Слуцкія старонкі жыцця Якуба Коласа

Слуцкія старонкі жыцця Якуба Коласа, Слуцк
Слуцк, 1923 год. Якуб Колас (на фота ў цэнтры) з удзельнікамі мастацкай самадзейнасці.  Фота з сайта slucklib.by

Сёлета спаўняецца 140 гадоў са дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа (творчы псеўданім Канстанціна Міцкевіча). Беларускі класік шчыльна звязаны з рознымі рэгіёнамі нашай краіны. І адным з такіх куткоў з’яўляецца Случчына.

Унаступным годзе будзе роўна 100 гадоў з часу працы Якуба Коласа на настаўніцкіх курсах у Слуцку, бо менавіта ў ліпені 1923 года паэт у рангу выкладчыка праводзіў заняткі па методыцы і граматыцы беларускай мовы. Усяго Якуб Колас правёў месяц на Случчыне, дзе кантактаваў з настаўнікамі, пазнаё­міўся і з мясцовымі жыхарамі.

Реклама
Слуцкія старонкі жыцця Якуба Коласа, Слуцк
Фота з сайта pixelrz.com

Першыя ўражанні ад Слуцка

Упершыню Канстанцін Міцкевіч наведаў Слуцк улетку ў 1921 годзе, калі прыехаў на кароткія настаўніцкія курсы. Іх мэтай была падрых­тоўка настаўніцкіх кадраў для выхавання на роднай мове у школах Савецкай Беларусі. Якуб Колас падтрымоўваў падоб­ныя крокі і горача вітаў развіццё беларускай культуры і беларускага школьніцтва, што праявілася ў актыўным удзеле класіка ў розных курсах. Пад уражаннем той паездкі Якуб Колас у газеце «Савецкая Беларусь» (№149 за 10 ліпеня 1921 г.) напісаў нататку пад назвай «З слуцкіх уражанняў»:

«Слуцк ціхі і мілы гарадок. На ім ляжыць пячаць старадаўнасці, пячаць сталасці і заможнасці. Збоку, дзе праходзіць жалезная дарога, і правей ад яе горад не відзен. Стаіць ён на мясціне роўнай, закрыты багатымі і пышнымі садамі. Трудна дзе знайсці такога множаства садоў, як у Слуцку, рэдка дзе растуць такія пышныя, такія сакавітыя, поўныя жыцця дзярэўя, як тут. Многа старасветчыны, многа прыгожай асабістасці і таго асобнага, шчырага прыхілу, дзе можна адпачыць душою і сэрцам, захавалася ў гэтым гарадку… На што ні паглядзіш, — усюды відаць гаспадарская рука беларускага народа і той асобны парадак, прыхіл і ўменне ўсё дапасаваць, як вымагае таго добрая гаспадарчая справа, тая справа, той лад, якія так выгадна выдзяляюць беларускі народ з сям’і народаў усходняга славянства.
Адным словам, нават пасля павярхоўнага знаёмства са Слуцкам і Случчынай сама сабою выплывае думка: Случчына — гэта душа, гэта — жывое сэрца беларускага народа».

Пра настаўніцкія курсы

Праз два гады, у 1923 годзе, Якуб Колас у чарговы раз прыехаў у Слуцк на настаўніцкія палітыка-педагагічныя курсы па даручэнні Наркамасветы БССР. Яны адбываліся ў гімна­зіі (цяпер — гімназія №1). Там Колас чытаў лекцыі па граматыцы і методыцы выкладання беларускай мовы. Курсы наведвала 157 чалавек, а загадваў імі С.А. Бярозка (бацька савецкага пісьменніка Георгія Бярозкі).
У лістах да жонкі Марыі Якуб Колас шмат апісвае настаўніцкія курсы і свой побыт падчас выкладання.

У адным з першых лістоў ад 8 ліпеня 1923 года можна пачытаць наступнае:

«Беларуская мова на курсах пастаўлена вельмі грунтоўна. Кожны слухач паві­нен даць лекцыю (практычную) толькі па-беларуску. Сярод слухачоў чалавек 15 з вышэйшай асветаю. Сярод старых настаўнікаў прыхільнасці да беларускай мовы няма, але гэта не перашкаджае ім пісаць цэлымі вечарамі план лекцый па-беларуску. Калі не здолее сам, ідзе да другога і перакладае на беларускую мову. Канферэнцыі адбываюцца на бела­рускай мове, пратаколы вядуцца па-беларуску. Сярод слухачоў ёсць такія хлопцы, што не прапусцяць ніводнага небеларускага слова».

