Сельскагаспадарчы сезон завяршаецца, і можна падводзіць вынікі. У інтэрв'ю «Слуцкаму краю» Андрэй Янчэўскі, старшыня Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, расказаў, якім быў гэты год для вяскоўцаў рэгіёна.

По словах Андрэя Янчэўскага, нягледзячы на пандэмію і зменлівае надвор’е, Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу аграрыі раёна сустракаюць з добрымі вынікамі:

Реклама

— Мы ў чарговы раз лідары ў вобласці па валавым намалоце збожжа, а сярод іншых раёнаў краіны — у нас другі вынік. Сабралі 150 191 тону збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 43 цэнтнеры з гектара. Зачын на ўраджай быў, але з надвор’ем не паспрачаешся. Калі азімыя культуры добра сябе паказалі, то яравыя не вытрымалі спякоты. Жніво праявіла нашы сілы і магчымасці, дало пэўныя ўрокі.

Удзел у жніве прынялі 128 камбайнавых экіпажаў і 140 вадзіцеляў, прыклад руплівай працы паказалі 27 маладзёжных экіпажаў і 17 маладых вадзіцеляў. Нельга не адзначыць працу аператараў зернесушыльных комплексаў, працаўнікоў, якія перавозілі збожжа ў склады, дастаўлялі на камбінаты хлебапрадуктаў. Увогуле, кожны на сваім працоўным месцы стараўся. Асаблівай удзячнасці заслугоўваюць кіраўнікі сельгасарганізацый за ўменне згуртаваць і мабілізаваць людзей.

Праца аграрыяў Слуцкага раёна была адзначана на абласным свяце хлебаробаў Мінскай вобласці «Дажынкі-2021»: 12 прадстаўнікоў нашага раёна атрымалі заслужаныя ўзнагароды. У іх ліку вадзіцель саўгаса «Рачкавічы» Мікалай Гірэль, камбайнер Аляксандр Клевановіч (ААТ «Аграфірма «Лучнікі»), вадзіцель Уладзімір Пісарык (ААТ «Вясейскі Пакроў»), аператары зернесушыльных установак філіяла «Падсобная сельская гаспадарка «Наша Ніва» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» Міхаіл Гарбацэвіч і Валянцін Гурыновіч і іншыя.

Сёлета ўпершыню сабралі рэкордны ўраджай масланасення рапсу — 29 903 тоны, сярэдняя ўраджайнасць склала 32,3 цэнтнера з гектара. Наогул, гэта лепшы вынік у краіне. У гэтым напрамку добра папрацавалі ААТ «Гольчыцкае» і «Падлессе-2003».

Значная доля ў структуры пасяўных плошчаў адводзіцца пад кукурузу. Сёлета зерня «царыцы палёў» сабралі 25 814 тон, сярэдняя ўраджайнасць — 64 цэнтнеры с гектара. У ліку лідараў - «Падлессе-2003».

Высокія вынікі дасягнуты на вырошчванні і ўборцы льну. Валавы збор склаў больш за 7 054 тоны пры ўраджайнасці 36,9 цэнтнера з гектара — лепшы вынік у Мінскай вобласці.

Вынікова папрацавалі работнікі сельгасарганізацый на нарыхтоўцы кармоў. На ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавалі 31,4 цэнтнера кармавых адзінак — гэта дазволіць нам стабільна працаваць у жывёлагадоўлі. Дарэчы, сярод механізатараў на нарыхтоўцы кармоў на розных відах работ вылучыліся Сяргей Чаранкевіч з ААТ «Падлессе-2003», Яўгеній Корзун з філіяла «Падсобная сельская гаспадарка» мясакамбіната, Міхаіл Скрундзік з ААТ «Аграфірма «Лучнікі», Андрэй Коршак з ААТ «Вясейскі Пакроў» і іншыя.

Павышэнню вытворчасці садзейнічае і абнаўленне машынна-трактарных паркаў сельгасарганізацый. Сёлета набылі трактары, збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, касілкі і іншыя прыстасаванні - усяго 72 адзінкі.

Як сёлета спрацавалі ў жывёлагадоўлі

— У параўнанні з мінулым годам значна палепшаны вынікі. Сёлета вырашчана жывёлы ў жывой вазе 18,4 тысячы тон (105,8% да адпаведнага перыяду мінулага года), у тым ліку буйной рагатай жывёлы — 12,8 тысячы тон (103%), свіней — 5,5 тысячы тон (103, 6%).

