У гэтым годзе першаму на Случчыне калгасу споўнілася 100 гадоў. Прычым само сяльгаспрадпрыемства працуе да гэтага часу

Першаму на Случчыне калгасу — 100 гадоў, Слуцк
На здымку пасяўная 1922 года ў адным з беларускіх калгасаў. З-за адсутнасці тэхнікі сельскагаспадарчыя работы выконваліся ўручную. Фота: belta.by

У гэтым годзе першаму на Случчыне калгасу споўнілася 100 гадоў. Прычым само сяльгаспрадпрыемства працуе да гэтага часу, у адрозненне ад васьмі дзясяткаў іншых слуцкіх калгасаў, рэарганізаваных у розныя гады.

Гэта ААТ «Падлессе-2003», якое вядзе сваю гісторыю з далёкага 1921 года. 100 гадоў таму, 21 красавіка, пяцёра сялян з вёскі Пуцята (сёння вёска Славінск) стварылі камуну імя Карла Маркса. Базай для абсалютна новага для Случчыны сяльгасаб’яднання стаў маёнтак памешчыка Федаркевіча, які пасля прыстасавалі пад мехдвор. Цяпер ад сядзібы засталіся толькі падмуркі.

Реклама

Першымі камунарамі былі Пётр Кашанскі, Данііл Атліванчык, Мікалай Каманскі, Фёдар Цяцерскі і Міхаіл Турбан. Кіраўніком камуны абралі Пятра Сяльвестравіча Кашанскага.

Вядома, што першапачаткова ў камуны імя Карла Маркса было 140 гектараў зямлі, у тым ліку 80 — ралля, 11 рабочых коней, 15 дойных кароў, 40 свіней. А з інвентара — 8 конных плугоў, 12 барон, конная малатарня, касілка, жатка і сеялка.

Праз чатыры гады — у 1925-м — на аснове камуны быў створаны калгас імя Карла Маркса. Яшчэ праз год калгас перажыў першае аб’яднанне. Да яго далучыўся суседні «Пралетар», першым старшынёй якога быў Васіль Захаравіч Корж, пасля легендарны партызанскі камандзір і Герой Савецкага Саюза.

Ужо ў аб’яднаным калгасе імя Карла Маркса стала 32 сялянскія гаспадаркі і 410 гектараў зямлі, з іх 280 гектараў ворнай.

Масавая калектывізацыя

У 1925−1928 гады на Случчыне арганізаваліся 14 калектыўных гаспадарак: у 1925-м — калгасы імя Віннічэўскага (Казловіцкі с/с), «Прагрэс» (Сераднякоўскі с/с), «Вольная праца» (Беліцкі с/с), «Чырвоны кастрычнік» (Вяліка­сліўскі с/с), «Першае мая» (Прошчыцкі с/с). Астатнія дзевяць калгасаў з’явіліся ў 1927−1928 гады.

У 1929 годзе на Случчыне пачалася масавая калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Як яна праходзіла і чаго каштавала сялянам і іх сем’ям — гэта асобная тэма, якая непарыўна звязана з другой — рэпрэсіямі на Случчыне.

Але вернемся да нашага першага ў раёне калгаса імя Карла Маркса. У лютым 1933 года яго ўдарнікі звярнуліся з адкрытым лістом да ўсіх работнікаў сельскай гаспадаркі Беларусі з заклікам змагацца за высокі ўраджай, за бальшавіцкую падрыхтоўку да веснавой сяўбы. У лісце, які надрукавалі ў газетах, яны пісалі, што іх калгас за 12 гадоў існавання ператварыўся ў буйную гаспадарку, у якой наладжана правільная арганізацыя працы, разгарнулася сацыялістычнае спаборніцтва. Калгаснікі сцвярджалі, што іх даходы ўзраслі ў параўнанні з тым часам, калі яны былі аднаасобнікамі, што тады не было і паловы даходаў, якія яны атрымліваюць цяпер ад арцельнай гаспадаркі.

Зразумела, што такія калектыўныя звароты былі хутчэй прапагандысцкімі і не адлюстроўвалі рэальнага становішча ў сельскай гаспадарцы. Але выбару ў вяскоўцаў не было. У калгасы даводзілася ўступаць цэлымі вёскамі.

Ужо ў 1934 годзе на VII з’ездзе Савета Случчыны адзначалася, што калгасы раёна аб’ядналі 79% сялянскіх двароў (11 378) і мелі 80% усёй зямельнай плошчы раёна.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны на Случчыне калгасаў было ўжо 93. Кожны з іх аб’ядноўваў сялян адной вёскі. Маштабы вытворчасці, такім чынам, залежалі ад памеру вёскі, а гаспадаркі часта былі дробнымі. Тым не менш 54 слуцкія калгасы за дасягнутыя поспехі былі ўзнагароджаны граматамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы.

У 1938 годзе ў сярэднім на Случчыне збіралі: збожжавых — больш за 10 цэнтнераў з гектара, лёну — 4 ц/га, бульбы — 150 ц/га. У калгасах налічвалася каля 20 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, каля 9 тысяч коней. Перад вайной у калгасаў мелася ў наяўнасці 150 трактароў і камбайнаў. Для таго часу гэта былі высокія паказчыкі.

Вясной 1950-га ў Крамлі было прынята рашэнне ўмацоўваць сельскую гаспадарку шляхам зліцця некалькіх калгасаў у адзін. Такім чынам, за 1950 год на Случчыне стала менш на 73 калгаса — іх далучылі да больш буйных і перспектыўных.

Застаўся на плаву і першы калгас Случчыны, да якога былі далучаны яшчэ некалькі дробных гаспадарак.

А што ж першы старшыня першага слуцкага калгаса? Яго імя ўдалося знайсці ў базе дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР». Кашанскі Пётр Сяльвестравіч, 1891 года нараджэння, быў арыштаваны 24 жніўня 1936 года, асуджаны 5 кастрычніка таго ж года па арт.72 УК БССР «прымыкаў да трацкісцкай апазі­цыі, сабатаж», асуджа­ны на 5 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў на Калыме. У 1959 годзе быў рэабілітаваны.

Адна з вуліц вёскі Славінск (былая вёска Пуцята) названа ў гонар Пятра Кашанскага.