17 снежня мог бы святкаваць 80-гадовы юбілей наш зямляк Вячаслаў Дубінка, журналіст і празаік, вядомы майстар выцінанкі. Менавіта ён адрадзіў у Беларусі гэты народны дэкор — выразаныя з паперы аплікацыі.
Майстра не стала ў жніўні 2010 года. За тры месяцы да сваёй заўчаснай смерці Вячаслаў Андрэевіч даў вялікае інтэрв’ю карэспандэнту «Кур’ера». З нагоды 80-годдзя земляка «Кур’ер» прапануе вытрымкі з той самай размовы з майстрам.

Выразаў казку і трапіў у пастарунак
— Калі я пачынаў займацца выцінанкай, гэта лічылася не мастацтвам, а дурыкамі, у літаральным сэнсе. Так мне па-простаму «ўрэзаў» адзін з маіх калегаў па газеце «Звязда». Цяпер жа «дурыкамі» займаецца мо сотня аматараў гэтага віда народнай творчасці. Ці знайшоў сябе ў выцінанцы? А ў ёй я не шукаў, я проста цешыў душу.
А пачалося… Працуючы ў «Звяздзе» фотапамагатым партыі, шмат паездзіў па рэспубліцы і за яе межамі. А часу марна трацілася. На пераезды, у чаканні цягніка, самалёта. Вось і знайшоў занятак, крышыў нажніцамі паперу.
Падчас выцінання ў Жлобіне, калі чакаў цягніка, да мяне прычапіўся дзяжурны міліцыянт з пытаннем: «Што вы робіце?» — «Выразаю казку», — адказваю. «Для чаго?» — насядае служывы. «Для душы» — «Пройдземце са мной, — цягне мяне ў пастарунак і тлумачыць дзяжур-наму капітану: — Падазроны. Бачыце, усе людзі як людзі — сядзяць, піва п’юць, семкі плююць, у карты рэжуцца… А гэты ненармальны — з нажніцамі…»
Выцінанкі ў такім выглядзе, як цяпер, даўней і не было. Выцінанкай упрыгожвалі хату да Каляд, на Вялікдзень. Сціплыя фіранкі на вокны, разеткавыя ручнічкі для абразоў, палічак. На жаль, узораў амаль не захавалася.
Што натхняе
— Сюжэты для выцінанкі ўсюды — куды ні кінь вокам. Старая каплічка ў засені хвойкі. Магутны дуб на ўзлеску. Збуцвелы ветрачок у голым полі, які ветру жаліцца. А колькі казачных герояў просяцца на паперу! Тут і лесавік, і вадзянік, і ліса-хітруха, заяц-круцялей, конік. За гады творчасці героямі маіх выцінанак красаваліся і птушкі-павы, снягуркі, канькі-гарбункі, былінныя волаты — усіх і не пералічыць. Выцінанкі — усмешка душы. Як працую з нажніцамі — душа спявае!
Саюз аблазіў з «лейкай» і блакнотам
— Падарожнічаю аж з сёмага класа. Абабраў у суседа яблыньку, напакаваў мяшок і ўранні зацягнуў на Слуцкі сокавы завод, атрымаў чырвонец, набыў білет на Урэчча. А там «зайцам» на даху цягніка пагазаваў у Адэсу, пераначаваў на беразе Чорнага мора і да хаты. Атрымаў і «ганарар» — матуліных розгаў.
З тае пары і падарожнічаў па свеце. Савецкі Саюз аблазіў з «лейкай» і блакнотам. Сплаўляў платы па Енісею, ганяў коней па Алтаі, скуб жывіцу ў Краснаярскай тайзе.
Пасля кожнага падарожжа з радасцю вяртаўся дадому. А Беларусь абхадзіў уздоўж і ўпоперак, здымаючы, занатоўваючы, дзівячыся родным мясцінам. А ў Беларусі ўсе куткі цікавыя, хай сабе Клецк, Капыль, Бабоўня, Старобін.
Якім запомніўся Слуцк
— Пятая сярэдняя школа, рачулка Случ, Чортаў мост, дзе я прагульваў урокі, паліў дзённікі з каламі і двойкамі. Сваю адзіную пяцёрку за пяць гадоў вучобы я атрымаў за верш Кандрата Крапівы «Падзяка Сталіну», які і цяпер памятаю. Бегалі на кінасеансы ў 1-ы гарадок. Прасціну нацягвалі паміж двух слупоў, салдаты сядалі з правага боку, а мы, пацанва, — з «тылу». «Чапаева» глядзелі ўсё лета.
Шмат працавалі, дапамагалі бацькам ужо з чацвёртага класа. Білі шашу, разгружалі вагоны са шчэбнем на чыгунцы, пасвілі кароў, коней.
Як змяніў прафесію будаўніка на працу фотакора
— Атрымаў дыплом тэхніка-будаўніка, два гады працаваў прарабам, будаваў ракетныя пляцоўкі.
Але душа гарнулася да журналістыкі. Набыў старэнькі фотаапарат «Зеніт» і засынаў з ім, каб уранні кінуцца ў новы фотазабег, здымаючы ветрачок у Вялікай Сліве, сівых дзядоў у Кляпчанах, заход сонейка, сіверны ранак…
З тае пары, як толькі зрабіў першы фотаздымак і надрукаваў яго ў слуцкай раёнцы, зразумеў, што мая сцежка не ў прарабы, а ў журналістыку. І так разагнаўся, што апынуўся ў газеце «Звязда». А там усё бягом! Тэрмінова ў нумар! Святы, партканферэнцыі, фестывалі, з’езды маленькія і гістарычныя. Тысячы фотаздымкаў ударнікаў, перадавікоў, акадэмікаў, дзяржаўных дзеячаў.
За сваю творчую эпапею мне давялося працаваць фотакорам любанскай, салігорскай, лагойскай раёнак. Калі быць шчырым, дык фотарэпарцёр раёнкі таго часу — пекар фотабулак. Так у нас называлі фотаздымкі ўдарнікаў калгаснай нівы, лепшых даярак, свінарак, механізатараў.
Пра сямейнае шчасце
— Чым менш мы будзем гаварыць пра сямейнае шчасце, тым яно больш будзе ўтульным і шчырым. Сямейная ідылія — свой рабочы куточак, паліца з любімымі кнігамі, дубовы стол з лаўкамі на кухні, роўныя адносіны паміж роднымі. Адзін раз на год магчымасць скокнуць у Грэцыю альбо Іспанію, пацешыцца еўрапейскімі прысмакамі і адчуць сябе шчаслівым. Мы ж зусім не ведалі таго, як нецікава і бедна мы жылі.
Чаго шкада
— Шмат растраціў жыццёвага запалу, здымаў шмат пустога, а побач жылі выбітныя людзі, людзі сапраўднага Духу, духу Адраджэння.
Перабіраю свае негатывы і шмат якія без шкадавання кідаю ў сметнік. Хоць ты пачні жыццё спачатку. Але цягнік пагнаў за небакрай…