Каля чатырох дзясяткаў арыгінальных рэцэптаў прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў на Любаншчыне маюць шанец стаць элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Дранікі па-любанску, Слуцк
Загадчык аддзела арганізацыйна-метадычнай работы ДУК “Любанскі раённы цэнтр культуры” Сяргей Выскварка дэманструе файл “Традыцыі і тэхналогія прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у Любанскім раёне Мінскай вобласці”. Фота: Барыс Квіткевіч

Аб гэтым паведаміў загадчык аддзела арганіза­цыйна-метадычнай работы ДУК «Любанскі раённы цэнтр культуры» Сяргей Выскварка — адзін з аўтараў ідэі па зборы і апрацоўцы згаданых рэцэптаў.

Реклама

Варта нагадаць, што дранікі — папулярная паўсядзённая страва з цёртай сырой бульбы (назва паходзіць ад слова «драць» – церці, абдзіраць слаямі). Адносіцца да цэлага комплексу страў, прыгатаваных з дзёртай або, як у нас кажуць, таркаванай бульбы, у склад якога таксама ўваходзяць клёцкі, бабка, бульбяная кішка і многае іншае.

У Еўропу такую гародніну завезлі з Амерыкі. Навукоўцы мяркуюць, што да нашых продкаў бульба трапіла гадоў трыста назад з Галандыі. Прыжывалася складана, у нейкім сэнсе — драматычна, але ўрэшце прыжылася: цяпер яе ў нас лічаць нават другім хлебам. З-за таго і беларусаў ахрысцілі бульбашамі. Бульба ўваходзіць у шмат якія стравы нацыянальнай кухні. А ўвогуле падлічана, што сярэднестатыстычны жыхар Беларусі штодня з’ядае каля паўкілаграма такой гародніны. Сярод бульбяных рэцэптаў бульба смажаная і тушаная, розныя запяканкі, бабка і процьма іншых страў. І, канешне ж, дранікі.

Дранікі па-любанску, Слуцк
Фота: Барыс Квіткевіч

«Дарэчы, на Любаншчыне яны часцей называліся картаплянікамі ці таркаванікамі, — удакладняе Сяргей Выскварка. — Першай з прапановай занесці традыцыі і тэхналогіі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі звярнулася Гродненская вобласць. Прапанова Міністэрству культуры спадабалася, але яно вырашыла адной вобласцю не абмяжоўвацца, а падключыць да падобнай дзейнасці іншыя рэгіёны. Тады і ў нас ідэя ўзнікла. Кінулі кліч сярод нашых культработнікаў і літаральна праз тыдзень атрымалі амаль паўсотні рэцэптаў бульбяных страў».

Дранікі па-любанску, Слуцк

Іх носьбітамі аказаліся Сафія Каток, Вольга Глазун, Ніна Маладзянава, Раіса Кагадоўская і Ніна Сярко з вёскі Пласток, Людміла Савошка і Людміла Верамейчык з вёскі Обчын, Надзея Мірэйчык з вёскі Закальное, Алена Галадок з вёскі Забалаць, Ірына Жудрык, Жанна Харытанюк, Алена Шаўцова, Надзея Петрушэнка і Людміла Ляйхнер з вёскі Жораўка ды многія іншыя жанчыны. Кожная з іх прыпамінала, што гэтак гатавала бабуля, а то і прабабуля. Гэта значыць, рэцэптам як мінімум сто гадоў.

«Вельмі цікавы рэцэпт бульбяных кішак, — працягвае Сяргей Выскварка. — Рабілі цеста як на дранікі — з дабаўленнем мукі, цыбулі. Гэтым цестам напіхвалі ачышчаныя кішкі. Атрымлівалася своеасаблівая каўбаса. Яе запякалі ў печы.

У некаторых вёсках, напрыклад, Гарадзяцічах, існавала традыцыя мазаць дранікі: калі гаспадыня пякла іх у печы і адразу з патэльні гарачымі падавала на стол. І кожны намазваў картаплянік тым, што яму было больш па смаку — хто смятанай, хто сметанковым маслам, хто ільняным алеем. А ў адным з рэцэптаў у якасці поліўкі для таркаванікаў скарыстоўваўся мёд».

Дранікі па-любанску, Слуцк

Увогуле класічны і, бадай, самы старажытны рэцэпт дранікаў — таркаваная бульба і соль. Другія варыяцыі — больш познія, калі гастранамічныя фантазіі сялян падмацоўваліся і большым дабрабытам. І тыя фантазіі — бульбу дралі то на дробнай цёрцы, то на бурачнай, дабаўлялі хто муку, хто яйкі, хто прыправы, смажылі то на патэльні, то на бляхе, то аладкамі, то суцэльным пластом, а пасля складвалі ў гаршчок ды гадзінамі тушылі ў печы і гэтак далей — часам дасягалі даволі значных вышынь!

Дранікі па-любанску, Слуцк
Магчымасць пакаштаваць картаплянікі і некаторыя іншыя бульбяныя стравы, прыгатаваныя па даўнішніх рэцэптах, гасцінна прадаставіла жыхарка Любані Наталля Сарнацкая (на фота злева). Фота: Барыс Квіткевіч

«Дык вось, — падсумоўвае суразмоўца, — 13 мая члены Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны прынялі рашэнне, каб уключыць традыцыі і тэхналогіі прыгатавання дранікаў і бульбяных бліноў у нацыянальны інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Праўда, гэтае рашэнне пакуль яшчэ не зацвердзіў Савет Міністраў краіны».

«І якая практычная карысць будзе ад таго, што нашы мясцовыя «дранічныя» традыцыі набудуць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей?» — пытаюся ў спецыяліста.

«Думаю, — адказвае Сяргей Выскварка, — што гэта паспрыяе развіццю рэгіянальнага гастранамічнага турызму, які апошнім часам набірае папулярнасць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. У нас пры сельскіх Дамах культуры, скажам, у Обчыне, у Асаўцы існуюць клубы народнай кухні, якія б і маглі ўзяцца за гэтую своеасаблівую «дранічную» спецыялізацыю. Упэўнены, што толк ад таго будзе».