Створана дзеля «паратавання здароўя людскога»: аптэкарскай справе ў Слуцку – 400 гадоў

0

Найранейшыя звесткі пра аптэку ў Слуцку знаходзяцца ў дакуменце 1621 года. Такім чынам, у гэтым годзе спаўняецца 400 гадоў з часу першага ўзгадвання пра аптэкарскую справу ў Слуцку.

У старажытнасці хворых лячылі знахары. Яны ведалі і захоўвалі назапашаны стагоддзямі вопыт лячэння прыроднымі сродкамі. У хрысціянскія часы іх замянілі падрыхтаваныя лекары-манахі, а потым і свецкія дактары. Прыгатаваныя спецыялістамі сродкі альбо прыродныя лекі рэалізоўваліся насельніцтву адмысловымі гандлярамі на рынках, пазней — у аптэках.

Реклама

Найранейшыя звесткі пра аптэку ў Слуцку знойдзены ў дакуменце 1621 года. Але больш дакладна вядома пра аптэку, створаную дзеля «паратавання здароўя людскога» слуцкім князем Багуславам Радзівілам.

29 студзеня 1648 года ім была выдадзена грамата, у якой гаворыцца аб заснаванні ў Слуцку агульнадаступнай аптэкі і аб забароне з гэтага часу слуцкім лавачнікам прадаваць у сваіх лаўках аптэчныя тавары і атруту.

Аптэкарскай справе ў Слуцку – 400 гадоў, Слуцк
З 1949 года да канца 1970-х аптэка №80 працавала ў дарэвалюцыйным будынку, які стаяў на рагу вуліц Пралетарскай (цяпер Леніна) і Садовай. Фота з сайта nasledie-sluck.by

Першыя аптэкары Слуцка

На Ільінскай вуліцы, насупраць гасціннага двара (на месцы паміж цяперашнімі СШ №5 і Домам сувязі), князь набыў дом з зямельным пляцам і перадаў яго ў пажыццёвае карыстанне кандыдату медыцыны Крыштофу Вінклеру і аптэкару Маціашу Валяр’яну Батлігеру.

З 1652 года Вінклер з’яўляўся ўжо адзіным уладальнікам аптэкі. У 1668 годзе ён звярнуўся да князя за дазволам, каб пабудаваць на старым месцы новы будынак для сваёй установы. Завяшчаў ён аптэку Слуцкай лютэранскай царкве. Верагодна, што і самі ўладальнікі аптэкі былі лютэранамі, і прозвішчы сведчаць пра іх іншаземнае паходжанне.

Заснаваная Багуславам Радзівілам і адбудаваная Вінклерам аптэка ў пазнейшыя часы перыядычна здавалася ў арэнду. Тут працавалі правізар і адзін або два вучні.

У маі 1843 года драўляны будынак гэтай аптэкі згарэў. Пасля пажару гарадская аптэка размяшчалася ў наёмных памяшканнях.

У 1746 годзе была адкрыта прыдворная аптэка, якая абслугоўвала слуцкага князя Гераніма Фларыяна Радзівіла і яго блізкіх. Аптэкарам там быў Ян Тадземрэхт. Яму князь вызначыў двух хлопцаў для навукі, якія дапамагалі і вучыліся аптэчнай справе. Пасля смерці князя прыдворнай аптэкі ў Слуцку не стала.

З 1715 года ўтрымлівалі аптэку і манахі-езуіты ў Троіцкім кляштары ў Новым горадзе. Яна размяшчалася ў драўляным будынку з мезанінам і алькежамі, былі там жылы пакой для аптэкара, лабараторыя, кухня, зала. Першым аптэкарам быў Іаган Вейхер. Разам з іншымі кляштарнымі будынкамі гэта аптэка згарэла ў 1804 годзе. Пазней, прыкладна на тым жа месцы, зноў з’явілася аптэка. На плане горада, зробленым па матэрыялах 1810-х гадоў, яна паказана побач з ката­ліцкай студэнцкай капліцай і называецца прывілеяванай аптэкай. У 1820–1840-я гады была вядома як аптэка Навасільскага. Напрыканцы ХІХ стагоддзя яе гаспадаром стаў аптэкар Рамашка, які меў свой пляц і аптэкарскі агарод на пачатку Шырокай вуліцы.

Аптэкарскай справе ў Слуцку – 400 гадоў, Слуцк
Фота з сайта nasledie-sluck.by

Аптэкарская справа ў ХХ стагоддзі

На пачатку XX стагоддзя ў Слуцку былі дзве аптэкі і чатыры аптэчныя крамы. Адна з іх — аптэчная крама Карміліна — размяшчалася на рагу вуліц Шасейнай і Капыльскай.

Пасля рэвалюцыі аптэкі ў краіне аб’явілі дзяржаўнай уласнасцю. Першая савецкая аптэка ў Слуцку з’явілася ў жніўні 1920 года, неўзабаве пасля вызвалення горада ад польскіх войскаў. На Замкавай горцы да канца 1930-х гадоў знаходзіўся аптэчны магазін.

На пачатку 1940 года быў узведзены новы будынак аптэкі, аднак у 1944-м, пры адступленні з горада немцаў, ён быў імі разрабаваны і ўзарваны.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны аптэчныя тавары прадаваліся са стала па вуліцы Манахава, побач з цяперашнім Домам дзіцяці. Пазней па той жа вуліцы, каля будынка пажарнай аховы, для продажу было вылучана адмысловае памяшканне.

Летам 1949 года закончыўся капітальны рамонт аднапавярховага дарэвалюцыйнага мураванага будынка, што стаяў на рагу вуліц Пралетарскай і Садовай. Тады ў яго левым крыле з асобным уваходам з боку Пралетарскай размясцілася цэнтральная гарадская аптэка.

У 1960-я ў горадзе мелася дзве аптэкі. Другім пунктам рэалізацыі лекаў стаў узведзены ў 1956 годзе па вуліцы Уласаўца драўляны будынак «фінскага тыпу» аптэкі №79.

Сучасны будынак цэнтральнай аптэкі №80 на вуліцы Леніна стаіць на месцы дарэвалюцыйнага корпуса. У тым прыземістым будынку з тоўстымі сценамі ў 1950–1970 гадах размяшчаліся кулінарыя, прадуктовая крама, а левы край з боку вуліцы Леніна займала аптэка.

Перад будаўніцтвам новага аптэчнага корпуса ён быў разабраны.

Будынак цяперашняй аптэкі №80 узведзены з цэглы і жалезабетону ў 1978 годзе.