Прапануем фотаздымкі Слуцкага парку 1950-1960-х гадоў, якія захаваліся ў архіве рэдакцыі. Можа, вы пазнаеце людзей на фота, а можа — і сябе. А мы ў кароткіх подпісах раска­жам гістарычныя факты аб месцах, якія зафіксавалі фотакамеры 60-70 гадоў таму.

Час так хутка бяжыць, што не паспееш азірнуцца – і вось, здавалася б, зусім нядаўнія фотаздымкі трапляюць у клас «рэтра». Таму так важна не згубіць іх і захаваць для будучых пакаленняў. Для гэтага «Кур’ер» запускае рубрыку «Слуцк і случчане на старых фота».

Реклама

Мы будзем друкаваць падборкі рэтраздымкаў з рэдакцыйнага фотаархіва і прапануем нашым чытачам дасылаць старыя фота нашага горада, якія захоўваюцца ў сямейных альбомах. Мы вельмі спадзяёмся на плённую сумесную працу газеты і чытачоў!

Слуцк і случчане на старых фота, Слуцк
Карусель у гарадскім парку з’явілася ў 1961 годзе і была першым электрыфікаваным атракцыёнам. Збудавалі яе мясцовыя вынаходнікі. Фотаздымкі з архіва рэдакцыі
Слуцк і случчане на старых фота, Слуцк
Сталін вітае. Скульптуру І. В. Сталіна ў Слуцкім парку ўсталявалі восенню 1948 года, у 1961-м помнік дэмантавалі. На пастамент, які вызваліўся, усталявалі помнік У. І. Леніну, які знаходзіўся тут да 2005 года.
Слуцк і случчане на старых фота, Слуцк
Кінатэатр «Дружба» пабудавалі ў 1966 годзе. Некаторы час будынак выкарыстоўваўся для танцавальных вечароў. У чэрвені 2000 года «Дружбу» знеслі пасля пажару.
Слуцк і случчане на старых фота, Слуцк
Палёты па-слуцку. У пачатку 1970-х на месцы першай каруселі з’явіліся «самалёты». Потым іх дэмантавалі і на іх месцы зноў усталявалі карусель — «Ветрык».
Слуцк і случчане на старых фота, Слуцк
Кола агляду ў Слуцкім парку з’явілася ў канцы 1960-х. Дэмантавалі атракцыён у верасні 2010 года.
Слуцк і случчане на старых фота, Слуцк
Пасля вайны. Афіцыйнае адкрыццё парку адбылося 1 ліпеня 1946 года. Так выглядаў уваход у парк да 1966 года, калі да 850-годдзя Слуцка замест старой уваходнай аркі ўзвялі новую, якая стаіць і сёння.
Слуцк і случчане на старых фота, Слуцк
Фантан са скульптурай дзяўчынкі і хлопчыка быў збудаваны ў 1948 годзе. Так ён выглядаў да пачатку 1960-х, калі чашу фантана крыху перабудавалі.

Дасылаць фота можна на нашу пошту — info@kurjer.info, можна на viber – (+37529) 553 48 59, а можна прынесці ў рэдакцыю – і мы адсканіруем фота разам. Наш адрас: Слуцк, вул.Леніна, 128; працуем з 8 да 17 гадзін, тэлефон: (8029) 553 48 59