Для любанчаніна Марка Крэпскага Вялікая Айчынная вайна пачалася амаль адразу пасля выпуску з артылерыйскага вучылішча. Закончыўшы вайну ў Германіі, атрымаўшы мноства ваенных узнагарод, капітан марыў аб кар’еры ваеннага. Але не выйшла…

Адзін «прыкры» выпадак перакрэсліў яго мару: Крэпскі пабіўся з саюз­нікамі — англійскімі і амерыкан­скімі салдатамі (аб гэтым ніжэй). За гэты ўчынак яго звольнілі ў запас.

Реклама

Але такі паварот лёсу не перакрэслівае яго асабістых подзвігаў. Любанскі музей народнай славы зберагае памяць пра землякоў-герояў. Адзін з іх – Марк Крэпскі, імя якога, на погляд супрацоўнікаў музея, магло б быць прысвоена і адной з вуліц горада.

Абарона Кіева і Масквы

Марк нарадзіўся ў лістападзе 1922 года ў Мінску. Але неўзабаве сямейства перабралася ў Любань. Тут хлопец правёў сваё дзяцін-ства, скончыў школу, пасля якой паступіў ў артылерыйскае вучылішча ў Кіеве.

Франтавік не сцярпеў хвальбы саюзнікаў, Слуцк
Марк Крэпскі ў 1941-м. Фота з фондаў Любанскага музея народнай славы

Выпуск курса адбыўся ў чэрвені 1941 года, а праз пару дзён пачалася Вялікая Айчынная вайна. Ужо 23 ліпеня лейтэнант Марк Крэпскі быў накіраваны ў склад войскаў, якія прыкрывалі сталіцу Украіны. Абарона доўжылася больш за месяц.

15 верасня Крэпскі, зведаўшы горыч адступленняў, быў цяжка паранены і эвакуіраваны ў тылавы шпіталь. Праз месяц Крэпскі зноў апынуўся на пярэдніх рубяжах – ён і ўзначальваемы ім артылерыйскі ўзвод абаранялі Маскву, потым удзельнічалі ў контрнаступленні і вызваленні Валака­ламска. Падчас бою за вёску Уладычына, што пад Масквой, любанчанін зноў быў паранены і адпраўлены ў палявы шпіталь. За геройскія дзеянні ў перыяд контрнаступлення савецкіх войскаў пад Масквой Марка Крэпскага 14 лютага 1942 года ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. А пазней — медалём «За абарону Масквы».

Дарогамі Калужчыны і Ленінградчыны

Аправіўшыся ад раны, Марк Крэпскі ў сваю часць не вярнуўся. Яго — ужо старэйшага лейтэнанта — у маі 1942-га прызначылі камандзірам батарэі, якая заняла пазіцыі на стыку Калужскай і Смаленскай абласцей.

Франтавік не сцярпеў хвальбы саюзнікаў, Слуцк
Старэйшы лейтэнант Марк Крэпскі выбірае цэлі на варожых пазіцыях. Фота з фондаў Любанскага музея народнай славы

29 мая батарэя Крэп­скага зрабіла агнявы налёт на нямецкі аэрадром, размешчаны ў ваколіцы станцыі Шайкоўка. Вось як апісаны вынікі таго налёту ў журнале баявых дзеянняў: «…назіраліся два моцныя выбухі, пасля якіх на аэрадроме пачаўся пажар. Слупы полымя і дыму ўзні­маліся ў вышыню да 75 метраў». Як потым высветлілася, снарады трапілі ў склад авіяцыйнага паліва.

Крыху пазней на ліку батарэі Крэпскага значыліся два варожыя эшалоны з тэхнікай, чатыры гарматы праціўніка і дзясяткі знішчаных гітлераўцаў. Крэпскі атрымаў другі ордэн — Айчыннай вайны 1-й ступені.

У кастрычніку 1942 года батарэю Крэпс­кага ў складзе 311-га Чырвона­сцяжнага гарматнага артылерыйскага палка перакінулі на Ленінградскі фронт. Артылерысты займалі абарону па правым беразе Нявы, утрымліваючы плацдарм на яе левым беразе — Неўскі пятачок. 12 студзеня 1943 года пачалася вайсковая аперацыя «Іскра», якая прарвала блакаднае кальцо вакол Ленінграда. Батарэі падтрымлівалі атакі пяхоты.

