«Стань у вугаў», «Выйдзі з кваса». Школьныя ўспаміны выпускніка сярэдняй школы Капыльскага раёна

0

Уважаемая редакция, на сайте вашей газеты узнал, что редакция предлагает читателям откликнуться на предложение поделиться с ней своими воспоминаниями об учителях. Высылаю вам несколько глав из повести под рабочим названием «Последний визит, или Прощание с малой родиной».

«З усяго пражытога часцей за ўсё ўспамінаецца чамусьці дзяцінства, навучанне ў школе, вучні, настаўнікі. Фотаздымак настаўніцкага калектыву Вялікараёўскай сярэдняй школы (Капыльскі раён) захоўваецца ў мяне да гэтага часу. На яго адваротнай старонцы ёсць надпіс: «май 1956г.».

Реклама

«Стань у вугаў. Выйдзі з кваса». Школьныя ўспаміны выпускніка сярэдняй школы Капыльскага раёна

Я амаль штодзень бяру гэтае фота ў рукі і ўспамінаю свае школьныя гады. Вось Шукевіч Адам Тадэушавіч, выкладчык нямецкай мовы, паляк па нацыянальнасці. У яго заўсёды ў портках ззаду была маленькая дзірачка, праз якую былі відаць сподні. Калі ён праходзіў па радах паміж партамі, яму ў гэтую дзірачку Сяргей Даўгаполаў (быў такі вучань) устаўляў саломінку, і яна віляла з боку ў бок пры хадзьбе настаўніка. Клас клаўся ад рогату, Шукевіч, знаючы, чыя гэта выхадка, браў Сяргея за шыварат, штурхаў і крычаў: “Стань у вугаў” (палякі, як вядома, пры размове замест літары ”л” вымаўляюць “ў” альбо “в” — у залежнасці ад таго, дзе яна знаходзіцца).

Даўгаполаў і ў вуглу працягваў грымаснічаць, тады Адам Тадэушавіч крычаў: “Выйдзі з кваса”.

Альбо яшчэ прыкол. На правай руцэ ў Шукевіча адсутнічаў вялікі палец, і ён браў мел у пучкі (паміж указальным і сярэднім пальцамі). Перад яго ўрокам хто-небудзь крышыў мел на дробезныя кавалачкі, і тады злосны Шукевіч крычаў: “Дзе меў, хто сёння дзяжурны?”.

Адным словам, здзекаваліся мы з яго, дурні, выкарыстоўваючы яго недахопы. Трэба сказаць, ён быў мала прыстасаваны да жыцця. Памятаю, як ён аднойчы спытаўся ў майго таты, гледзячы на кола матацыкла: ”Барыс Герасімавіч, а чаму спіцы такія тонкія, а не гнуцца?”. Альбо, заточваючы кол сякераю (я сам быў сведкай), так яго сцёсываў, што ад яго заставаўся кароткі абрубак, за які нельга было трымацца. Шукевіч яго выкідваў і ціхенька казаў: “Псякрэў”.

Быў у нас яшчэ адзін цікавы, на мой погляд, настаўнік — Ляшкевіч Уладзімір Якаўлевіч, выкладчык хіміі. Нізенькі, гарбаты. Вельмі любіў прыроду, паляванне з фотаапаратам. Бывала, павесіць на шыю мелкакаліберную стрэльбу (хоць ні разу з яе ні стрэліў), бінокль, фотаапарат і блукае па наваколлі.

Вёў ён вельмі сціплае жыццё. У краме, памятаю, купляў дробку камсы, сядаў на прыступкі крамы і абедаў. Можа таму і купіў адзін з першых вяскоўцаў аўтамабіль “Масквіч-403”, але ім амаль што не карыстаўся. На пытанне “Уладзімір Якаўлевіч, дзе ж ваша аўто?” заўсёды адказваў: “З вёскі нельга выехаць, вельмі брудна, вось і паставіў у гараж”.

