У адыходзячым 2021 годзе споўнілася 540 гадоў з пачатку княжання ў Слуцку Сімяона ІІ Міхайлавіча Алелькавіча, які быў уладаром Слуцкага краю з 1481 да 1505 года. Шырокаму колу грамадскасці гэты князь таксама знаёмы па кінафільму «Анастасія Слуцкая».
Вось што вядома аб ім з гістарычных крыніц.
Да першай паловы 1490-х гадоў Сімяон кіраваў гаспадарствам разам са сваёй маці княгіняй Ганнай. Яго жонкай на пачатку 1490-х гадоў стала княгіня Анастасія, малодшая дачка апошняга мсціслаўскага князя Івана Юр’евіча. У 1492 годзе ў княжацкай сям’і нарадзіўся сын Юрый. Крыху пазней з’явіліся дочкі Таццяна (пра яе нічога не вядома, магчыма, памерла ў маленстве) і Аляксандра. Апошняя ў 1522 годзе стане жонкай вядомага ваяводы князя Канстанціна Астрожскага.
Асноўная рэзідэнцыя Алелькавічаў знаходзілася ў Капылі, пазней яны канчаткова перабраліся ў Слуцк.

Як прадстаўнік знакамітага роду князь Слуцкі карыстаўся аўтарытэтам у асяроддзі праваслаўных магнатаў краіны, якія не раз выказвалі меркаванні аб магчымасці кандыдатуры Сімяона на вялікакняжацкую пасаду. Напрыклад, у 1492 годзе пасля смерці вялікага князя Казіміра Ягелончыка прыхільнікі Сімяона Слуцкага прапанавалі яго на пасаду новага вялікага князя. На сойм у Вільню Сімяон прыбыў на чале свайго войска ў 500 чалавек. Тым не менш самі Алелькавічы – і Сімяон, а пазней і яго нашчадкі – актыўных прэтэнзій на Вільню не выказвалі.
Для Алелькавічаў было відавочным, што Слуцк — гэта не часовае месца прыпынку, а канчатковае. Яны звярнулі ўвагу і скіравалі энергію на ўладкаванне сваёй вотчыны. Перш за ўсё ўдасканальваліся замкавыя пабудовы, паляпшаліся яго абарончыя ўмацаванні. Можна не сумнявацца, што ў 1490-я гады будаўніцтва ў Слуцку разгарнулася вялікае, бо ў вусных народных паданнях успаміналася легендарнае імя галоўнага замкавага будаўніка Мураша.
На пачатку ХVІ стагоддзя Случчына разам з іншымі паўднёвымі беларускімі землямі падверглася нападам крымскіх татараў. Паходы з мэтай рабаўніцтва і захопу людзей у няволю для іх былі звычайнай справай.
Першы напад крымчакоў на Случчыну адбыўся восенню 1502 года, двойчы ў 1503-м, потым у 1505, 1506, 1508 гадах, апошні ў 1521-м.
Звычайна татары з’яўляліся нечакана, таму падрыхтавацца загадзя магчымасці не было.
«Князь Сімяон Міхайлавіч у той час быў у Слуцку і не ведаў нічога, толькі глянуў з града на места за ракой Случ з царквой святога Юр’я, і ўбачыў татар скачучых на конях, і мужчын, і жанчын хапаючых і забіваючых», — так апісваюцца падзеі восені 1503 года ў «Хроніцы Быхаўца».
У 1502 годзе Сімяон Слуцкі разам з ваяводам Янам Бучацкім, якога прыслаў на дапамогу кароль і вялікі князь Аляксандр, паспелі дагнаць крымчакоў на рацэ Ужы каля Бабруйска. Вораг быў разбіты, а палон вызвалены.
У 1503 годзе князь Сімяон трымаў абарону ад татараў у замку і не змог перашкодзіць ім вярнуцца з дабычай. Але падчас другога ў той жа год нападу аб’яднаныя войскі Сімяона Слуцкага, Альбрыхта Гаштольда, Юрыя Неміровіча і Станіслава Кішкі перахапілі татараў за Прыпяццю каля Давід-Гарадка. Крымчакам была нанесена параза, а палон і дабыча адбіты.
Па волі князя Сімяона ў 1503 годзе ў сувязі з ваеннай небяспекай і разбурэннямі, выкліканымі варожымі нападамі, у Слуцку было ліквідавана Магдэбургскае права з-за таго, што колькасць мясцовага насельніцтва зменшылася. Гораду тады былі дараваныя іншыя прывілеі, якія павінны былі спрыяць прыбыццю ў горад вольных людзей з іншых месцаў.
Самая моцная аблога Слуцкага замка адбылася ў жніўні 1505 года. Слуцкі замак татары не змаглі захапіць, аднак пасадская забудова і прадмесці падвергліся спусташэнню.
У тым жа 1505 годзе, 14 лістапада, князя Сімяона не стала. Як мяркуюць цяперашнія навукоўцы, памёр ён ад занесенай татарамі эпідэміі. Аднак некаторыя даследчыкі не выключаюць і магчымасць атруты. Менавіта такую лінію сюжэта прапанавалі стваральнікі фільма «Анастасія Слуцкая», у якім гледачы пабачылі апошнія дні атручанага князя Сімяона.

Пахаваны князь Сімяон Міхайлавіч у Кіева-Пячэрскай лаўры. Сын Сімяона і Анастасіі князь Юрый у будучым стане бацькам апошняй з роду Алелькавічаў — княжны Сафіі Слуцкай, якую ў наш час праваслаўная царква кананізавала ў лік святых. Помнік ёй з 2000 года стаіць на вуліцы Максіма Багдановіча, насупраць слуцкай пошты. Помнік яе бабулі Анастасіі, жонкі Сімяона, усталяваны на Замкавай горцы ў 2016 годзе — да 900-годдзя Слуцка.