Пайшла з жыцця Марыя Фёдараўна Бурак, якая апошнія 9 гадоў жыла ў вёсцы Набушава Слуцкага раёна. У жніўні ёй споўнілася б 105 гадоў.

Марыя Фёдараўна нарадзілася 18 жніўня 1917 года ў вёсцы Заельня Клецкага раёна. І жыла там жа да старасці.

Реклама

Усяго ў бацькоў Марыі было 6 дзяцей, з якіх выжылі трое. У школе дзяўчынка не вучылася, яна з маленства пайшла працаваць. Так і не навучылася ні чытаць, ні пісаць.

Калі Марыі споўнілася 20 год, яна насуперак волі бацькоў выйшла замуж за беднага сірату Пятра, якога пакахала. Муж быў добры, за ўсё жыццё жонцы слова дрэннага не сказаў. Яны пабудавалі дом, займелі гаспадарку. Пётр працаваў кавалём у калгасе, а Марыя у тым жа калгасе — на полі. Тады на палях было шмат ручной працы. Дзяўчына рвала лён, вязала снапы, жала рукамі і гэтак далей.

Нарадзіліся трое дзяцей. Марыя пайшла з калгаса, каб працаваць на хатняй гаспадарцы. Даглядала карову, свіней, курэй, агарод. У Буракоў быў участак з зернавымі і ільном. Калі прадавалі жыта — куплялі што-небудзь з рэчаў у хату.

Марыя не толькі абслугоўвала дом — мыла, прыбірала, гатавала ежу, — але і прала лён, сама ткала на кроснах і шыла адзенне для сям’і. Яны з мужам самі каталі валенкі. Елі тое, што вырасцілі. Марыя Фёдараўна сама пякла хлеб. У сям’і панаваў лад.

Прыходзілася і цяжка. Асабліва ў час акупацыі. Але ўся сям’я засталася ў жывых, і Марыя Фёдараўна была гэтаму рада. 

Таксама жанчына ніколі не скардзілася на здароўе і не хадзіла да лекараў.

«Яна была вельмі працавітая, — успамінае пра маці дачка Галіна Пятроўна. — Увесь час нешта шыла, падшывала, пакуль дазваляў зрок. Была вельмі добрая. Ведаеце, бываюць такія капрызныя старыя, але яна была не такая. Заўсёды спакойная, размаўляла ціха».

Пётр Бурак памёр каля 50 гадоў таму, а 9 год таму пайшоў з жыцця сын Марыі Фёдараўны. Тады дачка Галіна забрала матулю да сябе ў Набушава.

Там, у Набушава, пяць год таму у інтэрв’ю «Кур’еру» Марыя Фёдараўна прызналася: «Жыццё я пражыла шчасліва — у сваім доме, з сям’ёй. На старасці гадоў адна не засталася, жыву з дачкой, унукі наведваюць. А што яшчэ простаму чалавеку трэба?»

Марыі Бурак не стала 23 чэрвеня 2022 года. Яна пахаваная на могілках у роднай Заельні побач з мужам і сынам.