Ужо на працягу васьмі гадоў мы ўпэўнена трымаем лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці ў малочнай галіне і штогод павялічваем валавую вытворчасць. За студзень — кастрычнік атрымалі 164 тысячы тон малака. Па выніках года плануем атрымаць 196 тысяч тон. Для гэтага ёсць падставы.

Лепшы вынік па валавой вытворчасці малака ў СГФ ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» (24,3 тысячы тон малака), а па прадукцыйнасці дойнага статка — у саўгасе «Рачкавічы» (8 358 кг малака ад каровы). Аператар машыннага даення Тамара Каржэвіч (ААТ «Вясейскі Пакроў») значна палепшыла мінулагодні вынік і ў сярэднім ад кожнай каровы надаіла па 9 288 кілаграмаў малака.

Разам з тым для далейшага дынамічнага развіцця галіны, росту яе канкурэнтаздольнасці неабходна вырашыць шэраг задач па павышэнні эфектыўнасці сельгасвытворчасці, будаўніцтве, рэканструкцыі і мадэрнізацыі даільна-малочных блокаў. Пры гэтым важнейшым напрамкам і прыярытэтам у рабоце павінна заставацца стварэнне камфортных і сучасных умоў жыцця ў вёсцы.

Шэраг сельгасарганізацый для замацавання дасягнутых паказчыкаў у вытворчасці малочнай прадукцыі і забеспячэння больш высокіх вынікаў будуюць будынкі для ўтрымання буйной рагатай жывёлы і даільна-малочныя блокі. Добра наладжана работа ў гэтым кірунку ў ААТ «Вясейскі Пакроў», «Казловічы-Агра», «Падлессе-2003», «Слуцкая Ніва», «Вітка-Агра», філіяле «Падсобная сельская гаспадарка «Наша Ніва» ААТ «Слуцкі мясакамбінат», саўгасе «Рачкавічы». Яны працуюць на перспектыву, укладваюць інвестыцыі ў будучыню, гэта дасць магчымасць у далейшым нарошчваць вытворчасць.

У перапрацоўшчыкаў таксама добрыя вынікі

— Станоўчая дынаміка і ў перапрацоўчых прадпрыемствах раёна. Яны працуюць над павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці, пашырэннем асартыменту выпускаемай прадукцыі, паляпшэннем яе якасці. 75 працэнтаў чыстага прыбытку, атрыманага прадпрыемствамі і арганізацыямі Случчыны, — ад перапрацоўчай прамысловасці. Іх прадукцыя канкурэнтаздольная і на ўнутраным, і на знешнім рынках.

Забяспечваюць выкананне заданняў па экспарце тавараў адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Слуцкі мясакамбінат», «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў», «Слуцкі льнозавод», «Слуцкі воцатны завод», «Слуцкі хлебазавод». Вынікова працуе цукроварафінадны камбінат. У 38 краін пастаўляюць прадукцыю прадпрыемствы, штогод асвойваюць новыя рынкі збыту. Сёлета — Нігерыя, Сінгапур і Вялікабрытанія. Асноўныя пакупнікі нашай прадукцыі - Расія, Кітай, Казахстан і Узбекістан. У 31 раз павялічаны пастаўкі ў Чэхію, у 13 разоў - у Арменію, у 9 разоў - у Эстонію і іншыя краіны.

Прадукцыя перапрацоўчых прадпрыемстваў штогод адзначаецца дыпломамі міжнародных конкурсаў-выставак. Напрыклад, на міжнародным форуме «Продэкспо» сёлета мясакамбінат, сыраробны камбінат, хлебазавод, камбінат хлебапрадуктаў у чарговы раз прадэманстравалі высокую якасць, за што і атрымалі ўзнагароды.

Сакрэт поспеху

— Бясспрэчна, у аснове высокіх дасягненняў - людзі, іх самаадданая і напружаная праца, вернасць абранай справе і прафесіі, любоў да роднай зямлі. Вялікая ўдзячнасць кожнаму, хто працуе ў сельскай гаспадарцы раёна і на перапрацоўчых прадпрыемствах. Асабліва ветэранам, якія заклалі аснову цяперашнім дасягненням і перадаюць свой вопыт маладому пакаленню. Вы — гонар Случчыны. Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту і дастатку ў кожнай сям'і, радасці, шчасця і новых працоўных поспехаў!