Шаноўныя чытачы «Кур’ера»! Вось і год 2021-ы ўжо пакідае нас і адыходзіць у гісторыю. Мабыць, як для каго, а менавіта для нас, рэдакцыі, прызнаемся, ён праляцеў занадта імкліва.

Калі раней удавалася адсочваць працоўныя дні, то зараз ужо і тыдні проста мільгацяць… Дзякуючы вашай падтрымцы і цікавасці да працы рэдакцыі мы пражылі год, які быў насычаны не толькі разнастайнымі падзеямі, але і перапоўнены сваёй непрадказальнасцю аб тым, што чакае нас наперадзе, якімі навінамі ён нас парадуе ці азмрочыць.

З мноства кантактаў і размоў з чытачамі нам нават падалося, што больш менавіта ад гэтай непрадказальнасці ды ад праблем, прынесеных пандэміяй, людзі стаміліся і крыху гублялі цікавасць адзін да аднаго, да таго, што адбываецца па-за рамкамі асабістага жыцця.

Реклама

Само жыццё, здаецца, набыло іншыя малюнкі з нейкім дэфіцытам міласэрнасці, спачування і павагі, з-за нейкай роспачы.

Напрыканцы адыходзячага года так і хочацца запрасіць больш радавацца і цаніць імгненні кожнага бягучага дня. Трэба памятаць, што вельмі многа сёння і тых, хто не мае такіх магчымасцей: ці ў сілу абмежаванняў па сваім здароўі, ці з-за вонкавых нейкіх абставін, ці з-за іншых недарэчнасцей.

Рэдакцыйны калектыў шчыра віншуе ўсіх вас, шаноўныя сябры, з Каляднымі і Навагоднімі святамі! Няхай жыццё штодзённа дорыць кожнаму з вас мноства шчаслівых момантаў, натхненне і жаданне рабіць яго добрым, радасным і выніковым для сябе і сваёй сям’і!

Няхай Новы год падорыць сем’ям, якія зараз у выніку нейкіх абставін не могуць быць разам, цёплыя і радасныя сустрэчы ў самыя бліжэйшыя дні! Няхай паболей у нас будзе разважлівых, прынцыповых і адказных людзей, па-сапраўднаму самаадданых Бацькаўшчыне, тых, хто імкнецца зрабіць яе заможнай, каго мы заўсёды будзем паважаць і кім мы заўсёды будзем ганарыцца!

Няхай хутчэй скончацца ўсе пандэміі і кожны будзе здаровым, бадзёрым і шчаслівым!

Вялікі дзякуй вам, шаноўныя Чытачы і нашы Рэкламадаўцы, паважаныя Друкары і Распаўсюджвальнікі, што галасуеце за нас рублём, што падказваеце новыя тэмы, крытыкуеце нас за пралікі, не застаяцеся ў баку ад пабудовы выніковага і шчаслівага жыцця на Случчыне! За Вас і Ваша вольнае заможнае жыццё!

З найлепшымі спадзяваннямі на супрацу-2022, калектыў «Кур’ера»