Для многіх беларусаў Якуб Колас — класік беларускай літаратуры, чый партрэт заўсёды вісеў у класе. Між тым у яго біяграфіі хапае прыгодаў, здарэнняў і незвычайных выпадкаў. «Наша Ніва» пачытала кнігу «Пад бацькоўскім дахам», якую напісаў сын пісьменніка Міхась Міцкевіч, і расказала цікавыя побытавыя гісторыі.

«Костусь, а можа, мы пажэнімся?»

Якуб Колас быў адналюбам. Больш за трыццаць гадоў пражыў у шлюбе з Марыяй Каменскай. Так, у яго былі іншыя захапленні, але выключна платанічныя.

Реклама

Як прызнаваўся пісьменнік свайму сыну, іншых жанчын ён не ведаў.

Як будучы класік пазнаёміўся з жонкай? Тое адбылося на занятках па ўдасканальванні педагагічнай працы, якія вёў Якуб Колас для іншых настаўнікаў.

«У час заняткаў угледзеў маладую сімпатычную дзяўчыну. Тая гляне на яго, зловіць яго погляд і сарамліва апусціць вочы, пачырванее, ізноў гляне, і ён не адрывае ад яе вачэй… А пасля заняткаў падышоў, пазнаёміўся, правёў да хаты. Пасля часта сустракаліся, ён яе далікатна праводзіў да дому — і ні слова».

Якуб Колас курыў з шасці гадоў, не піў гарэлкі і быў першым стралком з нагана... Цікавосткі пра класіка , Слуцк
Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч (Каменская) за год да шлюбу.
Такі фармат стасункаў меў месца каля года. Чаму?

«Відаць, у настаўніка не хапала рашучасці раскрыць свае пачуцці словамі. І маладая настаўніца, якой спадабаўся старэйшы за яе на дзевяць гадоў мужчына, узяла ініцыятыву ў свае рукі і прапанавала: „Костусь, а можа, мы пажэнімся?“ Прапанова з удзячнасцю была прынята».

Марыя і Канстанцін пабраліся шлюбам у чэрвені 1913 года.

«А мой жа ты, Кастусь! А які ты худы! Ты ж, напэўна, скора памрэш!»

Якуб Колас, сыны Даніла, Юрка і Міхась, жонка Марыя Дзмітрыеўна Міцкевіч. Мінск. 1928 год.
Усяго за два гады да шлюбу Якуб Колас выйшаў з мінскага астрога, дзе адсядзеў тры гады. Яго абвінавацілі ў тым, што пісьменнік імкнуўся ажыццявіць праграму Усерасійскага саюза настаўнікаў (тая нібыта была скіравана на падрыў грамадскага ладу Расійскай імперыі). А таксама ў тым, што Колас склаў адозву да настаўнікаў (ён яе не пісаў, але сапраўднага аўтара не выдаў).

За гады зняволення пісьменнік напісаў багата твораў ды зарабіў язву страўніка. Таму «многія стравы, а таксама спіртное выклікалі ў бацькі страшэнныя болі. Ён казаў, што за сваё жыццё выпіў з вагон соды, ратуючыся ад болю» (у тыя часы меркавалі, што сода дапамагае ў такіх выпадках).

Жонка імкнулася ўсяляк дапамагаць яму: «Бацьку яна старалася трымаць на дыеце — нічога смажанага, вострага і г. д. Гатавала такія стравы, каб не пашкодзілі».

У тыя гады пісьменнік еў вельмі мала і выглядаў вельмі худым.

«Маці ўспамінала, як яны пасля шлюбу прыехалі на радзіму бацькі, і адна з яго цётак, убачыўшы схуднелага пляменніка, залямантавала: «А мой жа ты, Кастусь! А які ты худы! Ты ж, напэўна, скора памрэш!»

Балюча і непрыемна было такое чуць, нібыта маладая жонка ў гэтым вінаватая".

