У вёсцы Гарадзішча Бокшыцкага сельсавета не чакаюць, пакуль добрыя справы зробяцца самі. Жыхары тут аб’яднаныя і, калі трэба, робяць прыгажосць талакой. Вынік — у вёсцы ёсць дзе і дзеткам пагуляць, і падлеткам у футбол паганяць, і дарослым адпачыць, і вернікам памаліцца, і аматарам гісторыі ёсць чым займацца.

Уладзімір Гарбенка, старшыня Бокшыцкага сельвыкан­кама, і Галіна Грак, стараста вёскі Гарадзішча, правялі для «Кур’ера» экскурсію па выбітных мясцінах вёскі, дзе можна ўбачыць вынікі агульнай працы вяскоўцаў.

Реклама
Як згуртаваць вясковую талаку для добрых спраў, Слуцк
Уладзімір Гарбенка, старшыня Бокшыцкага сельсавета, і Галіна Грак, стараста вёскі Гарадзішча, самі ініцыююць людзей на добрыя справы і падтрымліваюць ініцыятывы саміх вяскоўцаў. Фотаздымкі: Глеб Рулёў

Што будзе ў Заполлі

З Уладзімірам Гарбенкам сустракаемся ў Заполлі, каля адміністрацыі Бокшыцкага сельсавета. На вясковай плошчы, побач са скверам, бачым дзіцячую пляцоўку.

Выглядае ўжо прывабна: акуратныя арэлі, каруселі, горка і пясочніца. А хутка тут будзе яшчэ лепш — закупаецца новы сучасны гульнёвы комплекс.

Як жыхары вёскі Гарадзішча пад Слуцкам аб'ядналіся ў грамаду і добраўпарадкоўваюць наваколле
Дзіцячая пляцоўка ў Бокшыцах

Гэта падзея своечасо­вая, бо ў дзіцячым садку ў Заполлі выхоўваецца 49 дзяцей, у першым класе мясцовай школы сёлета было 19 маленькіх вучняў, а ў другім — 11. Да таго ж, летам прыязджаюць у вёску да бабуль і дзядуль унукі з іншых мясцінаў.

Міні-парк культуры і адпачынку ў Гарадзішчы

З Заполля едзем у Гарадзішча, дзе сустракаемся з мясцо­вай старастай Галінай Грак. Яна паказвае нам імправізаваны парк, створаны сіламі мясцовых жыхароў. Шырокі газон, абнесены мураванай агароджай, на дзве часткі падзяляе алея, абсаджаная туямі і кветкамі. З аднаго боку ад алеі — прасторная дзіцячая пляцоўка з арэлямі і горкамі, з другога — пляцоўка для міні-футбола.

Як згуртаваць вясковую талаку для добрых спраў, Слуцк
Вясковым жанчынам ёсць куды прывесці дзяцей

Галіна Грак распавядае: «Гэты парк зрабілі яшчэ ў 2015 годзе. У вёсцы да мяне была стараста Яўгенія Сыцько, і гэта яе ідэя. Туі на Алеі маці — імянныя. Збіралі грошы з кожнай сям’і, куплялі дрэўцы, і іх саджалі людзі самі ў гонар сваіх матуль. А кветачкі на алеі высадзілі вясковыя жанчыны — у каго якія былі ў двары».

Як згуртаваць вясковую талаку для добрых спраў, Слуцк

Камяні з шыльдачкамі і бяседкі ў парку таксама ўсталёваныя за грошы, якія збіралі жыхары. Гульнёвая пляцоўка для малых абстаўлена тады ж, у 2015 годзе, у асноўным за сродкі Бокшыцкага сельсавета, але арэлі людзі змайстравалі самі.

Футбольную пляцоўку ў гарадзішчанскім парку зрабілі ў маі 2022 года. На гэта спатрэбіліся два суботнікі. Грошы на новыя вароты для футбольнай пляцоўкі даў мясцовы жыхар, прадпрымальнік Уладзімір Булгак.

Асабліва актуальнай пляцоўка робіцца цяпер, калі ў Гарадзішча прыязжаюць падлеткі на канікулы. Да таго ж, тут могуць пагуляць дзеці з суседніх вёсак (таго ж Заполля).

За парадкам у парку сочыць асабіста стараста Галіна Грак. Яна арандуе побач надзел пад агарод і, калі паробіць свае справы, ужо можа папалоць і кветачкі ў парку, прыбрацца на пляцоўках.

Бывае, што тут хуліганяць. Напрыклад, зламалі верхавінкі ў некалькіх туй. Галіна кажа, што нядрэнна было б зрабіць у парку відэаназіранне, як у горадзе, але гэта каштуе немалых грошай, якія пакуль не знайшліся.

