Калі вы жыхар Слуцка і аматар велападарожжаў, абавязкова наведайцеся ў адну з самых старых вёсак раёна – Міхейкі. Гэта паселішча з цікавай гісторыяй і знаходзіцца побач з горадам.
Міхейкі ў нашы дні
У сонечную ліпеньскую раніцу я паехала палявою дарогай Заполле – Міхейкі. На ўездзе ў вёску на полі працаваў камбайн. Ідзе жніво.

На ровары заехала на вуліцу Надрэчную. Яна невялікая: крыху больш за 10 двароў. Вуліца размяшчаецца паралельна леваму берагу Случы. Вузкая, большасць хат старыя, не вельмі добра дагледжаныя. Але ёсць і ахайныя.

Вуліца Завадская складаецца з 3 частак. На ёй сустрэўся мясцовы жыхар Сяргей Салавей. Крыху расказаў пра сябе: «Я жыву тут, у Міхейках. Мне 62 гады. Пакуль не на пенсіі. Работы няма. Працую на прысядзібнай дзялянцы. Вось у гэтай хаце жыла настаўніца нашай Міхейкаўскай школы, партызанка Анастасія Якаўлеўна Уласевіч. Яна ўжо даўно памерла. Але мы паважаем і памятаем пра яе».


Калхозная вуліца доўгая і прамая. Ёсць двары пагоннага тыпу. Шмат дамоў у працэсе будоўлі. Нават крыж размешчаны побач з будоўляй.

Паміж Калхознай і Школьнай сустрэла вялікі плот з металапластыка. Гэта — аграсядзіба «У Міхея».

Вуліца Школьная доўгая, мае форму літары «Л». Убачыла каля хаты мужчыну, які шчыраваў на нейкім станку. Пазнаёмілася. На беларускай мове чалавек распавёў: «Мяне зваць Валерый Барысік. Нарадзіўся ў Міхейках. Барысікаў тут многа. Ёсць і Бадылі. Гэта нашы мясцовыя сем’і. Вучыўся ў нашай школе. Помню сваю настаўніцу Анастасію Якаўлеўну Уласевіч.
У кастрычніку мне будзе 60 год. Не працую па стане здароўя. Займаюся гаспадарскімі справамі на сваім двары. Жонка нядаўна стала пенсіянеркай. Старэйшай дачцэ 35 гадоў, малодшым дзяўчатам-блізнятам па 30. Мае ўсе 3 дачкі вучыліся тут у 1-3 класе. Потым хадзілі ў 9-ю школу. Калі надвор’е было дрэннае, запрягаў каня, вазіў і сваіх дачок і суседскіх дзяцей на заняткі. Так што такога, каб дзеці гулялі з-за непагадзі, не было. Будынак нашай школы захаваўся. Але зараз там працуюць людзі. Клуб раскідалі. Ёсць магазін. Почта і аўталаўка прыязджаюць. У горад можна хутка прайсці па сцежцы. Тут недалёка зусім».


Вядома, у Міхейках ёсць і традыцыйныя для вёсак назвы вуліц: Садовая, Працоўная, Зялёная, Лугавая, Савецкая. Працоўная падобная да малатка. А Лугавая прамая і доўгая.

З многіх кропак вёскі можна добра бачыць блакітную капліцу. Яна размяшчаецца на вуліцы Школьнай на мясцовых могілках. Сцены будынка драўляныя, а дах металічны.

Напрыканцы трэба сказаць аб агульным уражанні ад падарожжа ў Міхейкі. Вярталася дадому з добрым настроем. Не было адчування, што дарэмна змарнавала час. Вёска каларытная, стракатая. Мужчыны, з якімі размаўляла, любяць Міхейкі, ведаюць праблемы сваёй вёскі. Яны паважаюць сваіх аднавяскоўцаў, ганарацца імі.
Трэба дадаць, што ў вёсцы жывуць сем’і цыган. Мае суразмоўцы пра іх слова дрэннага не сказалі. Нашы людзі талерантныя і таварыскія.
Гістарычная даведка
Міхейкі вядомыя з 1593 года ў складзе маёнтка Абуховічы як шляхецкая ўласнасць. У 1685 годзе вёска належала царкве, у ёй было 27 двароў. Праз стагоддзе тут было ўжо 50 двароў і 154 жыхары, карчма. Неўзабаве вёска зноў змяніла гаспадара. Стала ўласнасцю Слуцкай евангелісцкай плябаніі.
Новы гаспадар сяла з’явіўся ў 1858 годе. 138 жыхароў мужчынскага полу перайшлі ва ўласнасць дзяржаўнай казны Расійскай імперыі. У 1884 годзе тут была адкрыта школа граматы. На 1890 год налічвалася 10 вучняў-хлопчыкаў. У 1897 годзе было 84 двары, 526 жыхароў, капліца, школа граматы, магазін. У 1913 годзе ў Міхейках пачало працаваць земскае народнае вучылішча. У 1917 годзе пражывала 697 чалавек у 120 дварах. У 1921 годзе адкрылі 4-гадовую школу.
У савецкія часы вёска была ў складзе Бабруйскай і Слуцкай акруг, з 1938 года – у Мінскай вобласці. З 1944 года па 1954 год — у Бабруйскай вобласці, потым зноў у Мінскай. Мяняла вёска і сельсаветы: з 1924 па 1954 год — у Прошчыцкім , з 1954 па 1970 год — у Вясейскім , з 1970-га — у Бокшыцкім.
Да 1926 года колькасць жыхароў узрасла да 660 чалавек, яны жылі ў 131 двары. У 1929 і 1931 гг. тут стварылі 2 калгаса. Найбольш знакаміты — «Чырвоныя Міхейкі» — вядомы як удзельнік Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы ў Маскве ў 1932 годзе.
У час Вялікай Айчыннай вайны вёска была акупавана фашыстамі. На вайне загінулі 73 вяскоўцы. У 1959 годзе ў вёсцы было 730 жыхароў, у 1970-м — 740. У 1986 годзе 496 чалавек жылі ў 188 дварах. Працавалі жывёлагадоўчая ферма, клуб, бібліятэка, пачатковая школа, ФАП, комплексны прыёмны пункт, магазін.
Жыхары Міхеек працавалі ў розных гаспадарках. Пасля «Чырвоных Міхеек» былі калгасы «Рассвет» (цэнтр — Гарохаўка), «Чырвоны ўдарнік» (цэнтр — Прошчыцы), з 2013 года — гэта філіял СПГ «Наша Ніва» Слуцкага мясакамбіната.