Лісты Коласа сынам і жонцы

У адным з лістоў, апісваючы падзеі слуцкіх курсаў і сваё новае размяшчэнне ў былым маёнтку Новы Двор, Колас вельмі чула і з вялікай любоўю да сярэдняга сына піша:

«Ах, мой мілы Юрачка! Дай пацалую твае чорненькія вочкі, твой лабок, твае губкі, што выказалі такую мілую, такую слаўную і шчырую прамову! Калі вярнуся дадому, то ў Мінску куплю табе што-небудь, бо ў Слуцку гола і пуста ўсякіх цацак. Пойдзем з табой у лес грыбы збіраць, возьмем і маму, бо яна добрая, слаўная, мілая, харошая, праўда, сынок? Ну, і Данілку возьмем, ён такі разважлівы, разумны, такі добры хлопец. А покі бывайце здаровы».

Некаторыя лісты да жонкі прасякнуты рознымі эмоцыямі, падзеямі, якія часам змяшчаюць жарты і сарказм. Напрыклад, у лісце ад 19 ліпеня 1923 года Якуб Колас у жартаўлівай форме піша пра тое, што цяжка яму выспацца:

«За гэтыя дні я нават добра і не выспаўся. Такое мноства мух, што проста бяда. Пачынае цямнець. Алесь (Сянкевіч — Прым.аўт.) дзесь пайшоў яечню пячы. Я толькі што зачыніў акно. Чую, мухі гудуць і камар дзесь пішчыць, а адна муха прапаўзла па маёй лысіне. Стаўлю кропку, буду ганяць вон няпрошаных гасцей. Цалую цябе. Трымайцеся ж, камары і мухі!»

У лісце ад 22 ліпеня 1923 года Якуб Колас піша пра свой стан здароўя: «Я пачаў піць крываўнік-падбел (тысячаліснік). Назбірай і насушы яго, бо я чую, што ён мне надта карысны. У Курску гэта зёлка мала памагала, бо яна не беларуская».

У невялікім лісце ад 9 ліпеня Колас піша жонцы пра адно цікавае здарэнне: «Учора вечарам чытаў першы раз «Новую зямлю». Адзін слухач курсаў, непрыхільнік беларускасці, зазначыў: «Я не ведаў, што па-беларуску можна так пісаць. Зарэжце мяне, калі я не навучуся беларускай мове». Прачытаў 6 першых раздзелаў».

У вольны час Якуб Колас наведваў мясцовы тэатр, згадкі пра што знаходзім у эпісталярнай спадчыне пісьменніка: «Быў раз у тэатры. Гралі саматугам. Але адмовіцца нельга было. Тэатр пачаўся а 12 гадзіне ўночы. Гэта ўжо такі слуцкі звычай».

У ліпені 1923 года ў Слуцку Якуб Колас выкладаў на настаў­ніцкіх курсах. Паездкі на Случчыну не абышліся без цікавых знаёмстваў.

На Слуцкіх курсах Якуб Колас пазнаёміўся і з Юркам Лістападам — беларускім палітычным дзеячам, які ў гэты час таксама працаваў выкладчыкам беларуса­знаўства (1923-1925 гг.) на педагагічных курсах у Слуцку. Лістапад быў удзельнікам Слуцкага збройнага чыну 1920 года і тады ж абраны ў Беларускую раду Случчыны.

«Лістападаўскі працэс» у 1925–26 гг., дзе ён фігураваў як галоўны вораг савецкага ладу, быў першым вялікім палітычным працэсам у БССР. З гэтага часу пакрысе махавік рэпрэсій супраць беларускіх нацыянальных дзеячаў набіраў абароты. Знаёмства з Юркам Лістападам для Коласа скончылася прыцягненнем у ДПУ (Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне) на допыт.

З паказанняў Якуба Коласа ў ДПУ 25 кастрычніка 1925 года: «С Листопадом на политические темы разговоров никогда не было и мне совершенно неизвестно об антисоветской деятельности Листо­пада, находившегося за границей. Вообще, что из себя представляет в политическом отношении Листопад — не знаю».

Лістапад, дарэчы, праз год, у сакавіку 1926-га, быў асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення, праўда, пасля вызвалены ў лістападзе 1927 г.

Цікава, што з тых жа паказанняў Колас згадвае і пра Л.Сеўрука (1867-1918) наступнае: «Припомню, что в 1907 году один случчанин по фамилии Севрук, проживавший тогда в Ленинграде, написал вступление к моей книге «Другое чтение для детей белорусов». Мне говорили, что Севрук педагог, но я с ним лично не был знаком и даже его не видел».

