Ці варта прымяншаць значэнне Акта 25 сакавіка

0
Ці варта прымяншаць значэнне Акта 25 сакавіка, Слуцк
Народны Сакратарыят БНР, 1918 год.  Лёсы гэтых людзей склаліся па-рознаму. Адны былі рэпрэсіраваны, а затым рэабілітаваны пасмяротна. Іншыя ў часы ВАВ сталі калабарацыяністамі, трэція эмігравалі назаўжды. Фота: Вікіпедыя

25 сакавіка адзначаецца неафіцыйная дата — Дзень Волі. З 25 сакавіка 1918 года і дагэтуль Беларусь існуе на палітычнай карце Еўропы як самастойная адзінка. Як ні стаўся да беларускага нацыянальнага руху і беларускага народа, факт такі: менавіта ў Трэцяй статутнай грамаце Рады БНР Беларусь упершыню ў гісторыі была абвешчана суверэннай дэмакратычнай дзяржавай.

Прапануем вашай увазе перасказ архіўнага матэрыялу Алеся Чайчыца (Інстытут беларускай гісторыі і культуры), які раней быў апублікаваны на нашым сайце kurjer.info.

Реклама

Кантэкст падзей 1918 года

Канчалася Першая сусветная вайна. Пасля рэвалюцыі 1917 года развальвалася Расійская імперыя. У пачатку сакавіка 1918 года ў беларускім Брэсце расійскія бальшавікі заключылі мір з Нямеччынай.

Па ўмовах міру Расія адмаўлялася ад Прыбалтыкі, Беларусі і Украіны. Выканаўчы камітэт Усебеларускага з’езда вырашыў: Беларусь не павінна застацца «нічыёй зямлёй», яе лёсам павінны распараджацца самі беларусы, а не немцы ці бальшавікі. Легітымнае самаарганізаванае мясцовае прадстаўніцтва ўзяло на сябе адказнасць за будучыню краіны, выдаўшы тры статутныя граматы, у якіх абвяшчаўся дзяржаўны суверэнітэт Беларусі. Беларусь абвясціла аб стварэнні самастойнай дзяржавы праз лічаныя тыдні пасля Эстоніі і Літоўскай Рэспублікі і на паўгода раней за Латвію.

У чым не пашанцавала БНР

Далейшая, ды і папярэд­няя гісторыя Беларускай Народнай Рэспублікі — гэта шмат у чым гісторыя пра шанцаванне і нешанцаванне.

Дзяржавам Балтыі ў 1918-м пашанцавала. У латышоў і эстонцаў не было лініі фронту пасярод краіны, не было прэтэндуючых на іх тэрыторыю з аднаго боку савецкай Расіі, а з другога — Польшчы. У іх былі з аднаго боку бальшавікі, а з другога — Балтыйскае мора. А ў Балтыйскім моры — дружалюбны брытанскі флот, які не толькі аказваў матэрыяльную падтрымку войскам новых краін, але і дапамагаў прыбалтам ваяваць і з бальшавікамі, і з немцамі, аказваючы непасрэдную агнявую падтрымку. Беларускай Народнай Рэспубліцы такая дапамога нават не снілася. А справа па вялікім рахунку
ў геаграфіі.

Ці варта прымяншаць значэнне Акта 25 сакавіка, Слуцк
Паштовая марка часоў БНР. Бальшавікі заяўлялі, што стварэнне БНР уяўляла сабой спробу буржуазна-памешчыцкіх колаў адарваць Беларусь ад Расіі.  Выява: Вікіпедыя

Па выніках грамадзянскай вайны ў былой Расійскай імперыі не ўдалося ўтрымацца незалежнай Украіне з яе, здавалася б, каласальнымі людскімі, матэрыяльнымі рэсурсамі і масавым нацыянальным рухам. Не ўтрымалася ні УНР, ні ЗУНР, ні Пятлюра, ні Скарападскі.

Не ўтрымаліся дэмакратычныя Грузія, Арменія і Азербайджан, якія абвясцілі незалежнасць ад Расіі, нягледзячы ні на выгаднае геаграфічнае становішча і горны ландшафт.

Значэнне заявы аб самастойнасці

Прымяншаць значэнне Акта 25 сакавіка толькі з-за таго, што БНР тады не ўдалося ператварыцца ў паўнапраўную рэспубліку, — гэта ўсё роўна, што папракаць тагачасную слабую беларускую протадзяржаву за тое, што яна не адправіла першага чалавека ў космас або не заваявала выхаду да мора.

Тое, што ўдалося беларускаму руху ў той момант, — гэта паказаць прыклад масавай самаарга­нізацыі людзей, нябачанага раней нацыянальнага ўздыму.

Па ўсёй Беларусі ствараліся органы ўлады новай рэспублікі, па ўсёй распадаючайся расійскай арміі фармаваліся беларускія падраздзяленні. Кульмінацыяй працэсу стаў канец 1920 года — Слуцкі збройны чын.

З прынятай заявай аб сваёй самастойнасці былі вымушаны лічыцца ўсе: ад немцаў, якія з першага дня пачалі змагацца супраць БНР, да Пілсудскага; ад уладаў Літоўскай Рэспублікі да бальшавікоў, якія ўжо 1 студзеня 1919 года аб’явілі ўласную Савецкую Беларускую рэспубліку.