Месца нараджэння – Нью-Ёрк. Як склаўся лёс случчанкі, сям’я якой вярнулася дадому з Амерыкі

Месца нараджэння – Нью-Ёрк. Як склаўся лёс случчанкі, сям’я якой вярнулася дадому з Амерыкі, Слуцк
Алена Фамінічна Гіль нарадзілася ў Нью-Ёрку. Вярнуўшыся ў Бязверхавічы, перажыла разам з сям’ёй вайну, канцлагер, голад і холад.  Фота з архіва Слуцкага краязнаўчага музея

У пачатку XX стагоддзя, пасля першай рускай рэвалюцыі 1905 года, прызначаны прэм’ер-міністр Расійскай імперыі Пётр Сталыпін накіраваў унутраную палітыку краіны на тое, каб падняць жыццёвы ўзровень сялян.

У іх з’явілася магчымасць пераязджаць на жыхарства ва ўсходнія раёны Расіі, засяляць і абжываць Сібір. У Беларусі беззямельныя сяляне сталі асвойваць не толькі землі Сібіры, але і далёкага Захаду — ЗША.

Реклама

Так у 1905 годзе паступіў і жыхар вёскі Бязверхавічы Фама Гіль. Уладкаваўшыся і крыху абжыўшыся ў Нью-Ёрку, Фама выклікаў да сябе і сваю нявесту — Соф’ю Есіповіч. Там маладыя людзі і пажаніліся.

Фама працаваў рабочым на швейнай фабрыцы, меў сваю добрую вялікую кватэру, штотыдзень атрымліваў прыстойны заробак.
Пражыла сям’я Гіль за акіянам 19 гадоў, за якія на свет з’явіліся чацвёра дзяцей. Адна з іх — Алена.

Але былых жыхароў Бязверхавічаў заўсёды цягнула на радзіму. І вось у 1925 годзе сям’я Гіль вярнулася ў родную вёску.

Жыццё на радзіме

Не такім уяўлялі сабе жыццё ў Беларусі Фама і Соф’я. Пасля ўладкаванага і камфорт­нага жыцця ў Нью-Ёрку ў Бязверхавічах панавалі голад, холад, галеча. У 1928 годзе сямейства папоўнілася яшчэ адным дзіцём — нарадзілася дачка.

Бацькі, уступіўшы ў 1929 годзе ў калгас, працавалі як катаржныя, каб пракарміць вялікую сям’ю. Але ў 1930-м не вытрымала сэрца ў галавы сям’і, і пайшоў ён з гэтага свету. Маці ўзваліла на свае плечы клопат аб дзецях, аб тым, як пракарміць і апрануць іх. Старэйшыя як маглі дапамагалі маці. Паслі кароў, авечак. Каб не памерці ад голаду, Соф’я Іосіфаўна мяняла залатыя рэчы, якія прывезлі з Нью-Ёрка, на прадукты харчавання.

Вайна

Дачка Алена перад вайной скончыла 10 класаў, была актывісткай, дарэчы, камсамольскі білет захоўвала да канца свайго жыцця.
Калі пачалася вайна, два яе старэйшыя браты Цімафей і Міхаіл пайшлі на фронт. Мужна і стойка ваявалі яны з ворагам.

Восенню 1943 года, калі Алена была на Слуцкім рынку, была аблога, разам з іншымі людзьмі яе схапілі немцы. Тры месяцы яна правяла ў Слуцкай турме.

Пасля дзяўчыну і іншых вязняў прывезлі ў канцлагер, які быў тады на вуліцы Віленскай у 1-м ваенным гарадку. Кармілі людзей адзін раз у дзень, ды й ежай тое было складана назваць. Прымушалі працаваць, рыць акопы, вазіць пясок. Неаднаразова бачыла Алена расстрэлы людзей.

Знаходзілася дзяўчына там да вызвалення Слуцка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Жыццё пасля вайны

І вось, нарэшце, радасць вызвалення, доўгачаканая свабода. Пешшу прыйшла Алена Гіль дадому, у Бязверхавічы. Маці і малодшую сястру яна знайшла ў вёсцы Бранава, дзе яны хаваліся ў знаёмых.

Вярнуліся дадому і заспелі пажарышча. Да 1949 года, пакуль не пабудавалі хату, жылі ў склепе, у якім пячнік склаў печ.

Пасля вайны Алена Фамінічна працавала справаводам у сельскім савеце, затым рабочай Бязверхавіцкага цагельнага завода. 20 гадоў, аж да выхаду на пенсію, — у гархарчгандлі.

У апошнія гады жыцця Алена Фамінічна пражывала ў прыгожай утульнай хаце ў цэнтры вёскі Бязверхавічы.

У 2002 годзе ёй па запыце з ЗША, са штата Нью-Ёрк, даслалі пасведчанне аб нараджэнні, па якім яна атрымала новы беларускі пашпарт, дзе ў графе «месца нараджэння» — г. Нью-Ёрк.