Слуцк, 1920 год. Уладзіслаў Галубок (сядзіць у цэнтры), выдатны тэатральны дзеяч, пісьменнік і рэжысёр, чыё імя зараз носіць Слуцкі народны тэатр, з сябрамі таварыства «Папараць-кветка». Фота з адкрытых крыніц
На пачатку ХХ стагоддзя, асабліва пасля Лютаўскай рэвалюцыі, на ўскраінах Расійскай імперыі ўзнялася моцная хваля нацыянальнага руху. Значную ролю ў ім адыграў менавіта Слуцк, дзе ўзнік сапраўдны агеньчык беларускага нацыянальнага адраджэння.
Гаворка ідзе пра культурна-асветніцкае таварыства «Папараць-кветка». Яго некаторыя даследчыкі разглядаюць як ідэалагічны падмурак Слуцкага збройнага чыну 1920 года, і яны маюць рацыю. А калі глядзець глыбей, то дзейнасць «Папараць-кветкі» стане ў нейкім сэнсе вызначальнай у фарміраванні многіх рыс сучаснай беларускай культуры.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі, 105 гадоў таму, па ініцыятыве Радаслава Астроўскага, мясцовага памешчыка і камісара Слуцкага павета пры Часовым урадзе, у ліпені 1917 года ў Слуцку была заснавана Беларуская гімназія. Сёння няма адназначнага адказу, дзе яна размяшчалася. Адны крыніцы называюць будынак сучаснай гімназіі №1, другія — камерцыйнае вучылішча. Магчыма, спачатку так і было. Учынак Астроўскага і стане штуршком для з’яўлення ў горадзе «Папараць-кветкі».
Ужо ў верасні 1917 года навучэнцы Беларускай гімназіі Сяргей Бусел і Янка Ракуцька стварылі культурна-асветніцкае таварыства «Папараць-кветка». Па поглядах члены аб’яднання належалі да розных палітычных плыняў, але ўсіх іх аб’ядноўвала беларуская справа.
Мэтай дзейнасці «Папараць-кветкі» аб’яўлялася вывучэнне і прапаганда беларускай мовы, культуры і мастацтва, далучэнне да культурных каштоўнасцей шырокага кола насельніцтва. Трэба адзначыць, што заснавальнікі таварыства глядзелі значна далей звычайнай асветніцкай дзейнасці. У першым пункце статута «Папараць-кветкі» значылася такая задача: «Падрыхтаваць сваіх сяброў на сьвядомых грамадзян, якіе б у будучыне маглі аддаць сваю моц на карысьць Беларусі» (стыль і арфаграфія арыгінала).
У кастрычніку 1919 года, калі ў аб’яднанні сталі пераважаць дарослыя, маладзёжная арганізацыя «Папараць-кветка» ператварылася ў грамадскую.
Складалася аб’яднанне з літаратурнай, краязнаўчай, харавой і тэатральнай секцый. Сярод жыхароў павета папулярнасцю карысталіся выпушчаныя аб’яднаннем два нумары часопіса «Наша каляіна». Паступова з’яўляліся філіялы арганізацыі: у вёсках Старыца, Засялонне, Ліпнікі, Ісерна, мястэчках Грозава і Сухая Міля. Былі закладзены чытальні ў вёсцы Заграддзе і ў слуцкім прадмесці Востраў. З дапамогай сяброў аб’яднання ў павеце адкрываліся беларускія школы, для настаўнікаў былі наладжаны спецыяльныя беларускамоўныя курсы.
У Слуцку харавая і тэатральная секцыі святочнымі вечарамі ставілі прадстаўленні, рабілі выезды з канцэртамі і пастаноўкамі ў вёскі і мястэчкі павета. Яе ўдзельнікі запрасілі з Мінска хор пад кіраўніцтвам нашага земляка Уладзіміра Тэраўскага, які даў вечар-канцэрт, на наступны дзень — спектакль. Падзеяй для горада стала выступленне хора падчас абедні ў гарадскім Мікалаеўскім саборы.
