Старажытны Слуцк вачыма археолага

0

У мінулыя гады такімі ж восеньскімі днямі старажытны Слуцк традыцыйна адзначаў Дзень горада. Апошні раз вялікае свята было прысвечана 900-гадоваму юбілею Слуцка – у 2016-м. І вось гораду – 905.

Каб не абысці маўчаннем гэты факт, «Кур’ер» прапануе чытачам урыўкі з інтэрв’ю з вядомым беларускім археолагам Леанідам Калядзінскім, чалавекам, які сваімі даследаваннямі фактычна адкрыў нам старажытны Слуцк.

Реклама

Напярэдадні святкавання 900-годдзя Слуцка ён якраз праводзіў археалагічныя раскопкі на Замкавай горцы. Тады было знойдзена больш за паўтысячы артэфактаў XI-XIII стагоддзяў, у тым ліку ювелірная майстэрня, аналагаў якой няма нідзе на нашых тэрыторыях.

Старажытны Слуцк вачыма археолага, Слуцк
Маставая ХІІІ стагоддзя  адкрылася падчас раскопак на Замкавай горцы ў 2016 годзе. Яе шырыня — каля двух метраў. Маставая ўяўляла сабой бярвенні-лагі, на якія былі выкладзеныя колатыя дошкі. Аглядае маставую Леанід Калядзінскі. Фота: Алесь Дастанка

Раскопкі і знаходкі

«Слуцк адносіцца да ліку ўнікальных помнікаў археалогіі, — распавёў «Кур’еру» Леанід Калядзінскі. — Яго культурны пласт вільготны і добра захоўвае прадметы з арганікі: дрэва, скуры, косці. Гэта дае магчымасць выходзіць на рэшткі старажытнай драўлянай забудовы, што і было выяўлена падчас нашых даследаванняў у 1985-1986 гадах.

Тады былі выкрытыя два дзясяткі дамоў жылога і гаспадарчага прызначэння, тры вулічныя маставыя XII-XIII стагоддзяў.

У цэлым сабралі ўнікальны археалагічны матэрыял. Толькі шахматных фігур знайшлі чатыры. Найбольш вядомая з іх — касцяны кароль, аналага якому да гэтага часу на постсавецкай прасторы няма. Падобная фігурка выяўлена ў Чарнігаве, але яна прывезена з Візантыі, а слуцкая, без сумненняў, — мясцовай вытворчасці.

Старажытны Слуцк вачыма археолага, Слуцк
Шахматны кароль  знойдзены на Слуцкім гарадзішчы ў 1985 годзе. Илюстрацыі: з навуковага даклада Леаніда Калядзінскага

У 1985 годзе мы ўскрылі кузню XII стагоддзя. Яна дала найвелізарны матэрыял па кавальскай справе. Вывучылі мы тады і абарончы вал.

Цудоўныя знаходкі былі і ў наступным 1986 годзе, калі раскопкі вяліся каля Дома культуры. Словам, матэрыялу хапіла б на цэлую кнігу. Яе разумна было б выдаць да юбілею Слуцка, хай нават у навукова-папулярным варыянце. З такой прапановай выходзілі, але як заўсёды — няма грошай.

Больш позні Слуцк таксама цікавы

У 1987 годзе вяліся даследаванні за Домам Саветаў. Там напластаванні пазнейшыя, якія адносяцца да XVII — пачатку XX стагоддзяў. Тым не менш яны таксама прадстаўлялі цікавасць. Разам з арыгінальнымі матэрыяламі раскопак 1999 года (на месцы, дзе стаіць помнік Сафіі Слуцкай) і наяўнымі шматлікімі пісьмовымі крыніцамі магла б з’явіцца не проста кніга, а манаграфія па гісторыі Слуцка XVII стагоддзя. І кошту б ёй не было. Але ёсць тое, што ёсць.

Старажытны Слуцк вачыма археолага, Слуцк
Знаходкі 2016 года — каля трох дзясяткаў ювелірных вырабаў.

Археалагічная спадчына Слуцка

У плане захавання археалагічнай спадчыны Слуцку не пашчасціла як ніякаму іншаму гораду. Хоць ён мог стаць у шэраг самых цікавых і даследаваных помнікаў, такіх як Брэст, Мінск, Віцебск і Полацк. Асноўны помнік археалогіі — старажытнае гарадзішча — фактычна знішчаны сучаснай забудовай.

Тое, што было знойдзена падчас раскопак, перадавалася ў Слуцкі краязнаўчы музей. Археалагічная калекцыя захоўвалася ў падвале і падвяргалася ўздзеянню вільгаці. У выніку многае страчана. Пра ненапісаныя кнігі я ўжо казаў вышэй.

У старым Доме культуры размесціцца Палац шлюбу. Разумней было б аддаць яго пад краязнаўчы музей — гэта быў бы сапраўдны падарунак гораду да юбілею.

Наколькі мне вядома, да 900-годдзя Слуцка не плануецца і правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі. А яе можна было арганізаваць сумеснымі намаганнямі райвыканкама і Акадэміі навук з наступным выданнем навуковага зборніка. Юбілей скончыцца святочнымі гуляннямі з феерверкам, ад якога ў памяці слуцакоў праз пару гадоў нічога не застанецца».