8 мая Марка зноў цяжка параніла: варо­жая куля ўпілася ў левае бядро, пашкодзіўшы вены і артэрыі. Напамінкам пра той нялёгкі час стаў медаль «За абарону Ленінграда».

Са жніўня 1943 года любанчанін — ужо капітан — камандзір дывізіёна 1211-га гаўбіч­нага артылерыйскага палка 67-й гаўбічнай артылерыйскай брыгады. За выдатныя баявыя дзеянні пры вызваленні гарадоў Ельня, Смаленск, Раслаўль Крэпскаму былі аб’яўлены падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

У маі 1944-га артыле­рыйскую брыгаду Крэпскага перакінулі на Ленінградскі фронт, дзе належала вызваляць паўночныя тэрыторыі СССР.

29 чэрвеня каманда­ванне прадставіла любанчаніна да ўзна­гароджвання ордэнам Аляксандра Неўскага.

Франтавік не сцярпеў хвальбы саюзнікаў, Слуцк
Марк Крэпскі (сядзіць за сталом справа) разам з аднапалчанамі. Фота з фондаў Любанскага музея народнай славы

Дарогамі Еўропы

Летам 1944-га полк Марка Крэпскага, як і ўсю 67-ю гаўбічную артылерыйскую брыгаду, тэрмінова накіравалі на 2-гі Украінскі фронт. Яска-Кішынёўская наступальная аперацыя пачалася 20 жніўня. Усяго за дзевяць дзён савецкія войскі вызвалілі ад фашысцкіх акупантаў Малдавію.

Франтавік не сцярпеў хвальбы саюзнікаў, Слуцк
Капітан Марк Крэпскі. Фота з фондаў Любанскага музея народнай славы

Капітан Крэпскі вызначыўся і пры авалодванні Ясамі, і ў баях на подступах да Бухарэста. Увогуле падчас баёў з 26 па 30 жніўня дывізіён Крэпскага знішчыў да 750 нямецкіх салдат і афіцэраў, падбіў шэсць цягачоў з арудзіямі, 16 конных павозак з боепрыпасамі. За гэта кіцель Марка Крэпскага ўпрыгожыў другі ордэн Чырвонага Сцяга.
А 10 снежня капітана Крэпскага чацвёрты раз параніла. Праўда, цяпер лёгка: любанчанін хутка вярнуўся ў строй.

Франтавік не сцярпеў хвальбы саюзнікаў, Слуцк
З фондаў Любанскага музея народнай славы

Потым былі жорсткія баі на тэрыторыі Польшчы, Аўстрыі, Чэхаславакіі, што ўвасобілася ў медалях «За ўзяцце Будапешта», «За вызваленне Варшавы», «Перамогі і свабоды» Польскай Народнай Рэспублікі. І нарэшце — у медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945».

Франтавік не сцярпеў хвальбы саюзнікаў, Слуцк
З фондаў Любанскага музея народнай славы

Пасля перамогі

Марк Крэпскі застаўся на службе. Скончыў вышэйшую афіцэрскую артылерыйскую школу. Але крыж на ваеннай кар’еры паставіў такі выпадак: у чэрвені 1946-га Марк Крэпскі ў адным з рэстаранаў па пьянай справе «начысціў морды» саюзнікам — англійскім ды амерыканскім афіцэрам. Як кажуць, яны пачалі крыху перабольшваць свой унёсак у перамогу над фашызмам. Такога любанчанін і цвярозы не змог бы сцярпець…

Крэпскаму ўляпілі строгую вымову, а ў сакавіку 1947-га звольнілі ў запас.

Марк вярнуўся ў Любань. Ажаніўся, нарадзіўся сын. Ды здароўе капітана пачало падводзіць. У 1955 годзе Марка Крэпскага не стала. Яго жонка Тамара згадвала, што муж доўга не мог прынаравіцца да мірнага жыцця. Па начах у сне ён працягваў камандаваць сваім гаўбічным дывізіёнам і зваць аднапалчан…