З тэатральнай секцыяй летам 1920 года працаваў прыехаўшы з Мінска Уладзіслаў Галубок, выдатны тэатральны дзеяч, пісьменнік і рэжысёр, чыё імя зараз носіць Слуцкі народны тэатр.
Аўтарытэт і поспехі аб’яднання набылі такія памеры, што да яго ўрэшце далучылася практычна ўся слуцкая інтэлігенцыя.
Дзейнасць «Папараць-кветкі» заўважыў і адзначыў паэт Янка Купала. У газеце «Беларусь» за 15 лістапада 1919 года ён пісаў: «…перада мной ляжыць беларуская часопісь «Наша каляіна». Выдана яна ў Слуцку! Слуцак — павятовы гарадок — куды яму, здавалася бы, лезьці ў людзі ды яшчэ з сваёй газэтай! Аднак палез. Беларуская душа, як бачым, — жывучая, творчая, як яе не заганяй у казіны рог, а яна збудзіцца і затрапечацца.
Мала таго: гэта часопісь зьяўляецца органам беларускай нацыянальнай злучнасьці «Кветка-Папараці», каторая сваю чыннасьць пашырае на ўвесь Слуцкі павет і нават далей, за яго межы. Гэта папраўдзе, як у песьні сьпяваецца: «А ў Слуцку на рыначку сталася праява!». Так, сябры, гэта вялікая праява! Адбудаваньне незалежнасці Беларускай Дзяржавы бярэ ў свае рукі наша моладзь. Чэсьць і слава табе, беларуская моладзь, паўстаючая з пад беларускай саломеннай страхі! Ты сама сваімі рукамі адбудуеш сабе і сваім патомкам лепшую і сьвятлейшую будучыну. На бок з дарогі, панове і гаспада з Захаду і Ўсходу! Беларуская моладзь ідзе!» (стыль і арфаграфія арыгінала).
Улады, што ў паслярэвалюцыйныя часы часта мяняліся на Случчыне, да беларускай справы ставіліся нядобразычліва. Падчас нямецкай і двух польскіх акупацый прыходзілася працаваць падпольна.
У пачатку 1922 года, калі прайшлі шматлікія арышты беларускіх нацыянальных дзеячаў, «Папараць-кветка» спыніла сваё існаванне.
Савецкая ўлада праз некаторы час па-свойму «ўлічыла» дзейнасць актывістаў «Папараць-кветкі». Фабіян Шантыр, які дапамагаў наладжваць работу таварыства, у 1920 годзе быў расстраляны; Андрэй Бараноўскі і Юрка Лістапад расстраляны ў 1938 годзе; Сяргей Бусел у 1940 годзе прыгавораны да 15 гадоў лагераў; Васіль Русак у 1946 годзе — да 10 гадоў; Алесь Аніхоўскі ў 1931 годзе высланы на 5 гадоў з Беларусі, а потым атрымаў 8 гадоў лагераў; Іван Ракуцька ў 1930 годзе праходзіў па «справе Саюза вызвалення Беларусі»; па гэтай жа «справе» Мікалай Мамчыц быў высланы за межы Беларусі, а ў 1937 годзе прыгавораны да 10 гадоў лагераў; Улас Дубіна ў 1933 годзе высланы з Беларусі.
В тёплый период в меню кафе и ресторанов появляется холодник. Но если в большинстве заведений…
Смотрите подборку фотографий «Кур'ера» из жизни Слуцка в 2002 и 2012 годах (в конце июня).…
В понедельник, 27 июня, в редакцию «Кур'ера» обратилась случчанка. Женщина рассказала, как она и люди,…
20.03.2022 около 17 часов 10 минут на 115 км автодороги Р-23 «Минск-Микашевичи» произошло ДТП с…
В четверг, 30 июня, работник ПМС, который обкашивал берег реки Случь, в 13.20 обнаружил в…
Корреспондент «Кур’ера» прогулялась по Слуцку в четверг, 30 июня. (далее…)