Бывае так, што жывеш побач з чалавекам і амаль нічога пра яго не ведаеш. А пазнаёміўшыся бліжэй, ён аказваецца не толькі прыемным суразмоўцам, а яшчэ чалавекам з цікавым лёсам. Менавіта так і адбылося з маім суседам па лецішчы.
Ігар Берасневіч таксама пенсіянер, як і я. Часта прыязджае з Мінска ў бацькаву хату ў мястэчка Пагост. У адзін з восеньскіх дзён ён запрасіў мяне ў госці. Падчас нашай размовы я пачуў ад Ігара столькі цікавых жыццёвых гісторый, што не магу не падзяліцца імі з чытачамі «Кур’ера».

Пра бацькоў і бацькавы «чуні»
«Мае бацькі родам з Пагоста Салігорскага раёна, — расказаў Ігар Берасневіч. — У пачатку вайны пажаніліся, нарадзілася дачка.
У вайну яны і іх сем’і трымалі цесную сувязь з партызанамі. У 1943 годзе родных маіх бацькоў немцы арыштавалі за сувязь з партызанамі. Саміх бацькоў у той час не было дома. Аб небяспецы іх папярэдзілі суседзі. Таму, не заходзячы ў хату, яны з дзіцем на руках пайшлі на Любаншчыну ў партызанскі атрад.
У 1944 годзе з партызанскага атрада бацька трапіў на фронт у дзеючую армію, дзе атрымаў раненне ў ногу. Дамоў вярнуўся па калена без нагі.
Пасля вайны, калі зусім не было ні абутку, ні адзення, бацька з аўтапакрышак майстраваў людзям «чуні», якім не было зносу. З-за іх бацьку ведалі нават у далёкіх вёсках.
Самаробны пісталет для дзяўчыны-мушкецёра
Нарадзіўся я ў 1947 годзе. Вучыцца ленаваўся. Затое вельмі любіў майстраваць.
Неяк у старэйшых класах нам аб’явілі, што будзе навагодні маскарад і конкурс касцюмаў. Дзяўчына з майго класа, якая мне спадабалася, сказала, што будзе шыць касцюм мушкецёра. Мне вельмі хацелася, каб яна атрымала першы прыз за касцюм. Я паабяцаў ёй зрабіць мушкецёрскі пісталет. Для гэтага знайшоў кніжку пра трох мушкецёраў, па малюнках у ёй і зрабіў пісталет. Ды не проста муляж! Пісталет меў зарад, як хлапушка. Я вельмі хацеў, каб атрымаўся сюрпрыз.
Як прыгожа дзяўчына выглядала ў гэтым касцюме! А збоку звісаў пісталет, які рабіў яе сапраўдным мушкецёрам. Калі яна зайшла ў залу, шмат каго здзівіў мой пісталет, але пайшоў і шэпт, што ён несапраўдны. Тады дзяўчына выхваціла «зброю», падняла ўгору – і нечакана раздаўся выбух. Вынікі гэтага дзіва былі зусім не такімі, на якія я спадзяваўся. Дзяўчына за касцюм атрымала другое месца, а мяне ледзь не выгналі са школы.
Служба была выдатнай
Пасля школы я падаўся ў артылерыйскае вучылішча, але не паступіў. У выніку стаў вучнем электраслесара, вечарамі вучыўся на шафёра.
Прызвалі служыць у зенітна-ракетныя войскі пад Масквой. Аднойчы пасылаюць мяне ў штаб падпісаць паперкі на атрыманне матэрыялаў.
У кабінеце маёр пытаецца: «Адкуль родам?». Адказваю: «З Беларусі, мястэчка Пагост Салігорскага раёна». «А я з Краснадворцаў, — кажа маёр. — Ведаю твайго бацьку. Яго «чуні» дапамаглі скончыць сярэднюю школу. Ці хочаш служыць на пасадзе?..». Ён назваў пасаду, а я адказаў, што згодзен служыць. І не памыліўся, служба была выдатнай, лепшай не прыдумаць. Паездкі па Маскве, наведванне музеяў, экскурсіі.
Аднойчы была экскурсія салдат у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Там нам паказалі аўтамат, зроблены партызанам Уладзімірам Берасневічам. Я не ўтрымаўся і сказаў, што гэты аўтамат зрабіў мой бацька. Мяне акружылі, сталі прасіць расказаць пра бацьку. Я расказаў, што за час партызанкі бацька зрабіў 8 такіх аўтаматаў. За гэта яго сям’і ў атрадзе далі зямлянку і карову.
З электраслесараў — у вадзіцелі
Пасля арміі вярнуўся дамоў, уладкаваўся на аўтакамбінат электраслесарам. Вечарамі павышаў кваліфікацыю — стаў кіроўцай першага класа.
Калі на аўтакамбінаце з’явіўся вялікі рэфрыжэратар, я стаў яго вадзіцелем. Дзе толькі не быў, што не вазіў! Дэфіцытныя прадукты, адзенне, абутак. На базу прыязджаю на разгрузку, а там ужо чарга. І не простыя людзі, а першыя асобы ў горадзе ці раёне.
Праз некаторы час сусед па вуліцы, які працаваў галоўным інжынерам аб’яднання «Мінскжалезабетон», прапанаваў мне пераехаць у Мінск і стаць яго вадзіцелем. Я рашыўся. Праз два гады мой начальнік пайшоў на пенсію, а мяне перавялі вадзіцелем на спецаўтабазу.
Вазіў важных людзей
Вазіў высокіх чыноў: генералаў, міністраў, іх намеснікаў. Часам даводзілася слухаць іх размовы. Аднойчы пры мне мэр Масквы Юрый Лужкоў, яго жонка Батурына і два намеснікі міністра будоўлі Беларусі абмяркоўвалі пакупку будаўнічых камбінатаў. У мяне аж сэрца замірала, так баяўся, каб гэтага не здарылася.
Цяпер, калі жыццё крута змянілася, часам думаю, можа было б лепш, калі б тыя будтрэсты купілі. Зразумець не магу, чаму ў Беларусі іх цяпер ліквідуюць, а тыя, што засталіся, — ледзь жывыя. А Мінск забудоўваюць замежныя фірмы.
Ці вось гісторыя. Вязу неяк з Вільнюса ў Мінск двух вялікіх персон з Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Гэта быў той час, калі ў магазінах дэфіцыт, на дарогах бандыты. Толькі пераехалі мяжу, пры дарозе мужычок галасуе. Мае пасажыры скамандавалі ўзяць чалавека. Мужычок аказаўся ў добрым падпітку. Адзін з пасажыраў кажа: «Не баішся, што застрэлім?». А мужычок у адказ: «Не баюся!». І дастае пісталет. «Давезяце да хаты — пачастую дэфіцытам», — кажа. Чыноўнікі згадзіліся.
Мы з’ехалі з дарогі ў бок кіламетраў пяць, там была база. Мужычок той аказаўся пляменнікам Кебіча, які займаў пост старшыні Савета Міністраў Беларусі. Мае пасажыры тады добра атаварыліся».
На развітанне
Шмат аб чым яшчэ гаварылі мы з суседам, успаміналі СССР. На развітанне ён сказаў: «Вось жывём, молімся на людзей, якія кіруюць краінамі і нашым жыццём, лічым іх «божай святасцю», а яны — проста людзі, з чалавечымі слабасцямі».