Як праходзіў тэхагляд у Слуцку 1980-х: спраўнасць рулявой сістэмы правяралася нагой інспектара

0
Архивные фотографии Слуцкой ГАИ
Бывший начальник отделения ГАИ Слуцкого ГРОВД Александр Ивлев рядом с «Москвичом» - служебным автомобилем ГАИ

На сайце «Кур'ера» прачытаў успаміны Іўлева Аляксандра Валянцінавіча, былога кіраўніка ДАІ Слуцкага раёна. Ён распавёў аб тым, якой была аўтаінспекцыя ў 1980-я гады. Думаю, некалькі маіх успамінаў дапоўняць агульную карціну.

У той час тэхнічны агляд транспарту, які ўзначальваў Іўлеў, праходзіў у гаражным кааператыве № 1 (Базарны кааператыў). Паколькі мой гараж № 146 быў першы ад уезду, то ў маім гаражы расчыняліся дзверы, ставіўся стол, крэслы і пачынаўся тэхагляд. Калі гэта мерапрыемства можна было назваць тэхаглядам.

Реклама

Спраўнасць, напрыклад, рулявой сістэмы правяралася нагой інспектара. Ён датыкаўся ступнёй да кола, а кіроўца пачынаў раз’юшана круціць руль улева і ўправа.

Спраўнасць тармазоў правяралася так. Кіроўца націскаў на педаль тормазу, а інспектар намагаўся скрануць аўто з месца. Калі гэта не атрымоўвалася, тармазная сістэма лічылася спраўнай.

Далей правяралася ўсё астатняе: святло, сігнал і іншыя габарыты. Вось такі быў тэхагляд, які і блізка не стаяў каля сучаснага.

Маё больш блізкае знаёмства з Іўлевым адбылося ў пачатку 1980 года. Неяк ноччу ў кватэры раздаўся званок. Адчыняю дзверы і бачу — стаіць Іўлеў і Шумілаў (былы кіраўнік Слуцкай ЖКГ). Начныя госці звяртаюцца да мяне з просьбай адрамантаваць і ўключыць адзіны ў той час у Слуцку светлафор — у цэнтры горада. Зрабіць трэба хутка, бо праз тры дні цераз Слуцк будзе праязджаць Машэраў і можа так здарыцца, што нікому не паздаровіцца.

Я ўзяўся дапамагчы. Работа была не з лёгкіх. Прыйшлося замяніць усе кабелі (ад кантролера да стойкі). На вялікую радасць, светлафор запрацаваў.

На мой погляд, начальнік ДАІ Іўлеў быў на сваім месцы: патрабавальны, строгі, але справядлівы.

РАНЕЕ. Бывший начальник Слуцкой ГАИ рассказал, какой была инспекция полвека назад (большое интервью «Кур'ера»)