
Сёлета спаўняецца 580 гадоў з часу атрымання Слуцкам Магдэбургскага права. Тады, у 1441 годзе, для жыхароў горада гэта падзея мела вялікае значэнне, бо ім давяралася права самастойна вырашаць пытанні мясцовага эканамічнага жыцця.
Сёння Магдэбургскае права ўспрымаецца намі не больш як гістарычная вяха і ўстойлівае словазлучэнне, як дакумент, згодна з якім гарады атрымлівалі свае гербы. А між тым гэта тое, пра што і сёння мараць многія беларускія райцэнтры.

Магдэбургскае права ператварала гарады ў самастойныя тэрытарыяльна-грамадскія і эканамічныя адзінкі, здольныя самастойна вырашаць свае праблемы — без прыцягнення чыноўнікаў, якіх бы прызначаў вярхоўны ўладар (кароль, князь і інш.).
Юрыдычна гарады, якія атрымалі Магдэбургскае права, атрымлівалі і універсальную заканадаўчую схему, якая выкарыстоўвалася для вырашэння ўнутрыгарадскіх пытанняў, і магістрат, якому належыла асобнае памяшканне — ратуша. Так што атрыманне Магдэбургскага права горадам — гэта набыццё ўласнай унутранай ўлады і палітычнай волі, каб развівацца як рэгіянальны цэнтр гандлю і рамесніцтва, а пасля — і прамысловай вытворчасці. Магдэбургскае права спрыяла развіццю асабістай адказнасці і асабістай ініцыятыве гараджан без чакання «ініцыятывы зверху».
Первая спроба самакіравання
Адзначым, што з ліку гарадоў Вялікага Княства Літоўскага Слуцк стаў першым прыватнаўласніцкім горадам, які атрымаў права на гарадское самакіраванне. Праўда, такое права перад тым ужо паспелі атрымаць жыхары Вільні, Гродна і Брэста, аднак гэта былі гарады дзяржаўныя (каралеўскія).

Уладар Слуцка князь Аляксандр Уладзіміравіч Алелька ў 1441 годзе першым з літоўскіх магнатаў рашыў даць жыхарам свайго горада самастойнасць. Магчыма, такім чынам князь аддзякаваў іх за падтрымку ў неспрыяльныя для яго часы, калі краіна дрыжала ад феадальных усобіц. А магчыма, кідаючы позірк наперад, імкнуўся заслужыць надалей іх давер і спадзяваўся на захаванне вернасці, бо якраз тады Алелька, які дамагаўся княжання яшчэ і ў Кіеве і збіраўся туды, у Слуцку разлічваў аставіць намеснікам старэйшага сына Сімяона І Аляксандравіча.
Сваім правам жыхары Слуцка карысталіся 60 гадоў. На пачатку ХVІ стагоддзя яго скасаваў князь Сімяон ІІ Міхайлавіч Алелькавіч. Пазбаўленне самастойнасці было выклікана разбурэннямі горада падчас татарскіх нападаў.
Самакіраванне аб’яднала і захавала случчан
Аднавіў Магдэбургскае права ў Слуцку князь Багуслаў Радзівіл у 1652 годзе. І зноў жа з боку магната гэта была сярод іншага і акцыя па заваяванні падтрымкі і даверу жыхароў падначаленага яму горада. Час тады быў вельмі неспакойны: казацкая вайна ва Украіне, якая пагражала і нашым землям; напружаныя адносіны з Маскоўскай дзяржавай, што праз два гады выліліся ў вайну з ёй, да якой дадалася яшчэ і вайна са Швецыяй; унутраныя магнацкія ўсобіцы. Слуцк жа з’яўляўся цэнтрам уладанняў князя Багуслава, які ператварыў горад у непрыступную крэпасць.

Але, абапіраючыся на гісторычныя дакументы, можна сказаць, што слуцкі князь сваёй воляй даў жыхарам горада Магдэбургскае права не ў поўным аб’ёме. У пытанні самакіравання ён значна абмежаваў свабоды жыхароў горада. Замест выбараў у магістрат князь у 1654 годзе пажыццёва прызначыў 12 членаў гарадскога магістрата на чале з войтам, а яго функцыі сур’ёзна абмежаваў. Былі ўсталяваныя агульныя меры вагі і іншыя адзінкі вымярэння, кірмашы па панядзелках і суботах. Двойчы ў год праводзіліся чатырохтыднёвыя кірмашы. На іх слуцкім жыхарам, купцам з іншых гарадоў і мястэчак дазвалялася гандляваць свабодна, без выплаты падатку.
Нягледзячы на тое, што ў магістраце усімі справамі запраўляла багатая гарадская вярхушка, прадастаўленне Слуцку самакіравання спрыяла кансалідацыі жыхароў горада. У 1655 годзе да Слуцка двойчы падыходзіла дваццацітысячная рускае войска князя Аляксея Трубяцкога, да якога ў другі раз далучыліся пяць тысяч украінскіх казакоў. Аднак горад застаўся непрыступным. Гэтая акалічнасць яшчэ больш умацавала пазіцыі Слуцка ў эканамічным плане. У той час, калі ўсе гарады Вялікага Княства разам са сталіцай Вільняй ляжалі ў руінах, а краіна ў выніку падзей сярэдзіны XVII стагоддзя страціла амаль палову насельніцтва, Слуцк заставаўся адзіным не захопленым праціўнікам горадам, а пры яго абароне ў 1655 годзе загінуў толькі адзін чалавек.
200-гадовы вопыт самакіравання адбіўся на менталітэце

Праз пяць дзесяцігоддзяў і настойлівых просьбаў слуцкага магістрата ў верасні 1700 года іншы ўладальнік Слуцка — прынц Нойбургскі Карл-Піліп даслаў дазвол Слуцку карыстацца Магдэбургскім правам у поўным аб’ёме. Дзейнічала яно ў горадзе да студзеня 1795 года. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай па ўказу Кацярыны II у Заходніх губерніях Расіі Магдэбургскае права было скасавана. Дарэчы сказаць, у Расіі абмежаванае гарадское самакіраванне з’явілася толькі ў другой палове XIX стагоддзя.З улікам першага перыяду жыхары горада мелі двухсотгадовы вопыт самакіравання, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне. І гэта не магло не адбіцца на менталітэце слуцакоў. Сведчаннем гэтаму служыць і той факт, што да канца XVIII стагоддзя Слуцк быў цалкам еўрапейскім горадам.
На жаль, сёння Магдэбургскае права, як і паняцце Вялікае Княства Літоўскае, многімі ўспрымаецца як нешта небеларускае, чужое. А між тым гэта слаўныя часы нашай гісторыі.