270 гадоў таму ў Слуцку з’явіўся тэатр, які стварыў адзін з Радзівілаў. Як гэта было і чым скончылася

0
Слуцкі тэатр Радзівіла. Як гэта было, Слуцк
Тэатры Радзівілаў. Макет Нясвіжскага тэатра, які, у адрозненне ад Слуцкага, праіснаваў больш за 50 гадоў (1740—1791 гг.).  Фота з сайта museums.by

270 гадоў таму ў Слуцку з’явіўся тэатр. Яго стварыў Геранім Фларыян Радзівіл па прыкладзе свайго нясвіжскага брата Міхаіла Казіміра. І хоць праіснаваў тэатр усяго дзевяць гадоў, ён паспеў паўплываць на культурнае выхаванне случчан і нават вырасціць сваіх зорак сцэны.

Тэатрам Радзівілаў, у тым ліку і Слуцкаму, былі прысве­чаны даследаванні гісторыка Вольгі Клецкінай, якія прэзентаваліся на Першым міжнарод­ным навуковым кангрэсе беларускай культуры.

Реклама

Вось што яна напісала пра тэатральны Слуцк ХVIII стагоддзя.

Першыя акцёры — кадэты

Пачаткам тэатральных паказаў у Слуцку лічыцца 1751 год. Менавіта ў гэты час прыстасоўваліся для тэатральных патрэб то манеж, то даволі цеснае памяшканне збройнай палаты слуцкага замка. У 1752 годзе пад тэатр перабудавалі памяшканне былога «суднага дома» на тэрыторыі Старога замка.

Фарміраванне першай трупы ішло з пэўнымі цяжкасцямі: акцёры, пачуўшы пра дэспатычны нораў князя, які мог хворых артыстаў і музыкантаў падымаць з пасцелі і гнаць на спектакль, саджаць на гаўптвахту, гвалтам прымушаць да прадаўжэння кантракта, — не жадалі ехаць у Слуцк. У драматычных спектаклях прымалі ўдзел кадэты, педагогі кадэцкага корпуса. Рэгулярнай з’явай сталі пастаноўкі «нямецкіх» камедый.

Абавязковымі ўдзельнікамі ўсіх масавых сцэн былі салдаты гарнізона — «гранд-мушкецёры». Яны ж у параднай форме, са зброяй служылі «ўпрыгожаннем» залы: іх ставілі навыцяжку каля ложаў у час спектакляў. У тэатры лунаў дух прускай казармы, які і вызначаў яго густ. Спецыяльна на нямецкай мове былі напісаны драмы, разлічаныя на тэатраль-ныя карціны з выхадам на сцэну цэлых рот салдат: узяцце штурмам крэпасцей, фехтаванне, баталіі, сцэны пакарання смерцю — вось асноўны змест гэтых паказаў.

Князь Геранім захапляўся «шатэншпілем» — ценявым тэатрам, удзельнічаць у якім ён загадваў усім акцёрам. Ён лічыў, што такія спектаклі больш даходзяць да публікі, якая не ведае нямецкай мовы.

У 1756 годзе Радзівіл захапіўся і марыянеткамі, якіх паказваў акцёр Гельман са сваёй жонкай. У тэатры ставіліся таксама оперныя спектаклі на нямецкай і італьянскай мовах.

Пазней нанятыя акцёры пераехалі ў Слуцк, дзе ўжо было завершана тэхнічнае абсталяванне новага тэатра. Шматлікія кантракты з акцёрамі прыпадаюць на 1756−1758 гады. Верагодна, у гэты перыяд на сцэне ішлі ўсе віды паказаў.

У 1756 годзе ў Слуцк прыбыла новая партыя акцёраў з Гданьска і Вены. Каб суправаджаць іх у свае ўладанні, Радзівіл выслаў конны эскорт на чале з генералам Вольскім, які на вазах вёз артыстаў у Слуцк разам са звярынцам і рабамі-неграмі.

Балетная школа

У 1756 годзе ў Слуцку ствараецца прафесійны балет. На працу былі запрошаны такія выдатныя педагогі, як італьянскі балетмайстар Пуціні і французскі танцор і балетмайстар, саліст Парыжскай оперы, адзін з пачынальнікаў мужчынскага класічнага танца Дзюпрэ.

Геранім даручыў Пуціні і Дзюпрэ ў кароткі тэрмін стварыць балетную трупу, але яны сутыкнуліся з аб’ектыўнымі цяжкасцямі — не было неабходнай колькасці падрыхтаваных выканаўцаў. Таму было вырашана стварыць балетную школу. У яе набіраліся 8−10-гадовыя дзеці з сем’яў падданых князя.

Сярод выбраных былі і будучыя зоркі радзівілаўскага балета: асабліва таленавітая танцоўшчыца Кася Міхневіч, за якой асобна наглядаў Пуціні (салістка, першая танцоўшчыца Нясвіжскага тэатра Радзівіла Рыбанькі); танцоры Дыклер і Жукоўскі, а таксама Антон Лойка — танцор і першы беларускі балетмайстар (пазней працаваў у Нясвіжы). У балетнай школе пачалі навучаць і негрыцянят, дзяцей нявольнікаў, якіх князь закупіў у Вене.

Балетмайстар Пуціні высока ацаніў здольнасці прыгонных дзяцей. Ён гаварыў князю, што ніколі не вучыў такіх разумных дзяцей і не чуў пра такіх.

Да 1759 года балетмайстры паставілі «Балет на тры пары», «Балет з Арлекінам», «Венгерскі балет», «Турэцкі балет», шэраг пастараляў і дывертысментаў з нямецкімі, швейцарскімі і цірольскімі танцамі, танцы «стралкоў», «чараўнікоў», «садоўнікаў», «чарцей», «камінараў», «кветачніц», «сялянак».

Свой «камедзіхауз»

У 1759 годзе замест часовага памяшкання ў Слуцку быў пабудаваны пастаянны «камедзіхауз». Ён месціўся за Бернардзінскім кляштаром — зараз маслабаза (Прым.рэдакцыі).

Тэатр меў партэр з пакрытымі чырвоным і блакітным сукном лаўкамі, абкружаны ложамі. Зала, упрыгожаная люстэркамі, мела неглыбокую сцэну з заслонамі і маляўнічымі дэкарацыямі. Ад партала ўглыб сцэны (паралельна рампе) было замацавана на рухомых рамах 36 намаляваных на палатне кулісных перасоўных дэкарацый. Асвятлялі залу дзевяць шкляных люстраў. Перад сцэнай было адведзена спецыяльнае месца для аркестра.

Вакол тэатра знаходзіліся флігелі, дзе жылі музыканты, спевакі, а таксама размяшчалася балетная школа, якая стварыла першую балетную трупу ў гісторыі Беларусі.

Канец Слуцкага тэатра

Пасля смерці князя Гераніма (1760 год) лёс тэатра доўгі час не маглі вырашыць. Ён быў зачынены, а касцюмы і дэкарацыі перавезлі ў Нясвіж. Балетную трупу аб’ядналі з нясвіжскай, якая па колькасным складзе наблізілася да найбуйнейшых у Еўропе. Гэта былі апошнія дні Слуцкага тэатра.