Сёння раніцай жонка здзівіла – прапанавала мне сняданак, які вызваў мноства ўспамінаў з дзяцінства ды маладосці.

У пачатку пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, калі сала было не ў кожнай хаце, лічыўся багатым сняданак менавіта такі, якім здзівіла мяне жонка.
Гаспадыні чысцілі бульбу, звараную ў лушпінах, клалі на патэльню, дзе ўжо шкварчэлі кавалачкі сала, туды ж сыпалі нарэзаную цыбулю, а паверх яе раскладвалі кружочкі крывяной каўбасы. Да гэтай смакаты абавязкова падаваліся маласалёныя гуркі.
З’еўшы гэты сняданак, запівалі агурэчным расолам.
Потым мужчыны лёгка браліся за цяжкую працу ў полі. У маёй памяці захаваліся паходы на касьбу. Усе дарослыя мужчыны бралі косы і ішлі касіць.
Вось паснедаў сёння, як 70 гадоў таму. Нават пах свежаскошанай травы адчуў.