Дзіўны быў чалавек. Аднойчы папрасіў ён у майго таты палячыць радыкуліт пчоламі (мой тата быў заядлы пчаляр). Тата яму і кажа, шуткуючы: “Здымай порткі і выстаўляй зад пад ляток”, што ён і зрабіў, прыняўшы ўсур’ёз параду. Пчолы абляпілі яго ўсяго і так “далі”, што ён заблытаўся ў сваіх портках, упаў у разору і столькі нарабіў крыку, што тата схапіў бярозавы венік, вядро з вадою і пабег яго ратаваць.

Асабліва часта я ўспамінаю сваю першую настаўніцу Рацько Соф’ю Васільеўну. Сапраўды, без перабольшання можна сказаць – гэта была настаўніца з вялікай літары.

Але я хачу распавесці пра сваіх бацькоў, таксама настаўнікаў: бацька быў выкладчыкам фізікі, а маці — матэматыкі.

Трэба сказаць, я з вялікай павагай адносіўся да свайго бацькі. Гэта менавіта ён навучыў мяне маляваць (да педагагічнага інстытута ён скончыў тры курсы мастацкага тэхнікума), сталярнічаць (разам з ім прыбудавалі да хаты трохсценак, чым павялічылі жылую плошчу) і шмат іншаму.

Памятаю, як разам з бацькам хадзіў на прыроду і маляваў розныя краявіды. У мяне да гэтай пары захаваліся эцюды і карціны — мае і бацькавы.

З павагай да яго адносіліся і ўсе вучні. Паколькі ў тыя часы было не вельмі шмат наглядных прыстасаванняў, ён многія рабіў сам. Напрыклад, такую прыладу, як перыскоп ці “мёртвую пятлю”.

У той час у вёсцы не было электрычнасці, і бацька неяк угаварыў дырэктара школы набыць рухавік-генератар. Колькі ва ўсіх было радасці і захаплення, калі ў класах замест керасінавых лямп загарэліся электрычныя!

Матуля вельмі добра ведала матэматыку і выкладчыцкую справу і не аднойчы ўдзельнічала ў розных конкурсах і мерапрыемствах на розных узроўнях.

Бацьку ў 1957 годзе прысвоілі званне “Ганаровы настаўнік БССР”.

Успаміны, успаміны… У тыя гады класы былі перапоўнены. У школу хадзілі вучні з шасці навакольных вёсак. У асноўным гэта былі пераросткі: вайна не дазволіла ў свой час скончыць школу, многім выпускнікам было ўжо амаль за дваццаць, і яны добра разумелі жыццё, адносіліся да навукі і да настаўнікаў з разуменнем і павагай.

Памяталі яны пра сваіх настаўнікаў і пасля заканчэння школы. Адзін з выпускнікоў стаў знакамітым кампазітарам, яго фамілія Шумілін (памятаеце песню “Ой, мой Мінск, мая сталіца Беларусі роднай”). Дык вось, не памятаю, у якім годзе ён прыехаў у сваю вёску і прывёз бочку піва. Паставіў яе на ганак крамы і частаваў усіх землякоў гэтым півам. Тады ён гасцяваў у маіх бацькоў з тыдзень.

А другі выпускнік па фаміліі Бабеня, ваеннаслужачы, дапамог бацьку і не толькі яму набыць матацыкл М–72, які ў той час быў зняты з узбраення.

Як іншы раз хочацца вярнуцца ў тыя часы. І не таму, што хочацца нешта паправіць, а каб пабачыцца з тымі, хто мяне вучыў, з кім навучаўся.

Дзесьці ў 2011 годзе Вялікараёўскую школу закрылі з-за дэмаграфічнага і эканамічнага становішча. Што будзе з будынкам далей – невядома. Хацелася, каб ён ператварыўся ў дом састарэлых і працягваў служыць на карысць насельніцтву. Але гэта справа мясцовай улады».