«Бацька курыў з шасці гадоў: і табак, і лістоту бярозы»

Марыя Міцкевіч, жонка Якуба Коласа, пільна сачыла не толькі за здароўем мужа, але і за парадкам дома. Па словах Міхася Канстанцінавіча, яна «ўсталявала, можна сказаць, „дамастроеўскі“ рэжым. Пасля адзінаццаці брамка і дзверы зачыняліся, у час работы і асабліва ў час адпачынку бацькі ў доме павінна была быць поўная цішыня».

Каб паказаць, наколькі вытрымліваўся гэты парадак, прывядзём адзін прыклад.

Аднойчы сына Якуба Коласа схапілі ў мінскім цэнтральным скверы нібыта за крадзеж кашалька ў трамваі і адвялі ў дзіцячую камеру на плошчу Свабоды.

«Я не адважыўся патэлефанаваць дахаты, бо ў гэты час бацька адпачываў. Як я ні даказваў, што купіў білеты ў кінатэатр „Радзіма“, паказваў іх, мяне пратрымалі гадзіны са тры да прыходу начальніка. Во дзе я наслухаўся лаянкі міліцыянераў! Такога я ніколі не чуў. За дваццаць гадоў поруч з бацькам я ніколі не пачуў, каб ён вылаяўся», — згадваў сын пісьменніка.

Ці меў творца нейкія шкодныя звычкі? Хіба курэнне.

«Бацька курыў з шасці гадоў: і табак, і лістоту бярозы, і іншае. І гэта адбілася не толькі на лёгкіх, але і на крыватоку ног».

І яшчэ цікавы факт пра здольнасці Якуба Коласа. Ён паспеў крыху паваяваць на фронце падчас Першай сусветнай вайны: спачатку служыў у запасным палку ў Пермі. Летам 1917 года яго ў званні падпаручніка адправілі на Румынскі фронт, але неўзабаве па стане здароўя ён атрымаў адпачынак. А ўрэшце як настаўнік быў вызвалены ад вайсковай службы. Дык вось, як згадваў сын, Колас «быў першым стралком з нагана ў сваёй роце, ды і з мелкакаліберкі страляў метка».

Чаму Міхась Канстанцінавіч згадаў гэтую гісторыю? Пасля вайны ён займаўся спартыўнай стральбой.

«Стрэльба, прыгодная для палявання, для спартыўных спаборніцтваў не падыходзіла. Падвярнуўся выпадак набыць стрэльбу славутай фірмы „Голанд-Голанд“, бацька тут жа даў грошы, а стрэльба каштавала мала менш за кошт дзвюх кароў. Праўда, па дарэвалюцыйным цэнніку кошт такой стрэльбы адправядаў кошту цэлага статка. Ну, а на набыццё коней, кароў родзічам, знаёмым ішло шмат больш грошай, чым на стрэльбу».

«Праз вогненную алею пранесліся хутка. Уздыбіліся трамвайныя рэйкі насупраць радыёзавода»

Якуб Колас курыў з шасці гадоў, не піў гарэлкі і быў першым стралком з нагана... Цікавосткі пра класіка, Слуцк
Янка Маўр і Якуб Колас з іх агульным унукам Сяргеем.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Колас здолеў эвакуіравацца на ўсход. Але толькі з успамінаў яго сына становіцца зразумела, якіх высілкаў яму тое каштавала.

Пра абвяшчэнне вайны класік даведаўся рана: яму патэлефанавалі з адной з газеты, тады як астатнія пачулі пра вайну з выступлення па радыё Вячаслава Молатава.

На другі дзень вайны пісьменнік паехаў у ЦК КПБ, дзе сакратар Ціхан Гарбуноў запэўніў яго, што савецкія войскі ўжо вядуць баі пад Кёнігсбергам.

«Я пасаромеўся выказаць сваё сумненне — бо як можна нападаць на мацнейшага — ізноў высмеюць», — каментуе тое Міхась Канстанцінавіч.

24 чэрвеня пачаўся вялікі налёт авіяцыі. Сям’я вырашыла ратавацца. З-пад дрэў выкацілі аўтамабіль.

