Кацярына Дзічкоўская, выпускніца Слуцкай гімназіі №2, атрымала першыя для нашага раёна 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Гэта было ЦТ па беларускай мове. Пагутарылі з дзяўчынай пра мову, працу над сабой і далейшыя планы.

Пра добрых настаўнікаў і іх метады

«У сёмым ці восьмым класе я хадзіла на факультатыў па беларускай мове, дзе мне вельмі цікава было займацца, — расказвае Кацярына. — Наша настаўніца рабіла розныя гульні і інтэрактывы.

Реклама

Пазней тая настаўніца перайшла ў іншую школу і да нас прыйшла Таццяна Антонаўна Зубовіч. У 10-м класе я пачала хадзіць да яе займацца пасля ўрокаў па дзве гадзіны раз ці два на тыдзень. Да рэпетытараў я не хадзіла.

У нас такі клас, які на ўроках мог сябе паводзіць не вельмі прыемна для настаўнікаў. Але на беларускай мове ў Таццяны Антонаўны ўсе баяліся яе расстроіць і стараліся вучыць.

Яна таксама праводзіла інтэрактыўныя і проста цікавыя заняткі, а яшчэ заўсёды спрыяла нашаму ўдзелу ў розных конкурсах. Казала, напрыклад: «Кацюша, ты добра ў нас расказваеш вершы, ты пойдзеш удзельнічаць туды і сюды. А вось ты (нехта іншы) добра малюеш, зараз будзе ў нас конкурс, намалюй, калі ласка, гэта і гэта». Ці, напрыклад: «У нас тыдзень беларускай мовы. Дзеці, калі хочаце зарабіць добрую адзнаку і маю павагу, зрабіце гэта і гэта».

Пра падрыхтоўку да ЦТ

«Дома размаўляю на беларускай мове». Што расказала слуцкая выпускніца, якая першай у гэтым годзе атрымала 100 балаў на ЦТ
Фота: Алеся Белая

У 11-м класе Таццяна Антонаўна сказала нам завесці асобны ліст А4 для працы над памылкамі, раздзяліць яго на 40 клетачак — па ліку заданняў тэсціравання. І калі ты робіш у рэпетыцыйным тэсце памылку, ты запісваеш у адпаведны квадрацік гэтую памылку і паўтараеш правілы па гэтай тэме. Вось такія былі розныя прылады для падрыхтоўкі.

Я хадзіла рыхтавацца да ЦТ па-за ўрокамі ў чацвер, пятніцу, суботу. І на ўроках нас таксама рыхтавалі.

Усе тры этапы рэпетыцыйнага тэсціравання я здавала. На першым этапе атрымала 98 балаў, на другім — 91, а на трэцім — 100. І зразумела, што чым менш ты хвалюешся, тым больш балаў ты атрымаеш. Напрыклад, калі на другім этапе я дайшла да пятага задання, то зразумела, што не ведаю, як пішацца слова. І так расхвалявалася, што з гэтымі думкамі рашала далей. І таму другі этап здала горш за іншыя.

Таму на само ЦТ па беларускай мове я ішла з думкамі: «Не хвалявацца, ты ўсё ведаеш, усё, што можна, ты ўжо прайшла і вывучыла, зараз ты пакажаш свой узровень там». За дзень да ЦТ мы сустракаліся з настаўніцай па беларускай мове. І яна таксама казала: «Дзеці, максімальна без хвалявання. Вы ўсё ведаеце, вы ўсё вывучылі». Настроіла нас на тое, што мы малайцы і ўсё ведаем. Так і атрымалася — усе мае аднакласнікі вельмі добра паздавалі.

Яшчэ перад тэсціраваннем я праспала 15 гадзін.

Пра выкарыстанне беларускай мовы ў жыцці

На беларускай мове я размаўляю дома. Калі прыходжу з заняткаў, маці пытаецца: «Ну што, як справы?». А я ў школе ўжо прывыкла размаўляць па-беларуску і пачынаю ёй адказваць на беларускай. І так проста нешта можам абмяркоўваць. Бацькі ставяцца да мовы вельмі добра.

І калі я недзе з некім размаўляю, таксама магу перайсці на беларускую, ці выкарыстоўваць трасянку, ці гаварыць па руску, але з беларускай «г» — нешта накшталт таго.

У мяне ёсць бабуля, з якой я размаўляю толькі па-беларуску. Яна кажа, што так і трэба — каб моладзь размаўляла ў Беларусі на роднай мове. Бабуля жыве ў вёсцы. Там не вельмі шмат жыхароў, яны размаўляюць па-беларуску і на трасянцы. Маленькая я з імі размаўляла па-руску, але з узростам пачала думаць, што калі да мяне звяртаюцца на беларускай, то трэба на ёй і адказваць.

Пра планы

Я планую паступаць у БДУІР. Буду выбіраць паміж дзвюма спецыяльнасцямі без фізікі (бо яе я не вельмі вучыла). Гэта будзе або электронны маркетынг, або эканоміка электроннага бізнесу. У першым выпадку можна атрымаць прафесію маркетолага, у другім — маркетолага-праграміста або праграміста-эканаміста».