Валерыя Рыбак, выпускніца Слуцкай гімназіі №1, атрымала 100 балаў па беларускай мове на цэнтралізаваным тэставанні. Сярод слуцкіх школьнікаў гэта першы найвышэйшы бал ЦТ-2021.
Валерыя распавяла «Кур’еру», як яна рыхтавалася, куды плануе паступаць. Таксама выказала сваё меркаванне, што зрабіць, каб беларускай мовы стала больш у звычайным жыцці.
Як рыхтавалася да ЦТ
«Я вучылася ў беларускім профільным класе. Таму рыхтавалася да ЦТ разам з маімі аднакласнікамі і настаўніцай Аленай Юр’еўнай Бурнэль, — распавядае Валерыя. — Мы прайшлі шмат тэстаў. Алена Юр’еўна нас падбадзёрвала і казала, што ўсё ў нас атрымаецца. За мой поспех я дзякую ёй.
Чаму выбрала беларускую мову
Калі пераходзіла ў 10 клас, не задумваючыся, выбрала беларускую мову. Усё-такі я беларуска. Мне падабаецца наша мова, як яна гучыць, прыемная на слых. Мой тата — музыкант, добра іграе на гармоніку. З дзяцінства ён спяваў мне песні на беларускай мове, а цяпер гэтыя песні спяваю я.
Са школьнай праграмы падабаецца Васіль Быкаў. Ён пра вайну так піша, што за душу бярэ.
Наколькі складаныя былі заданні
Не магу сказаць, што было лёгка, — нармальна. Я была добра падрыхтаваная, ведала ўсе правілы і нават пункты з іх, дзе што напісана і на якой старонцы. Але нават я на адно заданне адказала ў апошнюю хвіліну. Трэба было злучыць слупкі «а» і «б» і скласці фразеалагізмы. Тры зрабіла, а адзін ніяк не магла.
Сабралася ўжо iсцi, але вырашыла пакласціся на сваю інтуіцыю. Аказалася, што зрабіла правільна. Так што таму, хто не рыхтаваўся, напэўна, было складана.
Ці разлічвала на 100 балаў
На ўсіх рэпетыцыйных тэставаннях я не набірала нават 90 балаў. Лічу, што гэта добра, таму што псіхалагічна разумееш, што трэба далей працаваць. Калі даведалася пра 100 балаў, адчула сапраўдны шок. Не чакала такога выніку. Нават слёзы радасці былі.
Аб далейшых планах
Збіраюся падаваць дакументы ў эканамічны ўніверсітэт, але пакуль не ведаю, на які факультэт. Буду глядзець па выніках астатніх ЦТ. Здавала яшчэ англійскую мову і гісторыю Беларусі. Разлічваю звязаць сваё жыццё з мовамі. Мне таксама цікава англійская мова, таму хачу выкарыстоўваць яе ў сваёй будучай працы.
Рэакцыя блізкіх і знаёмых
Маціна рэакцыя была: «Yes». Бацькі ўзрадаваліся, верылі ў мяне. Я ім вельмі ўдзячная. Яны заўсёды мяне падтрымліваюць. Некаторыя былі ў шоку, хтосьці нават пазайздросціў. Потым усе віншавалі мяне.
Пра беларускую мову
Мова закладзена ў сэрцы кожнага беларуса. Пакуль не зразумеем, што ў нас ёсць свая культура, што мы асобны народ, які павінен размаўляць на сваёй мове, нічога не будзе.
Зараз папулярныя сацыяльныя сеткі. Іх лепш весці на беларускай мове. Ведаю, што шмат маладых людзей зацікаўлены беларускай мовай. Яны таксама хочуць на ей размаўляць. Але праблема ў тым, што хтосьці можа пасмяяцца з цябе: «Вось ты размаўляеш на беларускай мове, калі ўсе размаўляюць на рускай». На самой справе гэтага не трэба саромецца. Трэба ў моманце пераключыцца — і ўсё будзе».