«У спешцы паспелі схапіць пару чамаданаў, кошык з ежаю, а я — Юркавы стрэльбы і яго фотаапарат. Вывезці нас з горада пагадзіўся сусед, з тым каб другім рэйсам забраць яго сям’ю. Гарэлі хаты на Вайсковым завулку, здаравенныя галавешкі далёка пераляталі ўзняўшымся шквалам ветру. Гарэла Чырвоная вуліца — усе дамы акрамя бензакалонкі».

Як згадвае сын пісьменніка, «праз вогненную алею пранесліся хутка. Уздыбіліся трамвайныя рэйкі насупраць радыёзавода, угары гулі самалёты. Каля Акадэміі навук было цішэй.

Дабраліся да Сцяпянскіх дач, дзе пакінулі машыну, а бацька даў сваё пасведчанне хлопцу, які нас вывозіў, каб яго не затрымалі".

Пазней стала вядома, што машына засталася на перакрыжаванні аднаго з завулкаў і вуліцы Фрунзэ ў варонцы, з узарваным бокам.

Сям’я Якуба Коласа спыніліся насупраць хаты Лаўрэнція Цанавы, злавеснага наркама ўнутраных спраў БССР.

«Бацька хадзіў туды, сустрэў кіраўніка спраў саўнаркама Фадзеева, той абяцаў дапамагчы выбрацца адтуль. Там жа бацька ўзяў лапату, мы выкапалі неглыбокія ямы, заслалі іх яловымі лапкамі і рыхтаваліся пераначаваць у лесе. Прыходзіў капітан НКУС, таксама запэўніваў, што нас не пакінуць, прыходзіла жонка Цанавы з сынам, паспачувала».

Але ўначы машыны адна за адной з’язджалі ў бок Маскоўскай шашы. І раніцай на дачах не засталося нікога акрамя вартаўніка.

Сям’я пісьменніка адправілася на паўстанак, таварняком даехалі да Калодзішчаў, адкуль накіравалася на ўсход.

«Колас за гады эвакуацыі скінуў 16 кілаграм»

Якуб Колас курыў з шасці гадоў, не піў гарэлкі і быў першым стралком з нагана... Цікавосткі пра класіка, Слуцк
Сям’я Коласаў у эвакуацыі ў Ташкенце. 1942 год.
Частку вайны Якуб Колас правёў ва эвакуацыі ў Ташкенце. Але яго кліматычныя ўмовы аказаліся неспрыяльныя для здароўя. Асабліва цяжка пераносіла клімат Марыя Міцкевіч — тройчы хварэла на запаленне лёгкіх. Ды і сам Колас за гады эвакуацыі скінуў 16 кілаграм. Як пісаў сам класік, «згубіў пуд».

«Сталі з’яўляцца агністыя кругі ўваччу — вынік высокага ціску крыві», — згадваў сын.

У выніку перад ад’ездам у Маскву, куды пісьменнік даўно імкнуўся пераехаць, ён вырашыў падлячыць жонку.

«Дамовіўся з кіраўнікамі рэспублікі наконт пуцёўкі ў Чымган. Там была «база» лідараў Узбекістана. З затрымкай і не без прыгод дабраліся туды і спыніліся на «дачы» Абдурахманава. Яна нагадвала вагон у тры купэ, у кожным з якіх можна было паставіць столік ці крэсла. «Дача» Юсупава была крыху большай. Дачы былі пад аховай вартаўніка-кіргіза, які жыў недалёка ад іх. Побач з «базай» знаходзіліся некалькі санаторыяў.

«На адным узроўні схілу гары асабняком стаяў туберкулёзны санаторый, унізе — дзіцячы, а насупраць, на другім баку даліны, — ваенны. Уладкаваліся добра, на дворыку можна было гатаваць страву, неабходны посуд быў».

Але не было радыё, без якога пісьменнік не мог вытрымаць: не хапала свежай інфармацыі.

Якубу Коласу даводзілася спускацца да дзіцячага санаторыя. Але малады хлопец-радыст рана не ўставаў, таму пісьменніку даводзілася яго будзіць, каб ён уключыў радыёкропку.

«Бацька абураўся, што нікога з персаналу не хвалявала адсутнасць апошніх паведамленняў. А яны ўжо радавалі — немцаў гналі, і мы з хваляваннем перажывалі гэтыя падзеі».