У «Кур’ер» звярнуўся жыхар вёскі Бокшыцы Мікалай Іванавіч. Ён паскардзіўся, што на вуліцы Трудавой, дзе ён жыве, буйнагабарытны транспарт разбівае дарогу. Мужчына патрабуе ўсталяваць там знакі, каб забараніць уезд трактарам і грузавікам. У ДАІ патлумачылі, чаму яны гэтага не зробяць.

Што кажуць жыхары Бокшыц

Мікалай Іванавіч у сваім звароце ў «Кур’ер» распавёў, што сельскагаспадарчая тэхніка, якая едзе праз вуліцу Працоўную, псуе дарожнае пакрыццё. «Ляжыць асфальт на дарозе, дык трэба яго дабіць!» — эмацыйна каментуе сітуацыю мужчына.

Реклама

Па яго словах, ямы, якія ствараюцца на асфальце, мясцовыя жыхары рэмантуюць самі, засыпаючы друзам, але такі рамонт — ненадоўга, бо каменьчыкі вываліваюцца з ям.

«Кур’ер» прыехаў у Бокшыцы і спытаў у мясцовых жыхароў пра праблему. Суседзі Мікалая Іванавіча — дачнікі — расказалі, што, калі да іх прыязжае ўнук, з-за сельгастэхнікі і проста легкавых машын, якія хутка едуць праз вёску, дзіця не выпускаюць на вуліцу без нагляду. Яшчэ яны ўспомнілі выпадак, калі другая іх суседка праз гэтую сітуацыю нават выклікала міліцыю, бо таксама баялася за сваіх унукаў.

Што адказала ДАІ

Уладзімір Гарбенка, старшыня Бокшыцкага сельвыканкама, звярнуўся ў ДАІ з запытам аб тым, каб на Працоўнай паставілі адпаведныя дарожныя знакі, што забаранілі б па ёй ездзіць буйнай тэхніцы.

Але ён атрымаў адмову. У адказе Уладзіміру Віктаравічу ДАІ напісала, што падчас абследавання вуліцы па ёй праехаў толькі адзін трактар філіяла ПСГ «Слуцкая Ніва».

Трэба дадаць, што карэспандэнт «Кур’ера» была ў Бокшыцах паўгадзіны ў дзённы час, і тады па вуліцы таксама не праехала ніводнага трактара ці грузавіка. Але ямы на асфальце, засыпаныя друзам, там сапраўды ёсць.

«Ляжыць асфальт, дык трэба яго дабіць!» Чаму жыхары Бокшыц скардзяцца на сельгастэхніку, што ездзіць па вёсцы, і што адказвае ДАІ
Фота: Глеб Рулёў