Трагедыя Слуцкага гета

0
Яўрэйскі квартал Школішча ў Слуцку, які акупанты ператварылі ў гета, а ў лютым 1943 года спалілі разам з жыхарамі.  Фота з архіва Андрэя Папова

Восенню 1941 года Слуцк стаў адным з першых гарадоў Беларусі, дзе фашысцкія акупацыйныя ўлады ўчынілі расправу над яўрэйскім насельніцтвам. Трагедыя ў жахлівай форме паўтарылася 8 лютага 1943 года.

Пасля масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва ў Слуцку 27-28 кастрычніка 1941 года значная частка яўрэяў горада яшчэ захавалася. Яны працягвалі жыць у гета ў 10-м ваенным гарадку. Найбольш кваліфікаваныя рамеснікі разам з сем’ямі размясціліся ў сваіх дамах.

Першы час пасля пагрому акупацыйныя ўлады былі занятыя аднаўленнем працы майстэрняў і прадпрыемстваў горада, дзе да расстрэлу працавала шмат яўрэяў. Аднак іх палітыка не змянілася. Пасля невялікага перапынку аднавіліся рэгулярныя расстрэлы.

Реклама

Стварэнне новага гета

Частка яўрэяў, у асноўным моладзь, знаходзіла розныя шляхі ісці ў лес да партызан. Таму акупацыйныя ўлады вырашылі стварыць новае гета. Тэрыторыя для яго была абраная ў раёне так званага Школішча (раён цяперашняй школы № 6 і прылеглых вуліц), дзе да вайны кампактна пражывала яўрэйская абшчына. Новае гета было абнесена некалькімі радамі калючага дроту, а вязняў размясцілі прыкладна ў 400 хатах — у кожнай па некалькі сем’яў.

Гета ўзмоцнена ахоўвалася. На працу вадзілі строга пад канвоем. Перад пераводам яўрэяў у новае гета ў красавіку 1942 года ва ўрочышчы Гараваха былі расстраляныя некалькі сотняў яўрэяў-інвалідаў са старога гета.

Страшны план

У адпаведнасці з дырэктывамі кіраўніцтва Рэйху 1943 год павінен быў стаць апошнім у вырашэнні яўрэйскага пытання на акупаваных тэрыторыях.

5 лютага 1943-га начальнік паліцыі аховы Беларусі Штраух падпісаў указ аб перасяленні (так на мове захопнікаў называліся масавыя расстрэлы) пражываючых у Слуцкім гета яўрэяў. Да загаду прыкладаўся план мерапрыемстваў. Іх павінна была ажыццявіць зондэркаманда СС з Мінска.

Для пахавання расстраляных загадзя былі падрыхтаваны дзве ямы ў вёсцы Мохарты (недалёка ад вёскі Вясея). Як пазначана ў плане «перасялення», пры кожнай яме павінна была «працаваць» адна група з дзесяці афіцэраў і салдат, якія мяняліся кожныя дзве гадзіны.
Зондэркаманда СС выехала з Мінска ў Слуцк 7 лютага ў 11.30. Эсэсаўцы пасяліліся ў будынку сярэдняй школы №10, дзе размяшчаўся шпіталь.

Лютаўская бойня

Пачатак акцыі засведчаны ў дзённіку гауптштурмфюрэра СС Вільке (удзельніка расстрэлу): «Панядзелак 8.2.43. 4 гадзіны — пад’ём, 4.30 — зборы, 5 гадзін — пачатак аперацыі ў гета. Вельмі добры пачатак. Выганяюць 1300 яўрэяў (кажуць, што 3100)».

Жыхар Слуцка Аляксандр Лысы ўспамінаў: «Па зага­дзе ўладаў такія падлеткі, як я, сабраліся на цэнтральнай плошчы ўранку. Потым на машынах нас вазілі на працу. У той дзень (8 лютага) гета акружылі салдаты па перыметры, на дарозе стаялі кулямёты, накіраваныя ў бок брамы. Калі нас пагрузілі ў машыну, мы ўбачылі дзвюх маладых яўрэйскіх жанчын, якія спяшаліся ў гета. Хлопцы пачалі ім крычаць, каб туды не хадзілі, расстраляюць. Яны чамусьці прамовілі страшныя словы: «Так нам і трэба». Я думаю, што гэта было сказана ў стане крайняга адчаю. Ахова спакойна адчыніла вароты, і дзяўчаты зніклі за радамі калючага дроту».

Зондэркаманда СС, разлічваючы на хуткую аперацыю, пралічылася. Навучаныя горкім вопытам 1941 года, вязні гета загадзя падрыхтавалі для сябе сакрэтныя падвалы і схованкі.

Запланаваная акцыя апынулася пад пагрозай. Ужо да абеду пасля кансультацый паміж эсэсаўцамі і гебітскамісарам Генрыхам Карлам было вырашана спаліць гета.

Выкарыстоўваліся факелы і агнямёты. Палонныя, спрабуючы ўцячы ад агню, пакінулі свае сховішчы, але іх дагналі кулі. Многія, каб пазбегнуць пакутлівай смерці, канчалі жыццё самагубствам.
Вядома, што зондэркаманда СС з’ехала са Слуцка 8 лютага ў 20.00. Знішчэнне гета завяршылі салдаты мясцовага гарнізона і паліцаі.

З успамінаў Луізы Сацук-Бальшаковай: «У 1943 годзе мы жылі ў Слуцку на вуліцы Садовай. Я добра памятаю падзеі 8 лютага. Гэта мой дзень нараджэння. Менавіта тады адбыўся пагром яўрэяў. Уначы была моцная страляніна. З боку вуліцы Капыльскай даносіліся страшныя крыкі і грукат машын. Гэта працягвалася ўвесь дзень. Неба асвятляла вялізнае ззянне, а паветра напоўніў пах падпаленых чалавечых цел.

Раніцай 9 лютага мы з братам пабеглі ў бок Капыльскай паглядзець, што здарылася. Перад намі адкрылася жахлівая карціна: на калючым дроце гета мы ўбачылі вісячыя «гронкі» спаленых чалавечых цел. Няшчасныя, відаць, спрабавалі выратавацца ад агню, спрабавалі пералезці праз агароджу, але іх дабілі, а трупы абгарэлі ад падпаленых дамоў побач».

Слуцкае гета гарэла тры дні. Праз некалькі дзён людскія астанкі па загадзе мясцовых улад вывезлі на санях у бок Сёлак (цяпер гэта раён былога металааб’яднання), дзе з даваенных часоў была гарадская звалка. Толькі вясной, пасля таго як сышоў снег, фашысты распарадзіліся закапаць рэшткі людзей.

P.S. Напярэдадні трагедыі група слуцкіх падпольшчыкаў, узначаленая Пятром Маглышам, даведалася, што ў Слуцку рыхтуецца акцыя па масавым знішчэнні яўрэяў. Праз сувязных гэта інфармацыя была перададзена ў гета. На жаль, на арганізацыю ўцёкаў ужо не заставалася часу. Пазбегнуць страшнай долі змаглі толькі каля дзясятка чалавек.

Больш інфармацыі аб трагедыі:

У тэму