Як беларуская грыбная восень навеяла ўспаміны пра вайну ў Карэі

0
Як беларуская грыбная восень навеяла ўспаміны пра вайну ў Карэі, Слуцк
Фото: pixabay.com

Марк Арнэставіч Базыль на дзявятым дзясятку гадоў прытрымліваўся даўно заведзенага парадку: свой новы дзень пачынаць з навін у свеце, у рэспубліцы. Пакуль жонка рыхтавала сняданак, ён спраўляўся са сваімі звычкамі, лістаючы навіны інтэрнэту.

У той раз навіны былі страшнымі: у Белавежскай пушчы яшчэ не знайшлі хлопчыка, які згубіўся, а прэзідэнт Амерыкі паабяцаў спа­ліць ядзерным агнём Паўночную Карэю за яе непаслухмянасць.

Реклама

Марк Арнэставіч не ра­зу­меў, як можна заблу­дзіцца ў лесе хлапчуку, які там вырас, бо сам ён рос на Палессі, лічы, у лесе.

З Паўночнай Карэяй парадніўся, калі яму было 23 гады. З таго часу ўсялякі ўспамін пра гэтую краіну вызываў цікавасць, а часам і непакой.

За сняданкам, каб не хваляваць жонку, пра навіны ён прамаўчаў. Толькі прапанаваў свай­му земляку, былому аднакласніку Івану Аплоніку сустрэцца ў лесе. Абодвум да яго было толькі выйсці з кватэры і перайсці вуліцу. У лесе абсталяваны столік і лавачкі — іх месца сустрэчы. Хочаш — сядзі, а хочаш — гуляй.

Пасля вясковай дзесяці­годкі шляхі іх разышліся. Марка раённы ваенкамат направіў у ваеннае лётнае вучылішча, а сябар Іван быў прызнаны нягодным туды па стане здароўя. Толькі на пенсіі шляхі іх сышліся зноў, і жылі яны ў суседніх дамах.

Іван яшчэ па тэлефоне здагадаўся, што нешта хвалявала Марка Арнэставіча. Таму, як толькі ён па­дышоў, павітаўся за руку, спытаў коратка: «Што?» Хвалюючыся, Марк Ар­нэс­тавіч стаў ні то расказваць, ні то пытацца, як можна заблудзіцца ў лесе, у якім ты вырас. «Ніколі такога не было ні з табою, ні са мною, — гаварыў Марк Арнэставіч. — Той выпадак у Карэі — здарэнне асобнае». У адказ Іван толькі паціснуў плячыма. «А што яшчэ?» — спытаўся Іван. Марк Арнэставіч, хвалюючыся, загаварыў: «Пра Паўночную Карэю заяву чуў?» — «Не хвалюйся, усё будзе добра», — спакойна суцешыў Іван.

Яны сядзелі за столікам. Марк Арнэставіч разліваў у маленькія кілішкі каньяк і расказваў: «Той выпадак у Карэі не забываецца. Нам, маладым лётчыкам, зачыталі загад падрыхтаваць МІГ-15 для пагрузкі на чыгуначныя платформы. Гэта азначала, што з самалётаў трэба здымаць крылы. Калі пагрузіліся, атрымалася некалькі эшалонаў.
Ехалі на Усход амаль два месяцы. Мы ведалі, што ў Карэі ідзе вайна. На першай памежнай чыгуначнай станцыі нам давялося свае самалёты перагружаць на кітайскія платформы, бо там была другая шырыня чыгункі. Разгрузіліся ў Кітаі амаль на граніцы з Паўночнай Карэяй. Не паспелі сабраць свае самалёты, як наляцелі амерыканскія і абстралялі нас.

Гэта быў канец 1950 года. Вой­скі Паўночнай Карэі паспешна ішлі на поўдзень паўвострава, што несла пагрозу быць скінутымі ў мора вайскоўцамі Паўднёвай Карэі і Злучаных Штатаў. Мы ахоўвалі паветраную прастору Паўночнай Карэі ад палётаў амерыканскіх самалётаў. Нам забараня­лася пералятаць на поў­дзень, на тэрыторыю Паў­днёвай Карэі, каб не быць там збітым і не трапіць у палон да амерыканцаў. Гэта было б доказам, што ў гэтай вайне ўдзельнічае Савецкі Саюз.

Але хутка сітуацыя змянілася. У вайну з Паўночнай Карэяй на баку Паўднёвай Карэі ўцягнулася больш за дзясятак дзяржаў. Амерыканцы паставілі навейшыя самалёты. Тады наш МІГ-15 стаў выглядаць цацачным самалётам супраць «Фантомаў» і «Лятаючай крэпасці».

Аднойчы мяне падрэзаў Ф-1, і давялося катапультавац­ца. Пакуль я спускаўся на парашуце да зямлі, некалькі разоў абляцеў «Фантом». Здавалася, што я бачыў здзеклівую ўсмешку амерыканскага лётчыка. Прызямліўся я ў лесе. Са мной быў нож, пісталет, дзве пліткі шакаладу і баначка згушчанага малака з Рагачоўскага малаказавода. Я ішоў у бок пасялення, якое бачыў з вышыні. Але праходзіў пяты дзень — ні людзей, ні пасялення не было. Я ведаў, што мяне будуць шукаць карэйцы. На шосты дзень пачуў людскі гоман. Гэта былі карэйцы.

Нас, савецкіх лю­дзей, прымалі за святых анёлаў з неба. Хутка я быў перапраўлены на базу нашай ваеннай часці на тэрыторыі Кітая. У 1953 годзе вайна скончылася на той самай паралелі, з якой пачалася.

Вось такі быў адзіны выпадак, калі я заблудзіўся ў чужым лесе. Вельмі не хочацца, каб хто-небудзь паўтараў мае блуканні… Давай яшчэ па адной".

І Марк Арнэставіч разліў апошняе з алюмініевай фляжкі. Калі ўсё было выпіта, астатняе сабрана ў рэчавы мяшок, Марк Арнэставіч сказаў: «Цяпер пойдзем у грыбы. У гэтым годзе грыбная восень».

Праз некаторы час на лясной дарозе яны купілі па вядры баравікоў у грыбнікоў, якія вярталіся з лесу дадому.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии