Як я лячыўся ад COVID-19 у 86 гадоў. Асабісты вопыт і вынікі

0
Пацыента кавіднага аддзялення вязуць на камп'ютарную тамаграфію. Разам з ім і балон кіслароду. Без яго ніяк.  фота: уладзімір амяльчэня, Слуцк
Пацыента кавіднага аддзялення вязуць на камп'ютарную тамаграфію. Разам з ім і балон кіслароду. Без яго ніяк. Фота: Уладзімір Амяльчэня

Хвароба напаткала мяне раптоўна. У суботу, 15 студзеня, пайшоў на фестываль бальных танцаў, які праходзіць у Салігорску. На такіх мерапрыемствах стараюся быць заўсёды: гэта падпітка маладосцю і бадзёрасцю. Але да канца не дабыў — адчуў слабасць, кідала ў жар.

Дома градуснік паказаў тэмпературу вышэй за 38°C. У панядзелак адправіўся ў паліклініку. Камп’ютарная тамаграфія выявіла двухбаковае запаленне лёгкіх з 30% паразай. Пацвердзіўся і кавід.

Реклама

Да захворвання я аднёсся спакойна. У мяне было ўжо дзве прышчэпкі ад кавіду. Больш хваляваўся за свае гады і багаж хвароб, нажытых да гэтага часу. Не жарты — амаль 86 гадоў, аперацыя на сэрцы, аперацыя на нырках… Прасцей расказаць, дзе не баліць, чым пералічваць хваро­бы. Аднак заўсёды лічыў, што маю добрыя задаткі на выздараўленне, калі захварэю. Ніколі не курыў, не ўжываў празмерна гарэлку, працаваў фізічна і два дні на тыдзень займаўся дома фізкультурай. Заўсёды праходзіў медкамісію для вадзіцеляў аўто, два гады таму сваім ходам ездзіў у Германію да ўнукаў. У выніку свае паказчыкі здароўя лічыў добрымі.

Як я лячыўся ад COVID-19.Асабісты вопыт і вынікі, Слуцк
Фота: Уладзімір Амяльчэня

У бальніцы

Але мой аптымізм не падзялялі медыкі. І вось я ў першым кавідным аддзяленні. Яшчэ ў вестыбюлі аддзялення скрозь дзверы пачуў жудасны жаночы плач. Жанчына ўжо даўно стамілася ад свайго плачу, часам ён больш паходзіў на выццё сабакі, у якога забралі малых шчанюкоў.

Мяне яшчэ больш запалонілі дрыжыкі, бо такі плач давялося чуць за сваё жыццё толькі аднойчы, калі больш за 70 гадоў таму вялі мяне канваіры па цёмным калідоры Слуцкай турмы, а дзесьці ўперадзе за акаванымі жалезам дзвярыма турэмнай камеры ні то плакала, ні то «выла» жанчына.

… Вось і палата №5, маё месца ля акна. Пашанцавала. Мой сусед — пенсіянер, прыкладна маіх гадоў. Пытаюся, чаго плача жанчына. З цяжкасцю зразумеў адказ: гэта яго жонка плача ад болю.

Праз тры дні раніцай сусед спытаўся ў медсястры, якая разносіла градуснікі: «Чаму не чуваць маёй жанчыны?» — «Ёй стала лепей, перавялі на вышэйшы паверх», — адказала медсястра.

Не ведаў сусед, што душа яго жонкі ўзляцела высока так, што на зямлі стала не чутна. Так і не ведаў, што жонкі няма, пакуль не прыехала за ім дачка. Сусед жыў з жонкай у лясной вёсцы, у якой добрая палова хат пуставала. Перанёс інсульт, таму дрэнна размаўляе, валодае рукамі. А пасля аперацыі на прастаце вільгаць саматокам выцякае ў штаны, таму сем раз на дзень да яго прыходзіць санітарка, каб памяняць памперсы. І як гэты дзед будзе жыць адзін на сваім селішчы?

Новы сусед

Не паспела санітарка пераслаць ложак, як на вызваленае месца прыйшоў новы сусед. Пазнаёміліся. Завуць Міхаіл, гарадскі пенсіянер. За сцяной паклалі і яго жонку. У кватэры жылі ўдваіх. Ні з кім не сустракаліся, без маскі нават смецце не выносілі. Раз на тыдзень, нацягнуўшы на твары маскі, ішлі ў бліжэйшы магазін за прадуктамі. Дзе заразіліся, ніхто не ведае. Цяжэй хварэе жонка.

Сусед стаў пераапранацца і здзівіў сваім целам: увесь парэзаны. Я не стрымаўся, каб не распытаць. На што мужчына расказаў, што стаў курыльшчыкам з 10 гадоў.

«Курыў 60 гадоў, зараз ужо сёмы год не куру. Спачатку з’явіўся рак у глотцы. Хіміяй задушылі. Але радаваўся нядоўга. Рак выскачыў на лёгкім. Яго выразалі пад корань. Не зажывае, грудная клетка напаўняецца гноем. Тады ў спіне выразалі дзірку, праз якую ў грудную клетку налівалі фурацылін і прамывалі застаўшаеся лёгкае.
Радуюся, што жыву. Адкрыў вялікую таямніцу жыцця: чым больш жыву, тым больш хочацца жыць. Каб быць здаровым у старасці, трэба было клапаціцца ў маладосці. Якая мая маладосць была? Пойдзеш на леташняе бульбяное поле бульбіну знайсці і баішся, каб не злавіла калгаснае начальства: зловяць – прыдушаць зусім».

Дамоў

З бальніцы мяне выпісалі праз 10 дзён. Не паспеў абрадавацца, як праз дзень ці два адкрылася іншае захворванне. Зноў тэмпература, моцна баліць горла, няма сіл і апетыту. Медыкі прапісалі курс антыбіётыкаў, потым другі.

Так што не спяшайцеся пераконваць сябе, што здароўя хопіць, каб кавід перамагчы. Добрыя паказчыкі і здаровы лад жыцця — яшчэ не заклад хуткай перамогі над каронавірусам. Беражыце сябе і сваіх родных!