Страшны дзень 23 лютага… Як фашысты і паліцаі спалілі вёску Пераходы пад Слуцкам і як іх пакараў трыбунал

0
Страшны дзень 23 лютага… Як фашысты і паліцаі спалілі вёску Пераходы пад Слуцкам і як іх пакараў трыбунал
Фота: «Звязда»

На досвітку 23 лютага 1943 года жыхары слуцкай вёскі Пераходы займаліся штодзённымі справамі. Жанчыны завіхаліся каля печы. Мужчыны, у асноўным хворыя і старыя, таксама былі пры хаце. Дзеці спалі. А тыя, хто прачнуўся, сядзеў на цёплай печы або даядаў свой сціплы сняданак.

Акупанты ўварваліся ў Пераходы нечакана. Мала хто бачыў, як яны акружылі вёску. А тыя, хто і бачыў, шанцаў на выратаванне ўжо не меў. Па перыметры вёскі было выстаўлена ачапленне. Выйсці было немагчыма. Зайсці — можна. Назад ужо не выпускалі…

Реклама

Расстрэльвалі ва ўласных хатах

Перш-наперш немцы загадалі паліцэйскім сабраць у хатах людское дабро, забраць скаціну. Загнаць кароў, коней і іншую жывёлу ў Слуцк даручылі хлопцам і дзяўчатам, якіх папярэдне адабралі. Пасля прыбыцця ў райцэнтр іх чакаў медагляд. Здаровых планавалі адправіць на прымусовыя работы ў Германію. Іх бацькі, іншыя сваякі прадчувалі гэта, таму выйшлі развітацца.

Тых, хто пайшоў праводзіць сваіх дзяцей, акупанты сагналі ў адну з хат, якая належала сям’і Жураўскіх. Колькі там было людзей, ніхто не лічыў. Чалавек 60 — не менш. Сагнаўшы ў хату, забілі вокны, дзверы, падпалілі. На вуліцы паставілі дваіх кулямётчыкаў: у тых, хто выбівае вокны ці дзверы, было загадана страляць.

Пакуль памагатыя акупантаў назіралі за тым, як у агні гараць іх землякі, эсэсаўцы заходзілі ў астатнія хаты і шукалі, хто там застаўся. Гэта былі людзі, чыіх родных не забралі для адпраўкі ў Германію. Іх расстрэльвалі ва ўласных хатах. Дзяцей — на вачах бацькоў, бацькоў — пад галашэнне дзяцей… У той лютаўскі дзень у Пераходах было забіта 116 чалавек (да вайны ў вёсцы пражываў 131 жыхар). Ахвярамі агню і гітлераўскай кулі сталі 70 дарослых і 46 дзяцей. Самаму малодшаму было два тыдні, старэйшаму — за 90 гадоў. Акрамя адабранай моладзі, якая пагнала скаціну ў Слуцк, выжыць удалося шасцярым…

Стэфаніда Дардынская не загінула толькі цудам, — расказвае Васіль Цішкевіч, навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея. — Немцы расстралялі ўсю яе сям’ю: мужа і шасцярых дзяцей. Сама гаспадыня была толькі паранена. Па аповедах жыхароў вёскі Шантароўшчына, куды яна потым прыйшла, Сцепаніда Дардынская адной рукой прытуліла да сябе дзіця, якому было каля года. Яно было мёртвае. У другой руцэ жанчына трымала сусла, якое, відаць, да таго, як у хату ўвайшлі немцы, давала дзіцяці, каб яно не плакала. Куля трапіла ў маленькага чалавека, якога ў момант расправы маці трымала на руках… Людзі казалі: Дардынская яшчэ доўга не магла ачомацца ад гора. Пасля вайны яна выйшла замуж за чалавека, які таксама страціў усю сваю сям’ю. У іх нарадзілася дзіця.

«Бяжы, сынок!»

Яшчэ адным жыхаром вёскі Пераходы, якому ўдалося выжыць, быў Іван Ліневіч. Бацькі баяліся, што яго, як і іншых сынавых аднагодкаў, могуць угнаць у Германію. Доўга не думаючы, схавалі Ваню на печы, накрылі коўдрай. Перад ім на край пасадзілі пяцярых сястрычак.

З апошнім сведкам той жудаснай трагедыі, які дажываў свой век у Карэліі, трымаў сувязь Васіль Цішкевіч. Вось што ён расказваў слуцкаму краязнаўцу, калі ўспамінаў самы страшны дзень у сваім жыцці: «Мама вазілася ля печкі, бацька ў нервовым чаканні прысеў на ложак. У хату зайшлі тры карнікі і, не гаворачы ні слова, адкрылі агонь з аўтаматаў. Адна з сясцёр, мёртвая, упала на мяне. Я быў паранены ў левую нагу. Калі страляніна спынілася і карнікі выйшлі, прыпадняўся і агледзеўся. У жывых быў толькі бацька. Цяжка паранены, ён папрасіў падняць яго ногі на ложак. Тата блаславіў мяне і загадаў: «Бяжы, сынок!»