Гарадзішчанскі музей

Раней гэта была закінутая хатка, якая лічыцца на балансе сельсавета. Некалькі гадоў таму вырашылі зрабіць у ёй музей. Мясцовая настаўніца гісторыі Наталля Бартошык стварыла праект музея, які адправіла ў Міжнародны фонд падтрымкі мясцовых супольнасцяў. Фонд выдзеліў грошы. Вяскоўцы талакой адрамантавалі хатку: паднялі фундамент, падправілі сцены, зрабілі рамонт.

Як згуртаваць вясковую талаку для добрых спраў, Слуцк

Сама Наталля Бартошык прыклала намаганні для стварэння экспазіцыі ў музеі. З этнаграфічнай залай дапамагла педагог Валянціна Дзяшчэня. Жыхары прыносілі старыя рэчы, у каго што было. Таксама сюды «пераехалі» экспанаты музея мясцовай школы.

Асноўную частку экспазіцыі музея складаюць фотаздымкі заслужаных людзей сельсавета: навукоўцаў, ветэранаў-франтавікоў, ветэранаў працы і іншых. Цікавы момант — большасць людзей носяць прозвішчы Салавей і Грак.

Асобны куток займае «народны доктар» Пракофій Данілавіч Бартошык — фельчар, які ўсё жыццё клапаціўся пра мясцовых жыхароў і славіўся тым, што добра лячыў травамі.

Яшчэ адно пачэснае месца займаюць партрэты былой старасты вёскі Яўгеніі Сыцько і кіраўніка фірмы «Стронг-2002» Мікалая Гурыновіча, якія шмат зрабілі для вёскі ўвогуле і для музея ў прыватнасці.

Як згуртаваць вясковую талаку для добрых спраў, Слуцк

Дзякуючы Яўгеніі Сыцько і сабралася такая вось грамада ў Гарадзішчы. На жаль, жанчына пайшла з жыцця. Яе імем цяпер называецца вуліца, на якой стаіць музей.

Каплічка і помнік прыгажуні-партызанцы

Але асабліва драматычная гісторыя з жыцця Гарадзішчанскай грамады звязана з мясцовымі могілкамі. Каля 10 гадоў таму праходзіла добраўпарадкаванне могілак: з іх выдалілі ўсе дрэвы. Падчас работ у зямлі знайшлося некалькі старых захаванняў, якія вызначаліся толькі невялікімі камянямі з выбітымі імёнамі і гадамі жыцця людзей. На адным з іх было выбіта імя Марыя Грак і пазначана, што яна загінула ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 22-гадовым узросце.

Знайшлі родных Марыі, і тыя расказалі, што дзяўчыну ў час фашысцкай акупацыі немцы павесілі на шыбеніцы ў цэнтры Слуцка за тое, што яна дапамагала партызанам. Яе цела потым звезлі і кінулі ў брацкую магілу ў іншай вёсцы. Бацькі Марыі прыехалі і знайшлі дачку па сукенцы. Перапахавалі цела дачкі ў родным Гарадзішчы. Знайшліся і фотаздымкі Марыі — яна была прыгажуняй.

Як згуртаваць вясковую талаку для добрых спраў, Слуцк

Расчуленыя гэтай гісторыяй людзі сабраліся і ўсталявалі новы помнік дзяўчыне.

Як згуртаваць вясковую талаку для добрых спраў, Слуцк

Таксама Гарадзішчанская грамада агульнымі сіламі пабудавала на могілках каплічку. Браў удзел у гэтым і старшыня сельсавета. Дзякуючы яму над уваходам у каплічку з’явіўся прыгожы каваны брылёк.

Як згуртаваць вяскоўцаў

Галіна Грак і Уладзімір Гарбенка расказваюць: «Калі старастай была Яўгенія Сыцько, яна і стварыла такую грамаду. Звычайна, калі трэба было штосьці разам зрабіць, яна хадзіла па дварах і размаўляла з найбольш актыўнымі жыхарамі, а тыя ўжо гутарылі з усімі на сваёй вуліцы. На адной вуліцы перагаворыць, на другой, на трэцяй — і людзі масава падключаюцца да працы, да агульнай справы.

Напрыклад, калі саджалі алею, прыйшлі ўсе вяскоўцы. Ну як у гонар сваёй матулі не пасадзіць дрэўца? Здавалі грошы, прыходзілі, садзілі, потым даглядалі, палівалі. Калі адны людзі штосьці робяць, то яны падаюць прыклад, і іншыя таксама падключаюцца».