«Нават статак аленяў паблізу пасяліўся». Жыхары слуцкай вёскі Жылін Брод расказалі, як добра яны жывуць

0

Апошні раз «Кур’ер» наведваўся ў слуцкую вёску Жылін Брод дзесяць гадоў таму. І вось сонечнай сакавіцкай раніцай мы зноў завіталі ў гэтыя краі. Надвор’е спрыяла прагулкам, і жыхароў Жылін Брода можна было сустрэць на вуліцы і пагаварыць аб іх жыцці.

«Збіраем ягады, грыбы — зарабляем грошы»

Святлана Матусевіч, стараста вёскі:

Реклама

«Нават статак аленяў паблізу пасяліўся». Жыхары слуцкай вёскі Жылін Брод расказалі, як добра яны жывуць

«Жыву тут ужо 35 гадоў. Працую вартаўніком. У нашай вёсцы 70 жыхароў. 25 чалавек працуюць на вытворчасці — МПУ «Жылін-Брод» Слуцкага лясгаса і прыватнай пілараме Барадзіна. Магазін закрыты ўжо тры гады. Прыязджае аўталаўка. Можна купіць прадукты харчавання, розную дробязь. Калі што яшчэ трэба, прыходзіцца ў горад ехаць. Гэта не вельмі зручна. ФАП ёсць. Пошта прыязджае два разы на тыдзень. Дзіцячы сад і школу закрылі. Возяць дзяцей у Гольчычы.

Цяпер у вёсцы дзве каровы, было 60. Пасля аварыі на ЧАЭС жыхарам Жылін Брода плацілі грошы, так званыя «грабавыя». Мы лічыліся пацярпелымі ад аварыі на ЧАЭС, ва ўсіх былі пасведчанні. Пазней прыязджалі розныя праверкі, вывучалі радыяцыйны фон, сказалі, што ўсё чыста. Ільгот пазбавілі.

А вось што мяне заўсёды радуе — гэта наша прырода. Чыстае паветра, вакол лясы. Нават статак аленяў паблізу пасяліўся. Летам збіраем ягады, грыбы. Можна зарабляць грошы. Раней дары лесу самі вазілі ў слуцкі загатоўчы пункт. Цяпер нарыхтоўшчыкі да нас прыязджаюць».

«Усе трымалі свінаматак, разводзілі парсюкоў»

Ніна Каляда, жыхарка вёскі:

«Нават статак аленяў паблізу пасяліўся». Жыхары слуцкай вёскі Жылін Брод расказалі, як добра яны жывуць

«Мне нядрэнна жывецца. Вось толькі дзед мой памёр 5 гадоў таму. Выхавалі з ім чатырох дзяцей. Нядаўна здарылася вялікае гора — памёр сын у 56 гадоў. Ён быў працавіты чалавек, усё сваімі рукамі рабіў, упрыгожваў. Засталіся ў мяне яшчэ сын і дзве дачкі.

Я сама з Палікараўкі. Была дзіцем, калі Палікараўку фашысты знішчалі. Памятаю, як прыскакаў паліцай на кані і папярэдзіў усіх, каб уцякалі, бо немцы ідуць вёску паліць. Пабеглі мы на Варанецкія балоты, там нарваліся на фашыстаў. Пачалася стральба, шмат людзей загінула…

Нас у сям’і было трое дзяцей. Бацька загінуў у 1943 годзе. Маці памерла ў 1945-м. Спачатку мяне выхоўвалі родныя. А потым брат-падлетак зрабіў нейкую хатку і забраў да сябе. Есці не было чаго. Елі пышкі — так называлі гнілыя бульбіны. Пасля вайны працавала на заводзе ў сталярным цэху. Жылі з гаспадаркі. Трымалі па дзве свінаматкі. Усе ў вёсцы гадавалі свінаматак, разводзілі парсючкоў, прадавалі на кірмашах.

Цяпер жыву на пенсію. У каго з адна­вяскоўцаў 400, у каго 500 рублёў. Гаспадаркі ўжо не трымаю».

«Я задаволены жыццём і зарплатай»

Алег Прыдачук:

«Нават статак аленяў паблізу пасяліўся». Жыхары слуцкай вёскі Жылін Брод расказалі, як добра яны жывуць

«Я нарадзіўся ў Слуцку. А бацькі мае сюды пераехалі з Хмяльніччыны. Таму сачу за падзеямі ва Украіне. Пасля арміі папрацаваў у Мінску на мотавелазаводзе. Цяпер жыву тут, працую на мясцовым заводзе. Я задаволены жыццём і зарплатай. Хата ў мяне дабротная. Дачка дарослая, двое ўнукаў. Жывуць у Мінску».

«Гаварылі, што ў нас як у санаторыі»

Ганна Казак:

«Нават статак аленяў паблізу пасяліўся». Жыхары слуцкай вёскі Жылін Брод расказалі, як добра яны жывуць

«Выгадавала некалькі пакаленняў маленькіх жылінбродцаў — 40 гадоў працавала памочнікам выхавальніка ў садку. Як жылося? Добра! Працавалі, адпачывалі і весяліліся. Дзецям у «жылінбродскім санаторыі» было вельмі цудоўна. Розныя правяраючыя госці з Мінска так і казалі: «У вас тут як у санаторыі».


Абноўлена 6 красавіка ў 14.52. Унесена правільная назва Варанецких балот и прозвішча Барадзіна.