Ужо пачаў гарэць дах. Іван схапіў коўдру і паўзком дабраўся да капца, дзе захоўвалі бульбу. Ён сядзеў там і бачыў, як гарэла яго хата, а таксама самыя родныя для яго людзі. У адзін момант 15-гадовы падлетак застаўся круглым сіратой…

«Колькі знаходзіўся ў сваім сховішчы, не ведаю, — пісаў у сваіх успамінах, якія былі надрукаваны ў кнізе Таццяны Падаляк «Нашчадкі вогненных вёсак», Іван Ліневіч. — Апомніўся, калі ўбачыў суседскую дзяўчыну (Немцаў ужо не было). Яна дастала аднекуль панчоху, і я перавязаў параненую нагу. Пайшлі па вёсцы ў пошуках жывых. За 20 метраў ад нашага спаленага дома, прыхіліўшыся да плота, стаяў паранены ў руку і спіну мой стрыечны брат Мікалай. Мы яго адвялі ў яму, дзе захоўвалі сена, прыкрытае дошкамі і зямлёй. Усяго жывых набралася шэсць чалавек. Начавалі ў лесе ў яме з сенам, а на наступны дзень хавалі нябожчыкаў».

Можна толькі ўявіць (праўда, наўрад ці атрымаецца), што адчуваў 15-гадовы хлопец, калі закапваў у зямлю самых дарагіх людзей — бацькоў і пяцярых сястрычак… Івана Ліневіча прытулілі бацькавы родзічы. Хлопец рваўся ў партызаны. У атрад не ўзялі: малы ды яшчэ з раненнем. Скончылася вайна. Вёска не адрадзілася. Не было каму. І для каго — жыхароў Пераходаў засталося ўсяго пару чалавек.

Па першым часе Іван Ліневіч жыў на Случчыне. Яго прызначылі брыгадзірам калгаса. Затым была армія, пасля якой служыў афіцэрам, стварыў сям’ю. Лёс закінуў Івана Арсенцьевіча ў карэльскі гарадок Аланец. Аднак удалечыні ад Радзімы яго думкі заўсёды былі аб Беларусі, родных Пераходах. З хваляваннем і радасцю ён успрыняў навіну аб тым, што цудам з таго пекла пашчасціла выбрацца і яго аднакласніку Фёдару Жураўскаму, у хаце якога была спалена большасць аднавяскоўцаў. Той жыў у Калініградзе. Дзякуючы Васілю Цішкевічу, адбылася тэлефонная размова аднавяскоўцаў, якія на працягу многіх гадоў не ведалі аб існаванні адзін аднаго.

Страшны дзень 23 лютага… Як фашысты і паліцаі спалілі вёску Пераходы пад Слуцкам і як іх пакараў трыбунал
Фота: «Звязда»

Ваенны трыбунал у Грэску

У той лютаўскі дзень акупанты знішчылі не толькі Пераходы. Дзевяць вёсак Палікараўскага сельскага Савета фашысцкія каты пераўтварылі ў папялішчы, многія з іх назаўсёды зніклі з геаграфічнай карты Беларусі. 23 лютага 1943 года толькі на Случчыне ў агні, а таксама ад кулі загінула больш за 1300 чалавек — мірных грамадзян, маленькіх беларусаў, жыццё якіх толькі пачалося…

За гэтыя жудасныя злачынствы супраць мірных жыхароў адказвалі не толькі немцы. Самая чорная работа была ўскладзена на карны атрад «Яхтцуг», у склад якога ўваходзілі паліцэйскія. У жніўні 1960 года іх судзілі падчас ваеннага трыбунала ў Грэску.

Суд ішоў пяць дзён. На ім прысутнічалі 60 сведак. Сотні людзей прыходзілі ў залу кінатэатра, дзе засядаў ваенны трыбунал, каб паслухаць, што адбываецца на працэсе, паглядзець у вочы гэтым нелюдзям, якія былі вінаватыя ў смерці іх блізкіх. Ахвотных прысутнічаць на працэсе было так шмат, што яны не ўмяшчаліся ў залу. Для іх на вуліцы паставілі гучнагаварыцель.

На лаве падсудных сядзелі Сцяпан Ілясаў, Канстанцін Елішэвіч, Іван Цябус і Пётр Бурак. Гэта на іх руках была кроў жыхароў Пераходаў, а таксама суседніх вёсак. Камандзірам карнага атрада, які аддаваў злачынныя загады, быў Сцяпан Ілясаў, ураджэнец Архангельскай вобласці. Будучы чырвонаармейцам, трапіў у нямецкі палон. Уцёк. Адсядзеўся крыху ў добрай жанчыны, якая дала яму прытулак, і пайшоў прасіцца ў паліцыю, абяцаючы верна служыць фашысцкай Германіі. Кандыдатуру маладога чалавека не адобрылі — маўляў, нічым сябе не праявіў. Тады Ілясаў нічога лепшага не прыдумаў, як выдаў былых ваеннапалонных, сваіх сяброў. Так у гестапа пачалася кар’ера здрадніка. Прайшоў падрыхтоўку ў школе паліцыі, прыняў прысягу на вернасць Гітлеру. Вярнуўшыся камандзірам, узначаліў карны атрад «Яхтцуг», створаны немцамі для барацьбы з партызанамі і мірнымі людзьмі. У яго падначаленні было 40 карнікаў — такіх жа галаварэзаў, як і ён сам.

