У 2022 годзе значыцца шэраг памятных дат, звязаных з гісторыяй Случчыны. Сярод іх – 180-годдзе з часу адкрыцця ў Слуцку земскай бальніцы (1842). Прапануем чытачам нарыс з кнігі Ігара Ціткоўскага «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры», прысвечаны цікаваму і значнаму помніку гісторыі, знішчанаму ў 2005 годзе.

Слуцкая гарадская бальніца, якая пазней стала называцца земская, сваю гісторыю адлічвае з 1842 года.

Реклама

У той час ужо было фактычна вырашана пытанне пераходу Слуцка з прыватнай уласнасці князя Льва Вітгенштэйна ў дзяржаўную казну, і справамі арганізацыі бальніцы займаліся новыя гаспадары.

Слуцкая земская бальніца, Слуцк
Помнік, якога больш няма. Так выглядаў мураваны корпус Слуцкай земскай бальніцы ў 2017 годзе.  Фота з сайта nasledie-sluck.by

Ансамбль бальнічнага гарадка па вуліцы Турэмнай (цяпер – імя Аляксандра Манахава) фарміраваўся на працягу сярэдзіны XIX — 2-й паловы XX ст. З часам на яе тэрыторыі, якая ўяўляла сабой засаджаны дрэвамі абшырны пляц, размясцілася некалькі бальнічных карпусоў, у асноўным драўляных.

У 1886 годзе на рагу вуліц Нова-Цішкаўскай (цяпер – Ленінская) і Турэмнай (цяпер – Манахава) пабудавалі мураваны двухпавярховы корпус. Менавіта ён і застаўся ў памяці случчан як земская бальніца.
Для будоўлі корпуса выкарыстоўвалася выдатнай якасці цэгла, вырабленая ў вёсцы Хранова (цяпер – Ветка).

Будынак стаяў навідавоку, адсюль пачыналася бальнічная тэрыторыя.
У сціплым, але выразным па архітэктуры будынку заўважаліся рысы позняга класіцызму, а таксама ўжыванне аўтарам праекта прыёму новага на той час стылю мадэрн. Гэта відавочна ў асіметрычным рашэнні плана (невялікая прыбудова да галоўнай часткі прыдавала яму «Г»-падобны выгляд) і фасадаў.

Змешчаныя ў правы бок трохвугольныя франтончыкі галоўнага і тыльнага фасадаў, упрыгожаныя адмысловымі драўлянымі элементамі (характэрная прыкмета так званай «альпійскай архітэктуры»), сталі вобразным акцэнтам будынка. Франтончык галоўнага фасада вызначаў уваход з боку вуліцы. Пасля вайны ён быў закладзены і ператварыўся ў аконны праём, а ўваход быў арганізаваны з супрацьлеглага боку, са двара.

Унутраная планіроўка асноўнай часткі была калідорная, з двухбаковым размяшчэннем палат. Першапачаткова мелася скляпенне, невялікія арачныя вокны якога ўзвышаліся над зямлёй. Пазней яго не стала, і аконныя праёмы былі закладзены.
Тут, акрамя палат, меліся дапаможныя і адміністрацыйныя памяшканні. Да 1960-х гадоў у гэтым корпусе быў кабінет галоўнага ўрача.

Пасля вайны ў будынку размяшчалася інфекцыйнае аддзяленне, у 1990-я — скурнае.

Слуцкая земская бальніца, Слуцк
Неабыякавыя случчане спрабавалі абараніць будынак. Але не выйшла. 26 ліпеня 2005 года корпус былой земскай бальніцы разбурылі.  Фота: Алесь Дастанка

Слуцкая земская бальніца, Слуцк

У 2005 годзе падчас падрыхтоўкі Слуцка да рэспубліканскага свята «Дажынкі» корпус земскай бальніцы быў беспадстаўна разбураны. Зараз на тым месцы размяшчаецца прыватная стаматалагічная клініка.

Аб якім месцы ці будынку (існуючым або зніклым), аб якой падзеі вы хацелі б даведацца? Пішыце нам: info@kurjer.info