Як сапёр стаў чырвонафлотцам

0
Аляксандр Севасцьянавіч Дайнека сярод ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — былых байцоў Карэльскага фронту.  Фота з фондаў Любанскага музея народнай славы

Лёс гэтага чалавека не пеставаў. Наадварот, ужо з малых гадоў падвяргаў выпрабаванням.  Ён вытрымаў усё, бо меў сілу духа, цвёрды характар, быў здольны цярпліва пераносіць любыя цяжкасці. Згаданыя якасці асабліва яскрава выявіліся ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Аляксандр Дайнека нарадзіўся 20 студзеня 1920 года ў звычайнай сялян­скай сям’і, якая жыла ў вёсцы Вялі­кія Гарадзяцічы Любанскага раёна. Ён быў жаданым дзіцём, але цешыцца шчасцем бацькам давялося нядоўга: у 1922-м маці Соф’я Фёдараўна памерла. Бацька пагараваў ды й ажаніўся другі раз.

Реклама

У 1930 годзе Севасцьян Аляксандравіч не надта ахвотна ўступіў у мясцовы калгас. Аднак пасля з калгаса выйшаў. Савецкая ўлада гэта не даравала: хутка бацьку арыштавалі як ворага народа і асудзілі на пяць гадоў лагераў. На руках у Ефрасінні Савічны засталіся пяцёра малалетніх дзяцей. Аляксандр, як самы старэйшы, стаў надзейным памочнікам мачахі, падзяліўшы з ёй усе клопаты па гаспадарцы і здабыванні сродкаў.

Бацька ад непасільнай працы, ад голаду ды холаду моцна захварэў. І ў сту­дзені 1938-га яго не стала…

У верасні 1940-га Аляксандра Дайнеку заклікалі на службу ў Чырвоную Армію. Ён стаў стралком 34-й асобнай роты, якая дыслацыравалася ў ваколіцы Ленінграда. Там ён і сустрэў Вялікую Айчынную вайну.

У пачатку ліпеня Дай­нека, ужо баец 295-га асобнага сапёрнага батальёна, разам з падраздзяленнем займаў пазіцыі на рацэ Луга, ствараючы знакаміты Лужскі рубеж, які больш чым на месяц стрымаў імклівае прасоўванне матарызаваных гітлераўскіх часцей да Ленінграда.

Батальён будаваў умацаванні, мініраваў падыходы да іх, а потым тут жа адбіваў атакі нямецка-фашысцкіх войскаў.

У пачатку 1942-га Аляксандра, які стаў байцом аднаго з лыжных батальёнаў, перакінулі на Карэльскі фронт. Ён быў самым паўночным і самым доўгім — больш як паўтары тысячы кіламетраў. Сярод іншых Карэльскі фронт вылу­чаўся яшчэ вельмі суровым палярным кліматам і складаным рэльефам мясцовасці — скалы, бяскрайнія тундры з рэдкімі купкамі карлікавых бярозак, непраходныя балоты, сцюдзёныя азёры, хуткія рэкі. Актыўныя баявыя дзеянні ў падобных умовах ніяк не маглі быць лёгкімі.

Лыжныя батальёны якраз і былі той манеўранай ударнай сілай, што магла імкліва перамяшчацца па заснежаных лясах і тундры, здзяйсняць дзёрзкія рэйды, нечакана атакаваць варожыя пазіцыі. Тым і займаўся Аляксандр Севасцьянавіч.

У адным з баёў у снежні 1942-га Дайнеку цяжка параніла. Назад са шпіталю ў свой батальён ён ужо не вярнуўся, у красавіку 1943 года быў залічаны ў склад 85-й марской стралковай брыгады. Так былы сапёр стаў чырвонафлотцам.

Як сапёр стаў чырвонафлотцам, Слуцк
Чырвонафлотец Аляксандр Дайнека (ляжыць злева) разам з сябрамі ў Саратаве. Фота з фондаў Любанскага музея народнай славы

У чэрвені 1943-га яго зноў параніла. Выпісаўся са шпіталю Аляксандр Дайнека ў ліпені. З гэтага месяца брыгада ўваходзіла ў склад 31-га стралковага корпуса, які трымаў абарону на Кестэньгскім накірунку.
У лютым 1944 года, калі на фронце ўсталявалася адноснае зацішша, на базе 85-й і 61-й марскіх стралковых брыгад была сфарміравана 83-я стралковая дывізія. І Аляксандр Дайнека стаў намеснікам камандзіра аддзялення роты аўтаматчыкаў 26-га стралковага палка гэтай дывізіі. Так камандаванне ацаніла яго франтавы вопыт, асабістую адвагу і смеласць.

…Гэты бой у журнале баявых дзеянняў дывізіі апісаны даволі падрабязна. У ноч з 7 на 8 красавіка 1944-га ўзвод аўтаматчыкаў у колькасці трыццаці чалавек выйшаў на патру­ляванне мясцовасці. У тры гадзіны ночы байцы выявілі групу праціў-ніка і завязалі з ёй перастрэлку. Праз паўгадзіны на дапамогу патруля­ваўшым прыйшлі іншыя падраздяленні 26-га стралковага палка з артылерыяй і мінамётамі. У выніку моцнага ўдару гітлераўцы адкаціліся на сто метраў. Але, крыху ачомаўшыся, кінуліся ў контратаку. Калі ж яе адбілі, кіну-ліся ў другую. І яе адбілі. Камандаванне палка падцягнула рэзервы, якія ўдарылі ў фланг фашыстам. У выніку іх зноў адкінулі на 400-500 метраў. Прыкрыўшыся шквальным артыле-рыйскім агнём, гітлераўцы паспешліва пачалі замацоўвацца на гэтых пазіцыях.
З дапросаў палонных высветлілася, што супраць палка дзейнічала група эсэсаўскай дывізіі «Норд» у колькасці 500-550 чалавек.
У 7.30 раніцы ў бой уступілі рэзервы 83-й стралковай дывізіі. Удар з фронта і па флангам варожай групоўкі быў магутным. Разбіты нямецкі атрад пачаў у беспарадку ўцякаць.

Аляксандр Дайнека быў удзельнікам гэтага бою ад пачатку і да канца. Акрамя таго, падчас бою ён аказваў першую дапамогу параненым таварышам, выносіў іх у бяспечнае месца. А сам вяртаўся на перадавую. За такія гераічныя дзеянні Аляксандра Севасцьянавіча ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.

У адным з баёў у ліпені 1944-га Дайнеку трэці раз цяжка параніла. У часць ён вярнуўся ў верасні.

Як сапёр стаў чырвонафлотцам, Слуцк
Фота з фондаў Любанскага музея народнай славы

Але, напэўна, здароўе салдата ўжо было сур’ёзна падарвана раненнямі. І пад канец 1944 года яго накіравалі на вучобу ў Саратаўскае ваенна-палітычнае вучылішча. Там ён і сустрэў Вялікую Перамогу. Неўзабаве падаспела дэмабілізацыя. Ужо пасля вайны Аляксандр Дайнека скончыў Магілёўскую савецка-партыйную школу, а затым Мінскі кааператыўны тэхнікум. Працаваў у гандлі, неаднаразова выбіраўся дэпутатам Любанскага райсавета, Рачэнскага сельсавета, членам райкама КПБ, членам праўлення райспажыўсаюза, засядацелем Мінскага абласнога і Любанскага раённага судоў, зрабіў някепскую кар’еру па прафсаюзнай лініі, бо заўсёды ставіўся да справы з адказнасцю і настойлівасцю.

У 1996 годзе Аляксандра Дайнекі не стала.