4 і 5 верасня ў Капылі пройдзе Дзень беларускага пісьменства. «Кур'ер» пазнаёміўся з праграмай свята.

4 верасня

У Палацы культуры адбудзецца літаратурная імпрэза, якая аб’яднае паэтаў абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі. У святочных мерапрыемствах прымуць удзел больш за 100 аўтараў.

Реклама

На пляцоўцы «Слова пiсьменнiка» пройдуць літаратурна-гістарычныя віктары­ны, прэзентацыі, аўтограф-сесіі.

Адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя «Капыльскiя чытаннi», а таксама творчы вечар для ўдзельнікаў і гасцей свята. У гэты дзень пройдзе традыцыйны міжнародны круглы стол з удзелам пісьмен­нікаў, філосафаў, грамадскіх і культурных дзеячаў блізкага і далёкага замежжа. Мерапрыемства будзе арганізавана ў афлайн- і анлайн-фарматах.

5 верасня

Сярод ключавых мерапрыем­стваў — цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыя­нальнай літаратурнай прэміі; цырымонія гашэння канверта і арыгінальнай маркі, прысвечаных XXVIII Дню беларускага пісьменства.

У Капылі адкрыюць помнік беларускаму пісьменніку Цішку Гартнаму, а таксама прадставяць скульптурную кампазіцыю, прысвечаную сталіцам Дня беларускага пісьменства. Наватарскі праект Беларускага саюза мастакоў — адкрыццё Алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна з QR-кодамі, адсканіраваўшы якія можна будзе атрымаць доступ да біяграфіі творцы і пазнаёміцца з творамі, якія ён напісаў.

Упершыню пройдзе інтэрактыўны пешаходны QR-квэст «Капыльскі рог». Удзельнікі QR-квэста змогуць праявіць свае інтэлектуальныя здольнасці, лагічнае мысленне, уменне арыентавацца ў горадзе, паспрабуюць свае сілы ў разгадванні беларускіх народных загадак, паўдзельнічаюць у літаратурным конкурсе.

На працягу двух дзён традыцыйна будзе працаваць фестываль кнігі і прэсы. Жыхары і госці горада змогуць наведаць тэматычныя павільёны. Так, адзін з іх мае назву «Памяць» — тут будуць прадстаўлены кнігі па гісторыі Беларусі, пройдуць сустрэчы з аўтарамі і навукоўцамі. З выставай выданняў, якія распавядаюць пра традыцыі і звычаі Беларусі, можна будзе азнаёміцца ў павільёне «Традыцыi i сучаснасць». Тут жа будзе арганізаваны паказ аўтэнтычнага абраду «Цары», а таксама прадастаўлена магчымасць для моладзі прыняць у ім удзел. «Разам з кнiгай мы расцём» — тут прэзентуюць літаратуру для дзяцей і падлеткаў, правядуць майстар-класы, віктарыны, гульні.

Завершыцца свята Дня беларускага пісьменства вялікім канцэртам.