Наш Лёня Якубовіч. Памяці таленавітага паэта-земляка

Наш Лёня Якубовіч. Памяці таленавітага паэта-земляка, Слуцк
Няпоўных 22 гады жыцця адмерыў лёс Леаніду Якубовічу, ураджэнцу вёскі Радкава, што на Салігоршчыне. Пасля сябе ён пакінуў шчырыя, пранікнёныя вершы аб Беларусі, родных мясцінах, прыродзе і пачуццях. Фота даслала Валянціна Бабко-Аляшкевіч

Сярэдняга росту, хударлявы, прыгожы, сарамлівы, ён пачынаў заікацца пры малейшым хваляванні.  А ўсё пачалося ў дзяцінстве. Калі Лёню было гадоў сем-восем, здарылася ў вёсцы жудасная навальніца. Маланка паласавала небасхіл, біла ў зямлю, у дрэвы, у пабудовы.


Маленькі Лёнік сядзеў на лаве, побач з электрычнай разеткай, калі маланка моцна трэснула па іх хаціне. З разеткі паляцелі іскры, хлопчык закрычаў ад жаху, упаў на падлогу і залез пад лаву. На яго адчайны плач у хату ўбегла маці, схапіла дзіця на рукі, прытуліла да сябе і доўга не магла супакоіць. Калі ж хлопчык крыху прыціх, матуля пачала пытацца ў яго, чаго так моцна плакаў. І Лёнік не змог адразу адказаць, ён пачаў заікацца.

Куды толькі маці ні вазіла хлопчыка, а цалкам пазбавіць ад заікання яго так і не атрымалася. Праўда, калі Лёня не хваляваўся, ён размаўляў спакойным, ціхім голасам.

Реклама

Акрамя Лёні, у сям’і раслі яшчэ двое дзяцей: сястра Ніна і брат Міша. Гадаваліся без бацькі, а таму з маленства былі знаёмыя з любой вясковай працай — і па гаспадарцы, і на зямлі, і на калгас­ных палетках.

Лёня рана пачаў пісаць вершы, добра вучыўся ў школе. Пасля яе заканчэння пайшоў працаваць паштальёнам у вёску Чапялі. Праз некаторы час уладкаваўся на 2-гі руднік.

Наш Лёня Якубовіч. Памяці таленавітага паэта-земляка, Слуцк
Фота з сайта solilit.narod.ru

Першы верш Леаніда быў надрукаваны ў газеце «Чырвоная змена» ў 1965 годзе. У 1967-м ён увайшоў у штат рэдакцыі салігорскай раённай газеты «Шахцёр». Паступіў на завочнае аддзяленне БДУ, факультэт журналістыкі. Стаў членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго вершы ўвайшлі ў калектыўныя зборнікі «Рунь» і «Універсітэт паэтычны», а затым убачыў свет яго першы паэтычны зборнік «Я з вамі, вёсны…». Маладога паэта пачалі запрашаць на літаратурныя сустрэчы ў клубы, школы, вучылішчы.

Асабліва ганарыліся таленавітым вучнем у Чапялёўскай сярэдняй школе, дзе ён вучыўся. Я была ў класе сёмым, калі Леаніда запрасілі выступіць з вершамі перад вучнямі Чапялёўскай школы. У спартыўнай зале паставілі лаўкі, і мы, дзеці з Радкава, паселі ў першых радах. А як жа — зямляк будзе выступаць!

Адчыніліся дзверы, і ў залу ўвайшоў наш Лёня Якубовіч. Убачыўшы мноства цікаўных вачанят, якія з захапленнем глядзелі на яго, Лёня пачырванеў, затым падышоў да стала, разлажыў рукапісы, крыху пастаяў і пачаў чытаць свае вершы. Мы ўсе як зачараваныя слухалі паэта. Ён крыху заікаўся, але гэта чамусьці вельмі пасавала яму. Леанід чытаў вершы аб працы ў шахце, пра родную вёску, пра каханне і вёсны. Кожны яго верш мы праводзілі апладысментамі.

Па заканчэнні сустрэчы добрае слова паэту сказаў дырэктар школы Мікалай Пятровіч Кулакоўскі, доўга трос яму руку, дзякуючы за цудоўныя вершы. А Лёня зноў заліваўся чырванню і толькі сарамліва ўсміхаўся.

А колькі гонару было ў нас, радкаўскіх дзяцей, за свайго земляка, не расказаць! Мы проста ззялі ад радасці!

…Летам 1970 года нашу вёску Радкава апаліла вестка: Лёня, наш Лёня Якубовіч, трагічна загінуў у шахце. Вялікая жалоба ахапіла яго землякоў. Нельга было без слёз глядзець на яго маці і родных.
Няпоўных 22 гады жыцця адмерыў яму лёс…

Гэтай вясной 21 сакавіка нашаму Лёню споўнілася б 74. Колькі б вершаў ён напісаў! Колькі б кніг выдаў! Якая перспектыва адкрывалася перад ім!..

І глядзіць з помніка шчырым позіркам маладых вачэй наш Лёня, сапраўдны сын сваёй зямлі, на сваю родную вёску, навекі застаўшыся юнаком. Кожны раз бываючы на могілках, а бываю я кожныя два-тры месяцы, не прамінаю зазірнуць да паэта, прачытаць свае новыя вершы пра нашу родную вёску, якую ён любіў усім сэрцам. Магчыма, Лёня мяне чуе…

Вершы Леаніда Якубовіча

Іду ў жыццё
Адным — каб вецер, каб дарогі,
Каб неба шыр над галавой,
I не бяда, што шмат трывогі,
Што вечна ў сэрцы неспакой.
Любую плынь бяруць іх вёслы, —
Плывуць і не клянуць раку…
Люблю людзей з падобным лёсам,
Люблю, хто з сон­цам — за руку.
Другім жа трэба ціш, утульнасць,
Надзьмуты ветразь — не для іх;
Жывуць, дрымотаю атулены,
У бярлогах модненькіх сваіх.
А я — не так… А мне — каб сонца
Ды песень радасны прыбой!..
He для мяне затокі сонныя…
Я з вамі, вёсны, вам я свой!

***
О, добрыя, ціхія хаты —
Калыскі вясковых хлапцоў!..
Люлялі калыскі багата
І казак, і цёплых сноў.

Люлялі, ды мы ўцякалі
Насустрач нязведанным дням,
А хаты чакалі, чакалі,
Чакалі і верылі нам.

І мы, наглытаўшыся пылу
Далёкіх і цяжкіх дарог,
Вярталіся…
Большае сілы,
Як ступіш на родны парог!

А ўсё ж, адпачыўшы, казалі:
«Бывай, родны кут, бывай!»
А хаты чакалі, чакалі,
Каб зноўку пачуць: «Бывай!..»

***
Між ціхіх ліп, мiж звонкіх сосен,
У зялёны май пайшлі ўдваіх.
Iм травы ногі шчодра росяць,
I ноч для іх — для іх адных.
Не трэба сцежак пратаптаных —
Вясна гасцінцам пралягла.
Прыкрыла ночка закаханых
Пяшчотай сіняга крыла.
Вянок вянчальны — неба ў зорах,
А маладзік — вясёлы сват.
Ім падарункі — кветак мора,
I пошум дрэў, як спеў дзяўчат.
Рука ў руцэ… I сэрца к сэрцу…
I шчасце вусны п’юць і п’юць…
Вясельным май у нас завецца,
Шчаслівы май у нас завуць!