Напярэдадні Купалля, раніцай, у ліпеньскую спякоту, зрабіла экскурсію на ровары. Пацікавілася, як выглядае вёска Заполле Бокшыцкага сельсавета.
Ад «кальца» каля сельгасліцэя да заезда ў паселішча — 4,2 км па веладарожцы. Даехала за 20 хвілін.
Зараз Заполле — гэта аграгарадок, які складаецца з трох частак, што аддзяляюцца адна ад адной трасай Р-23 і ракой Лешчанка. Адна частка знаходзіцца на заходнім баку ад трасы. Там размяшчаюцца школа, ФАП, лазня, швейная майстэрня, магазін. Другая, якая бліжэй да Слуцка, — гэта старая вёска Заполле. Менавіта па ёй адбылася экскурсія. Трэцяя частка (былыя Дзесяціны) знаходзіцца на правым беразе рэчкі Лешчанка.

Вёска Заполле з’явілася на мапе ў XX стагоддзі. Вядома яна з 1921 года як хутар Забалацкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. Спачатку тут было 3 двары і 17 жыхароў. У 1927 годзе сюды перасялілася частка жыхароў з Бокшыц. У 1959-м тут ужо было 2 населеных пункта: пасёлак Новае Заполле (180 чалавек) і вёска Старое Заполле (90 чалавек). У 1969 годзе да Заполля далучылі вёску Дзесяціны, якая знаходзіцца на другім беразе Лешчанкі.

Калі заехаць у вёску Заполле з боку Слуцка, першы дом на вуліцы Новай – будынак сучаснага прыватнага прадпрыемства «Слуцкие окна».

Вуліца Новая – заасфальтаваная, спраектаваная па правілах. Двары і хаты дагледжаныя. Ёсць драўляныя будынкі. Многія гаспадары зрабілі сучасны еўрарамонт.

Пад’язджаю да фермы. Каровы як раз дружна харчаваліся кармамі. Хутчэй за ўсё, яны на стойлавым утрыманні.

Блізка знаходзіцца канюшня. Ці ёсць там жывёлы, не зразумела. Але блізка пасвіліся два кані. Вось такая яна Новая: ад прыватнага прадпрыемства да фермы.

Па асфальце заехала на Зялёную. Хутчэй за ўсё, гэтая вуліца і стала пачаткам паселішча і называлася Старое Заполле. Двары і хаты тут таксама прывабныя.



Яшчэ ёсць невялікая вуліца Савецкая. Яна кароткая і непрыкметная.
Агульнае ўражанне ад вёскі Заполле — быццам пабыла ў сучасным прыгарадзе з прыватнымі забудовамі.