«Дапамагалі амерыканскімі ботамі і тушонкай». Чаму нельга забываць пра ўклад саюзнікаў у Вялікую Айчынную вайну

0
Пра ўклад саюзнікаў забываць нельга
Інтэрнацыянальныя могілкі ў Мурманску. На могілках пахаваныя палякі, англічане, амерыканцы, якія ўнеслі свой уклад у Перамогу, але не дажылі да яе. Фота: Уладзімір Дамель

Я чалавек сталага ўзросту. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, быў падлеткам. Мой узрост і вопыт, лічу, дазваляюць мець свае меркаванні, рабіць самастойныя высновы. Адным з іх хачу падзяліцца з чытачамі.

Ніколі не думаў, што, перажыўшы страшную вайну і галодны пасляваенны час, іншым разам давядзецца пачуць сцвярджэнні, што Савецкаму Саюзу давялося адзін на адзін ваяваць з фашысцкай Германіяй. Лічу гэта не толькі падманам, але і свайго роду абразай як савецкіх людзей, так і людзей усяго свету. На некалькіх простых асабістых прыкладах пазначу, чаму гэты тэзіс не адпавядае рэчаіснасці.

Реклама

Калі партызанскі рух на беларускіх землях пашыраўся, з нашай вёскі ў партызаны пайшлі два суседы з сем’ямі. Адзін з іх быў малодшым братам майго бацькі. Начамі ён сам або яго старэйшы сын Павел заходзілі да нас. Упершыню мы ад іх і даведаліся пра амерыканскую дапамогу.

Значна пазней, у 1944 годзе, пра гэта пачулі і ад нямецкага афіцэра. Тады паміж Урэччам і вёскай Аточка цягнікі праходзілі скрозь вузка раскапаную гару. З гары можна было нават скокнуць на дах вагона. Партызаны скарысталіся такой магчымасцю. Ноччу яны закідалі цягнік гранатамі, ранілі нямецкіх салдат. Пасля гэтага выпадку немцы сталі забіраць працаздольных з вёскі на раскопку гары. Суседскі хлопец Валодзя падчас тых раскопак украў крыху салідолу, каб змазаць дома калёсы ў ровары. Яго затрымалі. Вечарам таго дня трое немцаў вялі злодзея дамоў. Памятаю, як адзін трымаў каля галавы Валодзі наган.

Я, мае старэйшыя брат і сястра выйшлі ў двор. Нямецкі афіцэр прыпыніўся каля нас, з хаты выйшаў бацька. Афіцэр добра размаўляў па-руску. «У цябе брат у партызанах. Хіба ён не прыходзіць і не расказвае, што Гітлеру ў Сталінградзе капут?», — спытаў у бацькі. Запомніў, што ў таго ад нечаканнасці аж мову адняло. Далей афіцэр расказаў, што Германія ваюе з Англіяй, а Амерыка дапамагае Савецкаму Саюзу.

Летам 1944 года ён жа прывёз ў легкавым аўто з работы маіх брата і сястру. «Рускія ў Старых Дарогах», — сказаў ён бацьку. На развітанне ў адрас Гітлера і Сталіна выказаўся так, што нават сёння страшна гаварыць…

Непасрэдна пасля вызвалення, ў 1944 годзе, нашай сям'і была выдзелена дапамога амерыканскай тушонкай і амерыканскімі ботамі, што зрабіла незабыўнае ўражанне. Аб амерыканскай дапамозе тады сталі гаварыць адкрыта. Мы бачылі амерыканскія
аўтамабілі ў Савецкай Арміі, а пасля 1945 года ў вёсцы з’явіўся нават амерыканскі
матацыкл «Харлей — Дэвідсан».

Пра дапамогу многіх народаў свету Савецкаму Саюзу ў вайне з фашызмам, лічу, добра гавораць магілы на інтэрнацыянальных могілках. Такія я сам бачыў у Мурманску. Там пахаваны палякі, англічане, амерыканцы і шмат другіх з многіх краін. Яны таксама ўнеслі свой уклад у Перамогу, аднак, на вялікі жаль, не дажылі да 9 мая 1945 года.