Пісьменніца са Случчыны Алена Васілевіч пайшла з жыцця. Сын Уладзімір расказаў, якой яна была

0
Пісьменніца са случчыны Алена Васілевіч пайшла з жыцця. Якой яна была
Фота: minsknews.by

У нядзелю, 8 жніўня, на 99-м годзе жыцця памерла вядомая беларуская пісьменніца Алена Сямёнаўна Васілевіч, што нарадзілася, правяла дзяцінства і юнацтва на Случчыне. Яе сын Уладзімір Васілевіч — беларускі фалькларыст і этнограф — расказаў «Кур'еру», якой была яго матуля-пісьменніца ў паўсядзённым жыцці.

Магло не хапіць на хлеб, але куплялі кнігі

«Учора (10 жніўня — Заўв. рэд.) на памінках гаварылі, што яна была добрая, ніколі не павышала голас на сваіх падначаленых, — кажа Уладзімір Аляксандравіч. — З вялікай адказнасцю ставілася да сваёй справы.

Реклама

Яна была добрым чалавекам, у ёй спалучаліся дабрыня і прынцыповасць. Што тут скажаш… Гэта трэба, каб гаварыў чалавек «збоку», а я чалавек «знутры». Найперш яна мая маці. Відаць, Богам было прызначана, што маё дзяцінства будзе шчаслівым. Бо мець такую маці — гэта ўжо шчасце.

Як і ў любой жанчыны, у яе быў пастаянны клопат пра сям’ю, выхаванне дзяцей. І ў нас быў заўсёды дома культ кнігі. Грошай магло не хапіць на кавалак хлеба, але калі кніга траплялася цікавая… Тады ж не так, як цяпер. Кніжку тады трэба было ўпаляваць. А з грашыма заўсёды было не надта. Я памятаю, як яна казала: «Ну вось, кніга такая, ну давай купім!» Я кажу: «У нас жа ўжо з зарплаты тваёй нічога не застаецца». Нічога, выкруціліся, але кнігу купілі.

Апошнім часам яна слухала беларускі радыёканал «Культура». Гэта была аддушына для яе. Апошнія гады яна не пісала. Бо разумела, што прыйшлі іншыя аўтары, іншыя чытачы. Іншыя праблемы, іншыя хваляванні. Але ж для свайго часу яна была вельмі любімым і чытаемым аўтарам.

Ёй шмат давялося перажыць, жыццё было няпростае. Выхавала мяне і маю сястру, якая памерла чатырнаццаць з паловай год таму і перадала мне «вахту» па догляду за маці".

Пахаванне на Случчыне

Па словах сына, Алена Сямёнаўна ўпакоіцца на радзіме. Яе прах прыкладна праз два тыдні прывязуць на Случчыну. Такая была воля пісьменніцы. Васілевіч пахаваюць побач з яе маці ў маленькай вёсцы Ліпнікі.

Даведка

  • Алена Васілевіч нарадзілася 22 снежня 1922 г. у засценку Даманшчына (цяпер вёска Ліпнікі) Слуцкага раёна ў сям'і ляснога аб’ездчыка. Засталася без бацькоў на восьмым годзе жыцця. Выхоўвалася ў сваякоў.
  • Скончыла Слуцкае педвучылішча, літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута. У час Вялікай Айчыннай вайны працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам страявой часці, начальнікам бібліятэкі.
  • У 1946 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
  • Працавала загадчыкам аддзела культуры часопіса «Работніца і сялянка», у выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1947 г.
  • Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за тэтралогію «Пачакай, затрымайся…». Аўтар кніжак апавяданняў, аповесцей, эцюдаў, эсэ, нататкаў.
В рубрике «О тех, кого больше с нами нет» «Кур'ер» публикует добрые слова и воспоминания о тех, кто ушёл из жизни. Если вы понесли утрату, вы можете разместить в рубрике добрые слова о вашем умершем близком. Это бесплатно. Для этого принесите в редакцию (ул. Ленина, 128) или вышлите на вайбер (+375 44) 53 99 056 фотографию свидетельства о смерти. С вами свяжутся для беседы. Справки — по указанному телефону.