Канстанцін Елішэвіч уступіў у паліцыю ў 18 гадоў. Быў у атрадзе карнікаў кулямётчыкам, за асаблівыя «заслугі» насіў медаль. Пасля вайны цэлых 15 гадоў жыў спакойным жыццём у Кемераве, працаваў цырульнікам.

«Бурак таксама на лаве падсудных, — пісаў спецыяльны карэспандэнт «Мінскай праўды» П. Журба, які прысутнічаў на судовым працэсе. — Не было і сямнаццаці гадоў гэтаму вырадку, калі ён стаў у рады паліцэйскіх. Быў кулямётчыкам у карным атрадзе «Яхтцуг». Закончыў школу паліцэскіх. Прыняў там прысягу. У апошнія гады прыладзіўся ў Еркаўскім раёне Цюменскай вобласці, загадваў гаспадаркай аднаго з леспрамгасаў. Даведаліся лесарубы, што побач з імі знайшоў прытулак здраднік Радзімы, і паслалі на працэс свайго таварыша Ігната Цяльнова. Паслухай, кажуць, а потым раскажаш, хто за наш кошт адкормліваў морду. Цяльноў слухаў, запісваў».

Іван Цябус, хлопец з Пухавіччыны, які восенню 1941 года добраахвотна ўступіў у паліцыю, — адзіны з падсудных, хто не хаваўся ад пакарання, а сам прыйшоў у суд. Асабліва цяжкіх злачынстваў на яго сумленні не было. Больш за тое, некаторыя сведкі прыйшлі ў суд, каб падтрымаць падсуднага. Справа ў тым, што, нягледзячы на тое, што Цябус служыў у ворага, ён са шкадаваннем ставіўся да людзей і пры любой магчымасці ім дапамагаў.

Усе з гэтых здраднікаў, акрамя Цябуса, пасля вайны сядзелі ў турме. Пасля амністыі неўзабаве выйшлі на волю. Калі сталі вядомыя новыя факты іх злачынстваў, зноў селі на лаву падсудных. Ілясава і Елішэвіча прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Бураку, паколькі на момант уступлення яго ў паліцыю ён быў непаўнагадовым, прызначылі 15 гадоў пазбаўлення волі. Цябусу далі 10 гадоў зняволення, хоць пракурор прасіў значна больш. Змягчылі прыгавор сведкі, якія расказалі, што, калі палілі Палікараўку, ён выратаваў 37 чалавек.

Мемарыял трэба рэстаўрыраваць

Менавіта пра лёс Пераходаў вядомы рэжысёр Элем Клімаў зняў фільм «Ідзі і глядзі». Аўтары кнігі Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік «Я з вогненнай вёскі» ў свой час запісалі ўспаміны некаторых жыхароў, якім пашчасціла не застацца ў гэтым пекле. Споведзь яшчэ аднаго жыхара Пераходаў, а таксама гісторыі сведак іншых спаленых населеных пунктаў пад адной вокладкай сабрала Таццяна Падаляк.

У пачатку ліпеня споўніцца 50 гадоў, як на гэтай прасецы сярод лесу, дзе некалі віравала жыццё, створана памятнае месца. У свой час эксперты разглядалі яго ў якасці аднаго з магчымых варыянтаў рэспубліканскага мемарыяльнага комплексу, які сімвалізаваў бы ўсе спаленыя вёскі Беларусі. Выбралі Хатынь. Памяць спаленай вёскі Пераходы, а таксама іншых каля 40 (па новых даных Генеральнай пракуратуры — звыш 60) населеных пунктаў Слуцкага раёна, па-варварску знішчаных немцамі і іх памагатымі, была ўвекавечана сіламі мясцовых жыхароў, якія сабралі грошы і звярнуліся да ўкраінскага мастака.

Скульптура «Жанчына ў жалобе», якая з’яўляецца эпіцэнтрам мемарыяльнага комплексу, — даніна памяці ўсім жыхарам Слуцкага краю, жыццё якіх абарвалася так рана і несправядліва. Сёння помнік мае патрэбу ў рэстаўрацыі. На плітах пайшлі расколіны, у любы момант можа абваліцца скульптура. Дзякуючы ініцыятыве мясцовай улады неабыякавыя людзі сабралі пэўную суму, але гэтага недастаткова. Далучыцца да добрай справы можа кожны (тэлефануйце ў рэдакцыю, мы падкажам, як гэта зрабіць).

… Сімвалічна, што ў красавіку 1944 года на месцы спаленай вёскі адбыўся бой, які ўвайшоў у гісторыю. Супраць немцаў змагаліся партызаны атрада Астроўскага брыгады Суворава і атрада Ракасоўскага брыгады Фрунзэ. Загінула каля 80 карнікаў — партызаны адпомсцілі фашыстамі за бязвінна знішчаных жыхароў Пераходаў і іншых вёсак Слуцкага краю.