начавалі ў полі, прама ў жыце.

Першыя партызаны

Бацька аб’явіў навіну: малодшы брат Алёксік з сям’ёй пайшоў у партызаны.

Аднойчы ноччу, у пачатку зімы, пачуўся стук у шыбу акна. Паднялася маці, выйшла ў сенцы, вярнулася і кажа бацьку: «Прыйшоў Алёксік». Бацька падняўся, упусціў у хату госця. Сядзелі, нешта шапталіся. Я ўглядаўся з печы, хацелася паглядзець на партызана. Раптам да печы падышоў бацька, сказаў падняцца. Ён забраў з-пад нас кажух, на якім спалі з малодшым братам. Дзядзька пайшоў з хаты з кажухом.

Першыя паліцаі

Было лета, я абціраўся на агародзе каля маці. Раптам па вуліцы праехалі на роверах з вінтоўкамі за плячыма тры аднавяскоўцы: Клімок, Юрка Ботала і Віктарка. «Во, паліцаі», — сказала маці. Што азначае «паліцаі», я не разумеў, але роверы зацікавілі. Яшчэ большая цікаў­насць праявілася, калі ўбачыў, што на гэтых роверах яны возяць сваіх сынкоў, з якімі не раз на ўскрайку леса гулялі ў вайну.

Аднойчы бавіўся ў калгасным амбары, дзе бацька з савецкага часу працаваў кладаўшчыком. У вазку пад’ехаў старшыня калгаса Каштальян і кажа бацьку: «Прыедуць гэтыя трое, дасі па мяшку пшаніцы». — «Спісваць па якой ведамасці?» — спытаўся бацька. «Па якой даеш камісарам», — адказаў Каштальян, цокнуў на каня і паехаў.

Неўзабаве прыехалі гэтыя трое на роверах, з вінтоўкамі, насыпалі па мяшку і павезлі. Вось тут я і выказаў бацьку сваю запаветную думку: «Ідзі ў паліцыю, будзеш нас вазіць на роверы». Раптам маё задняе мяккае месца агрэў рэмень, які дагэтуль вісеў на сцяне амбара.
Вечарам бацька шаптаўся з маці: «Даваў пшаніцу таемна, а старшыня ведае».

Пра адукацыю

У першы клас пайшоў разам з малодшым братам 1 верасня 1944 года. Перад школай маці завярнула камяк масла ў капусны ліст і пайшла да настаўніцы прасіць буквар. Вярнулася з букваром.

Зіма. Бацька зноў на вайне. У хаце ўсе спяць, а маці на печы падшывае мне цыраткай валёначак. «Дзе наш татка, даўно ніякай вестачкі. Нам ніяк нельга без таткі», — скрозь слёзы кажа яна. Па хаце бегаюць цені ад таго, што гойдаецца язычок агню ў газоўцы.

Пасля напісанага

У 1948 годзе я скончыў пачатковую школу. У 1952-м – сямігодку і пайшоў у людзі. У гэтым жа годзе бацька высек свой сад ад непасільных падаткаў і перавёз хату ў мястэчка Урэчча.
На пастаяннае жыхарства я вярнуўся ў Беларусь у 1967 годзе і стаў працаваць галоўным інжынерам на прадпрыемстве.

Вёска мая вярнула сваю ранейшую назву Барок, а родная вуліца стала звацца Лугавая. Зараз у вёсцы 6 пастаянных жыхароў. Маіх равеснікаў, з кім гулялі ў вайну, няма ў жывых.

Родная сядзіба зарасла лесам. Аб месцы нагадвае стары вяз, пад якім раней, як і цяпер, была лавачка пры вуліцы.