Леанід Сафронавіч Сеўрук — гэта знака­міты педагог у Расійскай імперыі на пачатку XX ст. і актыўны дзеяч беларускага адраджэння «нашаніўскага» часу. Нарадзіўся ён у 1867 годзе ў невялікім засценку Сорагава Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер Слуцкі раён).

Леанід Сафронавіч — аўтар падручніка «Пачатковы курс прыродазнаўства». Гэтая кніга мела вялі­кі поспех і вытры­мала больш за шэсць перавыданняў. А па кнізе «Методыка» Сеўрука вучыліся выкладаць прыродазнаўства ў школе цэлыя пакаленні настаўнікаў. Нават у першае дзесяцігоддзе пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гэта была адзіная кніга, прысвечаная дэталёвай прапрацоўцы ўрокаў.

Наогул жа Сеўрук лічыўся буйным спецы­ялістам, метадыстам у галіне школьнага прыродазнаўства. Яшчэ Леанід Сафронавіч напісаў першы падручнік па батаніцы на беларускай мове для школ. Акрамя таго, аказваў матэрыяльную дапамогу выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца».

Шмат слушных прапаноў і заўваг зрабіў Сеўрук пры рэдагаванні чытанкі Якуба Коласа «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Менавіта ён і напісаў прадмову да першай кнігі Коласа: «Бярэш у рукі ксёнжачку і здаецца табе цяпер нічога ня трэба: перад табою як жывыя стаяць і касцы, і начлежнікі і жанцы і сенажаткі і палеткі і лесы і кароў­кі з бразготкамі на шыі і целята і авечкі, скрыпяць вароты, скрыпяць очэпы калодзезёў… і ты саўсім як бы пабыў на сваёй роднай старонцы, адвёў, як кажуць душу. Разам з гэтым ты сваёю душою пачуў, што значыць родная мова, напісаная на паперы, надрукованая у ксёнжцы. Цяпер ты добра ведаеш, як кепска робяць тые, што не толькі не шануюць сваёй роднай мовы, але нават цураюцца, саромяюцца яе».

Колас быў знаёмы і з Язэпам Дыла — беларускім празаікам, драматургам, грамад­скім і культурным дзеячам, што нарадзіўся ў Слуцку ў 1880 годзе і скончыў Слуцкую гімназію. Добраму знаёмству абодвух нацыянальных дзеячаў спрыялі таксама Слуцкія настаўніцкія курсы, у якіх абодва пісьменнікі ўдзельнічалі. Але Дыла і Колас пазнаёміліся яшчэ ў 1921 годзе падчас працы ў Наркамасветы. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа захоўваюцца некалькі фотаздымкаў бела­рускага класіка, якія былі падараваны Язэпу Дыле. Прычым усе яны яшчэ маюць дарчыя надпісы самога Якуба Коласа. У музеі таксама захоўваюцца ўспаміны Язэпа Дылы пад назвай «Сустрэчы», якія былі напісаны ім уласнаручна на старонках вучнёў­скага сшытка.

Яшчэ адзін знакаміты случчанін, з якім быў блізка знаёмы Якуб Колас у пасляваенны час, — гэта Ілля Інсараў, які займаў пасаду ў 1948–1966 гадах міністра аховы здароўя БССР. Па сутнасці на працягу 18 гадоў узды­маў з попелу, а потым развіваў жыццёванеабходную галіну.

Іван Анісімавіч Інсараў нарадзіўся 8 лютага 1903 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Селішча Слуцкага павета Мінскай губерні. Пасля заканчэння меды­цынскага факуль­тэта БДУ ў 1927 годзе і працоўную кар’еру пачынаў простым урачом, аднак ужо ў 1948 годзе абараняў і кандыдацкую дысертацыю па ваенна-медыцынскай тэматыцы.

Іван Інсараў і Якуб Колас перасякаліся і ў пасляваенны час як на дзяржаўным, так і на сяброўскім узроўнях, а таксама па схеме «доктар-пацыент». У фондах музея Якуба Коласа знаходзіцца дакумент-запрашэнне славутаму пісьменніку на мед­кан­­фе­рэнцыю за подпісам І.А.Інсарава: «Министерство здраво­охранения Белорусской ССР просит Вас принять участие в работе Респуб­ликанской кон­фе­ренции хирургов Белоруссии по итогам XXVI съезда хирургов ССР».

Такім чынам, Случчына заняла пэўную нішу ў жыцці Якуба Коласа, а з людзь­мі нашага краю пісьменніка злучала не толькі знаёмства і сяброўства з вядомымі і адукаванымі людзьмі, але і з простымі случча­камі, што пісалі пісьменніку-дэпутату ў пасляваенны час.