Сёлета ў канцы мая мінскае выдавецтва «Ковчег» выпусціла ў свет тыражом 80 экзэмпляраў (176 старонак) кнігу жыхара горада Слуцка Анатоля Жука «Якуб Колас. Случчына. Случакі».

Як напісана ў анатацыі, яна адрасуецца ўсім, хто цікавіцца мінуўшчынай роднага краю.

Реклама

На старонках выдання аўтар расказвае пра некаторыя факты, звязаныя са знаходжаннем Якуба Коласа (сёлета ў лістападзе спаўняецца 140 гадоў з дня яго нараджэння) на Случчыне ў пачатку 1920-х гадоў. Тады ён працаваў лектарам на настаўніцкіх курсах і жыў у Слуцку, а праз некаторы час перабраўся на жыхарства ў вёску Новы Двор.

У нашым горадзе Якуб Колас пазнаёміўся з шэрагам ураджэнцаў і жыхароў Случчыны, а каго-нікаго з іх называў сваім сябрам (напрыклад, Язэпа Дылу). Яго знаёмствы са случакамі адбываліся і пазней, на працягу жыцця і творчай дзейнасці. Сярод слуцкіх знаёмцаў паэта – настаўнікі і дзяржаўныя дзеячы, пісьменнікі і літаратуразнаўцы, навукоўцы.

Аўтар расказвае пра тое, як склаўся іх лёс, як пасля знаёмства з некаторымі случакамі Якуб Колас ледзь не стаў «врагом народа», але ў выніку быў толькі сведкам на судовым працэсе па «справе лістападаўцаў» у 1926 годзе. Тая справа мела шырокі розгалас у друку (не толькі беларускім), некалькі разоў была тэмай для пасяджэнняў Бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі, а 28 студзеня 1926 года значылася ў парадку дня пасяджэння Палітбюро ЦК ВКП(б) у Маскве. Менавіта там было вызначана (а не ў судзе!), што прыгавор случакам, якія праходзілі па «справе лістападаўцаў», «должен быть не выше 3–5 лет тюрьмы».

Як сказаў у размове Анатоль Жук, наўрад ці кола слуцкіх знаёмцаў народнага паэта абмяжоўваецца названымі ў кнізе прозвішчамі, іх можа быць значна больш. Іншая справа, што не ўсім меркаваным знаёмствам удалося знайсці дакументальнае пацвярджэнне. У кнізе змешчаны ўспаміны некаторых случакоў пра сустрэчы з Якубам Коласам (напрыклад, пісьменнікаў Алены Васілевіч, Юркі Гаўрука, Сцяпана Ліхадзіеўскага, настаўнікаў Андрэя Лешчанкі, Аляксея Новіка).

Якуб Колас не абмінуў увагай Случчыну і ў сваёй літаратурнай творчасці. Напэўна, многія памятаюць радкі з паэмы «Новая зямля» пра тое, як Міхал і Антось паехалі на агледзіны гаспадаркі, якую мелі намер купіць, і як «Прад імі Случчына ляжала, // Старонка міла і багата». А ці звярнулі ўвагу на тое, што Случчыну і случакоў Якуб Колас згадвае некалькі разоў у трылогіі «На ростанях»? Пра гэта таксама расказваецца ў кнізе «Якуб Колас. Случчына. Случакі».

Калі не памыляюся, у гэтым выданні ўпершыню ў такой колькасці і ў такім фармаце пададзены чытачам факты, што аб’яднаны тэмай «Якуб Колас і Случчына». Тэкст выдатна дапаўняюць фотаздымкі з указаннем іх крыніц, хоць, на мой погляд, здымкаў магло быць крыху больш. Немалаважна і тое, што аўтар дапоўніў сваё даследаванне спісам літаратуры, якая паслужыць дадатковай крыніцай інфармацыі для тых, хто пажадае больш падрабязна пазнаёміцца з названай тэмай.

Набыць кнігу Анатоля Жука «Якуб Колас. Случчына. Случакі» можна ў мінскім магазіне «Акадэмкніга» (праспект Незалежнасці, 72), а даведацца пра яе наяўнасць у продажы – па тэлефонах: +375 (17) 379-46-52; +375 (17) 379-50-43; +375 (17) 272-37-52.