Гэта праўдзівая гісторыя. Даўным-даўно ў адной вёсцы сярод мужычага саслоўя пражывала шмат людзей, якія лічыліся па статусу шляхтай. Што гэта азначала?

А тое, што дзяўчына-шляхетка не мела права сустракацца з хлопцам, які быў па сваім статусе мужыком: не быў высакародным, граматным, а галоўнае, з багатай сям’і, у якой былі на працы найміты-батракі. А таму шляхта зналася толькі са шляхтай, а простыя людзі, мужыкі, са сваёй роўняй.

Реклама

Якой бы прыгожай ні была дзяўчына, а калі яна лічылася мужычкай, стаць жонкай шляхціча было так цяжка, як узысці на трон. Гэта тычылася і хлапцоў. На шляхетцы ажаніцца простаму мужыку было амаль немагчыма. За гэтым сачылі і бацькі, і дзяды з бабулямі, і шляхечая радня. Бо ў шляхечай сям’і простаму і беднаму хлопцу было патрэбна нават ката на «вы» зваць, так ганарліва несла сябе тая вясковая шляхта.

Нават калі паміж маладымі людзьмі розных сацыяльных слаёў узнікала вялікае каханне, на шлюб дазволу бацькі са шляхтаў не давалі катэгарычна. Не давалі ў пасаг карову, цяля, свінак і курэй, багатых посцілак, адзення і бялізны з ручнікамі.

Праўда, бывалі ў вёсцы выпадкі, калі маладыя закаханыя з розных сацыяльных слаёў уцякалі з вёскі пад праклёны багатай радні, каб пражыць жыццё ў каханні і згодзе, няхай і без вялікага пасагу.

Амаль у кожную нядзельку ў той вёсцы пасля цяжкага працоўнага тыдня моладзь наладжвала танцы, і абавязкова толькі днём, каб людзі бачылі, хто і з кім бярэцца танчыць. Назіралі і сачылі надта пільна!

Жыла ў той далёкі час маладая дзяўчына Ганна. Прыгожая была, бы кветка, але з бядняцкага роду. Вось аднойчы сабраўся гурт моладзі ля адной хаты, прыйшлі музыкі, і пачаліся вясёлыя скокі. Шляхеткі прыйшлі ў дарагіх ружовых і блакітных атласных блузках, у доўгіх чорных спадніцах з моднай саржы, з брошкамі на каўнерыках, у бліскучых пацерках і завушніцах. А бедныя дзяўчаткі – у даматканых спадніцах і блузках.

Прыйшла і тая прыгажуня. На ёй была просценькая белая сукеначка з самаробнымі каруначкамі. Ні брошкі, ні пацерак, ні завушніц яна не мела, а так хацелася прыгожа выглядаць! І яна знайшла выйсце: адарвала дзве спелыя вішанькі ў садзе, а потым іх прышпіліла на каўнерык сваёй сукеначкі. Такім чынам дзяўчына зрабіла сабе вішнёвую брошку. І так прыгожа тыя дзве вішанькі выглядалі на яе белай сукеначцы, што сталі зазірацца на прыгажуню і шляхцюкі. А калі зайгралі музыкі, то яе пачалі раз за разам запрашаць патанчыць, у той час, як тыя багатыя шляхеткі стаялі пад плотам і з нянавісцю пазіралі на саперніцу.

Пачалі непрыгожа глядзець на дзяўчыну і матулі з бабулямі, чые сыны-шляхцюкі ледзь не біліся між сабой, каб узяць Ганначку ў танец. Дахаты яна вярталася такой шчаслівай, такой радаснай і акрыленай, што не хапала слоў, каб перадаць пачуцці. Абхапіўшы бабулю за плечы, яна расказвала ёй пра сваё вішнёвае ўпрыгожанне, пра тое, як спраўна танчыла, які поспех мела сярод шляхцюкоў, а бабуля, не хаваючы слёз, шаптала: «Долі табе, родная, добрай, мужа залатога, каб любіў не за ўпрыгожанні, а за твой пакладзісты характар і працавітыя рукі!»

І бабуля бы ў ваду пазірала, бо праз некаторы час яе прыгажуня-ўнучка абрала шлюб з простым і добрым хлопцам з суседняй вёскі. Роду ён быў беднага, але працы аніякай не баяўся. І дзеткі потым у іх нарадзіліся такія ж прыгожыя, як матуля. Пражылі прыгажуня з мужам у шлюбе больш за паўвека ў каханні і згодзе, нажылі і гаспадарку вялікую, і адзенне фабрычнае.

Але кожным летам, калі пачыналі спець вішні, Ганна адрывала дзве спелыя вішанькі, прышчэпвала іх на каўнерык сукенкі ці блузкі і са смехам успамінала твары багатых шляхетак, якія шамрэлі ў дарагім убранстве, стоячы пад платамі, а яе, бяднячку з дзвюма вішанькамі на каўнеры простай сукенкі, бралі ў танцы ганарлівыя шляхцюкі ў надзеі атрымаць ад яе ўвагу і шчырую ўсмешку, а хтосьці ўпотай спадзяваўся, што бацькі дадуць дазвол пайсці да прыгажуні і ў сваты.