Як сям’я Мурашка з Бязверхавічаў у вайну ратавала сям’ю яўрэяў

0
Як сям’я Мурашка з Бязверхавічаў у вайну ратавала сям’ю яўрэяў, Слуцк

11 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Хто ведае, можа такіх ахвяр генацыду было б значна больш, каб не смеласць і чалавечнасць нашых землякоў.


Гэту гісторыю расказаў «Кур’еру» пенсіянер Міхась Мурашка з вёскі Бязверхавічы Слуцкага раёна.

«Я пасля вайны нарадзіўся, гэта ўсё мне распавялі мае маці і бабуля.
У 1942 годзе летам да нас у Бязверхавічы прыйшла сям’я яўрэяў з сямі чалавек. Гэта былі мужык з жонкай, чацвёра дзяцей і бабуля. Як яны казалі, ім пашчасціла ўцячы са слуцкага гета.

Реклама

Зайшлі ў хату да Пятра Якаўлевіча Мурашкі. Гэта мой тата. Папрасіліся пераначаваць. Раніцай пачалі пытаць, дзе тут можна знайсці прыстанішча. Лесу няма, мясцовасць бязлесная. І жылі два тыдні ў нашым склепе на 10 квадратных метраў. Маці з маёй бабуляй насілі ім есці і выносілі за імі.

Яны не маглі выходзіць на вуліцу, хаваліся, таму што хто-небудзь з суседзяў далажыў бы новым уладам. Тады б не пашан­ца­вала не толькі ім, але і ўсёй нашай сям’і — прыехала б гестапа і забралі б усіх.
А ў бацькоў было тады пяцёра дзяцей. Хто ж ведае, якія думкі ў тых суседзяў?

Бацькі ведалі, што сярод іх былі і тыя, хто за 10 рублёў кэдэбістам пісаў даносы, і ні ў чым не вінаватых людзей адпраўлялі ў лагеры. Людзі былі напужаныя.

Мой бацька быў на Фінскай вайне, вярнуўся паранены, пасля чаго стаў інвалідам 2-й групы, меў ордэн. Дык немцам на яго нехта данёс, што ў яго быў ордэн. Яго забралі ў камендатуру, але адпусцілі.

Яўрэйская сям’я пражыла ў нас два тыдні. Магчымасці кудысьці самім пайсці ў іх не было — адразу б злавілі. Тады мая бабуля звярнулася да ўнука Лёні, майго стрыечнага брата, які служыў у паліцыі. Сказала: «Лёнік, завядзі іх у партызаны, таму што дазнаюцца ўсё роўна. І нас расстраляюць, і цябе таксама, хоць ты і паліцай». А ён быў звязаны з партызанамі, выконваў іх заданні.

Ноччу Лёня ўзяў каня, яўрэяў, паселі на воз, з сабой ім далі солі, спічак, ежы. І Лёня адвёз іх за Грэск. Там была партызанская брыгада.

Уся гэта яўрэйская сям’я выжыла, яны ў горадзе потым жылі. Я гэта ведаю, таму што мяне пасля вайны бацька браў з сабой на базар, які размяшчаўся на плошчы, дзе зараз Дом дзіцячай творчасці. І там тату ўсе яўрэі півам частавалі, дзякавалі за ўчынак, які выратаваў сем жыццяў. А Лёню, калі немцаў з Беларусі пагналі, у Чырвоную Армію прызвалі, і ён Берлін браў. У яго нават медаль ёсць «За ўзяцце Берліна».