Ларыса Гулкоўская — адна з тых, хто першы прыехаў у Салігорск, каб развіваць культуру. Чаму ёй няма супакою і на пенсіі

0

У 1969 годзе ў Салігорск прыехалі першыя работнікі культуры, каб развіваць у горадзе гэтую сферу. Сярод іх была маладая выпускніца музычнага вучылішча Ларыса Гулкоўская. Пазней яна стане першым «Настаўнікам года» першага прафесійнага конкурсу педагогаў.

Пра сябе і пра сваё жыццё на пенсіі Ларыса Уладзіміраўна расказала «Кур’еру».

Реклама
Творчаму чалавеку няма супакою і на пенсіі, Слуцк
Ларыса Гулкоўская кажа, што нарадзілася для музыкі. Аб гэтым сведчыць увесь яе жыццёвы шлях. Яна не толькі спявае і грае, але і сама піша музыку. Фотаздымкі: Уладзімір Амяльчэня

Нарадзілася для музыкі

«У нашай вялікай сям’і пяцёра дзяцей сталі прафесійнымі мастакамі, двое — мастакамі-аматарамі, а я вось нарадзілася для музыкі, — кажа Ларыса Гулкоўская. — З дзіцячага сада я спявала і танцавала. Скончыла Гомельскае музычнае вучылішча.

У 1969 годзе прыехала ў Салігорск, каб працаваць дырыжорам хору і выкладчыкам музыкі ў Палацы культуры гарнякоў. Можна казаць,
што я была адной з першых працаўнікоў культуры ў Салігорску. Праз 18 гадоў мяне ўгаварылі перайсці ў сістэму адукацыі. Спачатку працавала ў школе №10, а калі пабудавалі школу №12 (зараз гімназія №2), перайшла туды.

Як рыхтавалася да конкурсу

Восень 1991 года, яшчэ мы жылі ў вялікім СССР. Кіраўніцтва асветы вобласці аб’явіла сярод педагогаў конкурс «Настаўнік года». Чыноўнікі ад Салігорскага аддзе-ла адукацыі забегалі ў пошуках кандыдатур. З прапанаваных на ўдзел у конкурсе шмат хто адмаўляўся, шасцёра далі згоду. Сярод іх была і я.

Каб стаць удзельнікам конкурсу, трэба было падрыхтаваць адкрыты ўрок у сваёй школе. Я арганізавала хор з вучняў і напісала для яго песню «Маці Беларусь». Шматдзённыя рэпетыцыі далі добры вынік — адкрыты ўрок прайшоў на выдатна. Камісія са спецыялістаў з вобласці дала мне найвышэйшую адзнаку — 30 балаў. І я з хорам адправілася на конкурс у Барысаў. Наша выступленне вельмі спадабалася журы, а маю працу адзначылі званнем «Настаўнік года».

Творчаму чалавеку няма супакою і на пенсіі, Слуцк

«Сядзець без справы не для мяне»

У 2000 годзе з гімназіі №2 я выйшла на пенсію. Сядзець дома без справы мне не хацелася. І я арганізавала хор ветэранаў адукацыі «Натхненне».

У адміністрацыі горада мы нічога не прасілі, акрамя памяшкання для рэпетыцый і дазволу выступаць перад калектывамі прадпрыемстваў. Маё кіраванне хорам таксама было бясплатным.

За столькі гадоў перад кім мы толькі не выступалі — перад працаўнікамі прадпрыемстваў, у санаторыі «Бярозка», перад пенсіянерамі і інвалідамі, якія на сацыяльным абслугоўванні ў бальніцах Чырвонай Слабады і Доўгае, на розных гарадскіх мерапрыемствах.

Рыхтуючыся выступаць перад салігорскімі гарнякамі, у праграму абавязкова ўключалі песню «Авэ Марыя» на словы Зянона Пазняка і музыку Лучанка. Шахцёры абавязкова прасілі выканаць гэтую песню.

Творчаму чалавеку няма супакою і на пенсіі, Слуцк

Яшчэ я з’яўляюся сябрам народнага таварыства кампазітараў і паэтаў «Жывіца». Зусім нядаўна, 21 лістапада 2021 года, на справаздачным канцэрце таварыства я выступала сольна — спявала аўтарскую песню «Музыка маёй душы».

Так што сумаваць на пенсіі мне няма часу. Я нікому і не кажу, што пенсіянерка, бо вітаю яшчэ ў аблоках».

«Маці Беларусь»

Мне бабуля расказвала казкі
І вучыла калядаваць.
А ў песнях было столькі ласкі,
Што не выказаць, не расказаць.

Мову бацькаву я палюбіла,
Палюбіла палі і лугі.
І лясоў шырыня захапіла,
І крутыя Дняпра берагі.

Іншых мне краявідаў не трэба,
Тут азёраў краса, сенажаць.
І такое чысцюткае неба,
І званочкі ў лузе звіняць.

І ад сэрца табе мае песні,
І ў вершах табой ганаруся.
Ты, як сонейка на прадвесні,
Мая маці, мая Беларусь!